К Дню строителя: верность профессии Николая Бондаренко
Сёлета Дзень будаўніка работнікі МПМК-158 адзначаюць не ў самым добрым настроі: па розных прычынах зменшыўся аб’ём работ, і нашы будаўнікі занепакоены гэтым. Чаму так адбылося – тэма іншай, несвяточнай размовы.
Аднак і ў такіх умовах яны працуюць, на прадпрыемстве ёсць той касцяк будаўнікоў, якія застаюцца адданымі арганізацыі, якой прысвяцілі шмат гадоў сваёй працы. Сярод іх – прараб Мікалай Мікалаевіч Бандарэнка. Ён душой хварэе за прадпрыемства, за сваіх рабочых і шчыра перажывае з-за сітуацыі, якая сёння склалася.
З Мікалаем Мікалаевічам, прафесіяналам сваёй справы, цікавым і добрасумленным чалавекам, мы і хацелі б пазнаёміць чытачоў “АП”.
Дарога Мікалая Мікалаевіча Бандарэнкі ў будаўнічую галіну не была прамой. Сам ён кажа, што гэта хутчэй выпадковасць, бо быць будаўніком не збіраўся. Таму што мроіў толькі пра мора. І пасля 8 класа адправіўся паступаць у Клайпедскую мараходную школу. На жаль, туды яго не ўзялі, бо хлопцу не споўнілася яшчэ 15 гадоў. Па той жа прычыне адмовілі і ў Гомельскім вучылішчы рачнога флоту. У школу Мікалай вяртацца не захацеў і паступіў у Хойніцкае вучылішча на зваршчыка. Аднак мары пра мора не пакідалі Мікалая. Ён едзе ў Клайпеду і паступае ў радыётэхнічную школу на радыста. А затым добраахвотна адпраўляецца служыць на Паўночны флот – нарэшце яго блакітная мара ажыццявілася! Зрэшты, ён сваёй мэтанакіраванасцю і настойлівасцю сам ператварыў яе ў жыццё. Тры гады Мікалай Мікалаевіч адслужыў на флоце, і, канешне, гэта быў яркі і незабыўны час.
Аднак па сямейных абставінах яму трэба было вярнуцца дадому – у родныя Хойнікі. І ён ніколі не шкадаваў аб сваім выбары, таму што, як бы добра ні было на моры, а на радзіме ўсё роўна лепш.
У Хойніках ён год адпрацаваў на сыраробным камбінаце, а ў 1985 годзе ўладкаваўся зваршчыкам у МПМК. Так і пачаўся ў яго жыцці новы этап, які ўжо цягнецца 27 гадоў – менавіта столькі ён працуе ў будаўнічай галіне. У 1990 годзе амаль увесь склад хойніцкай МПМК-117 на чале з начальнікам Мікалаем Іванавічам Кавалёвым пераязджае ў Астравец – у тым ліку і Мікалай Мікалаевіч з сям’ёй.
За час сваёй працы мужчына змяніў некалькі пасад. Пачынаў са зваршчыка, затым быў брыгадзірам, майстрам і вось ужо 10 гадоў працуе прарабам.
– Я шмат гадоў працую ў будаўнічай галіне і магу сказаць, што лепш за ўсё было працаваць у савецкія часы, – дзеліцца Мікалай Мікалаевіч. – Тады прафесія будаўніка была вельмі запатрабаванай, з будаўнічымі матэрыяламі праблем ніколі не ўзнікала, работы заўсёды хапала. А яшчэ – за дармаедства работнікаў прыцягвалі да адказнасці. Сёння б такая мера не перашкодзіла.
– А потым прыйшла перабудова, – працягвае аб набалелым Мікалай Мікалаевіч. – І наша арганізацыя стала “кузняй кадраў” для будоўляў у Расіі і Літве. Мяне засмучае, што сёння мы нібы зноў вярнуліся ў тыя часы: падскочыў курс долара, і многія рабочыя зноў кінуліся на заробкі ў Маскву і Калінінград. Іх таксама можна зразумець – трэба карміць сям’ю, з крэдытамі расплачвацца. Аднак мне шкада адпускаць кваліфікаваныя кадры, бо брыгада ў нас комплексная, і мае хлопцы ўмеюць рабіць усё – ад фундамента да даха. А тут даводзіцца нанова вучыць маладых. А яны навучацца і зноў з”язджаюць. Чаму я не еду на заробкі ў Расію? Клікалі! Аднак я ўжо прырос да гэтага месца і нікуды ехаць не хочацца.
Засмучае Мікалая Мікалаевіча і тое, што сёння для яго брыгады няма работы ў Астравецкім раёне – зараз яны працуюць на будаўніцтве 49-ці кватэрнага дома ў Смаргоні. Хоць, па словах Мікалая Мікалаевіча, усе камісіі, якія прыязджалі, ацэньвалі добрую якасць работ астравецкіх будаўнікоў. Нягледзячы на тое, што многія паехалі на заробкі ў Расію, засталіся адданыя і добрасумленныя работнікі з залатымі рукамі – брыгадзір Алег Кіткевіч, цясляр Станіслаў Бародка, муляры Дзмітрый Алёкса, Віталій Шэміс, Сяргей Мешкіс, Віктар Сурыновіч, Віталій Чарнушэвіч, Іван Галко, Дзмітрый Міхайлоўскі, браты Аляксандр і Дзмітрый Эксцяровічы, Іван Мікліс, Пётр Анімуцкі, Раман Махнач, Генадзь Каханоўскі. Праца многіх з іх адзначана не толькі на раённым, але і на абласным узроўні.
Сам Мікалай Мікалаевіч, нягледзячы на ўзнікшыя ў МПМК-158 праблемы, без работы жыццё сваё не ўяўляе. А яе ў мужчыны хапае. “Прараб – гэта чалавек, які будуе дамы чужымі рукамі”, – так кажа пра сябе Мікалай Бандарэнка. Перад тым, як пачаць будаўніцтва, трэба вывучыць вялізны стос дакументаў – на што часта рабочага часу не хапае і даводзіцца браць работу “на дом”. Акрамя асноўных пытанняў па аб’екту, ён займаецца афармленнем заявак на матэрыялы, разметкай дамоў, пытаннямі зарплаты работнікаў і многім іншым. А колькі пабудаваных дамоў на яго рахунку? Хіба ўжо палічыш!
На жаль, свой дом пабудаваць не ўдалося. Аднак Мікалай Мікалаевіч скардзіцца не прывык і ўмее знаходзіць радасці ў штодзённым жыцці. Побач каханая жонка Людміла, сыны ўжо зусім дарослыя: Андрэй працуе ў РЭСе, малодшы Жэня скончыў у гэтым годзе Гродзенскі ўніверсітэт – будзе інструктарам па спорце і турызме. А лепшы адпачынак для Мікалая Мікалаевіча – гэта пасядзець з вудачкай на беразе возера ці схадзіць у лес за грыбамі.
Мікалай – адказны работнік, добры сем’янін, клапатлівы бацька, ды і проста вясёлы і цікавы чалавек. Ён цэніць у людзях сумленнасць, і для яго лепш пачуць самую непрыемную праўду, чым непрыкрытую хлусню.
А мары? Ёсць адна! Мікалай Мікалаевіч хоча хутчэй стаць дзядулем.
Што ж, хай яны збываюцца. І наступны Дзень будаўніка Мікалай Бандарэнка і яго калегі сустракаюць у лепшым настроі.
Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.

