К 80-летию Адама Мальдиса

Сёння нашаму слыннаму земляку, прафесару Адаму Восіпавічу Мальдзісу спаўняецца 80 гадоў. Гэтую дату, як і папярэднія, круглыя і не вельмі, юбіляр сустракае, як і заўсёды, у працы па рэалізацыі ўласных і чужых праектаў, ажыццяўленні новых і ранейшых ідэй і задум… З нагоды юбілею ў сродках масавай інфармацыі з’явілася і яшчэ з’явіцца шмат артыкулаў, інтэрв’ю, у якіх аўтары наперабой расказваюць пра ролю Мальдзіса ў гісторыка-культурным адраджэнні Беларусі. Хоць, як бы высока яны ні ацанілі гэтую ролю, любая адзнака, на мой погляд, будзе недастатковай, бо гэтая роля – неацэнная.
Я не стану спаборнічаць у красамоўстве з іншымі аўтарамі – па той простай прычыне, што, па ўласным меркаванні, не маю на гэта маральнага права. Але мне хочацца ўзгадаць некаторыя са сваіх уласных сустрэч з прафесарам, якія сталі для мяне адкрыццём Адама Восіпавіча не столькі як нястомнага вучонага – хоць і без гэтага не абышлося, колькі як незвычайнага чалавека.


Колькі ведаю Адама Восіпавіча Мальдзіса, столькі не перастаю яму здзіўляцца. Найперш – яго незвычайнай, я б сказала – фантастычнай працавітасці. Мне здаецца, што Адам Восіпавіч працуе заўсёды, нават калі спіць. Ва ўсякім выпадку, у адпачынак у родныя Палушы ён прыязджае з адной мэтай: “падцягнуць хвасты”, папрацаваць над тым, на што ў сталіцы, як правіла, не хапае часу: у кругавароце будняў заўсёды знаходзяцца больш пільныя і неадкладныя “тэрмінова трэба”.
На жаль, нават тут, на радзіме, дзе яму працуецца найлепш, у Адама Восіпавіча не хапае часу на ўласныя літаратурна-мастацкія творы. Хоць аповесць “Восень пасярод вясны”, нарыс “Астравеччына, край дарагі”, якія для многіх жыхароў нашага раёна сталі настольнай кнігай ці жаданай бібліяграфічнай рэдкасцю – у залежнасці ад таго, ці паспелі іх у свой час прыдбаць, ды і іншыя кнігі і артыкулы сведчаць, што не толькі навукова-даследчы, але і літаратурны талент прафесар Мальдзіс мае незвычайны. І менавіта іх спалучэнне надае незвычайную эмацыянальную афарбоўку яго творам пры ўсёй іх навуковасці і акадэмічнасці (а Мальдзіс, мне здаецца, нічога не піша дзеля “чырвонага слоўца”, усё мае пад сабой пэўную канкрэтную задачу): яго кнігі і артыкулы чытаюцца на адным дыханні.
А яшчэ я не перастаю здзіўляцца і вучыцца – праўда, не ўпэўнена, што асабліва паспяхова – яго ўважлівым і паважлівым адносінам да людзей. Ён заўсёды памятае пра ўсе святы – дзяржаўныя, рэлігійныя, асабістыя, і пры сваёй фенаменальнай занятасці тым не менш знаходзіць магчымасць асабіста, сваім незвычайным вуглаватым почыркам напісаць паштоўку – як правіла, нейкую цікавую, арыгінальную, дзе, акрамя віншаванняў і пажаданняў, будуць яшчэ і цікавыя ідэі ці прапановы.
І гэткае ж шчырае здзіўленне і захапленне ў мяне выклікае яго ўменне на роўных, аднолькава паважліва размаўляць з кожным: вядомым навукоўцам, дыпламатам, журналістам, студэнткай-практыканткай, сельскім бібліятэкарам, не вельмі адукаванай вясковай кабетай… Размаўляць так, што кожнаму ў гэты момант здаецца: ён для Мальдзіса тут і зараз – самы галоўны чалавек.
Памятаю, як, прыехаўшы працаваць у Астравец, самаўпэўнена рашылася ў адзін з адпачынкаў, якія Адам Восіпавіч заўсёды праводзіць на радзіме, у сваёй хаце ў Палушах, звярнуцца да прафесара з просьбай аб інтэрв’ю для раённай газеты.
Пыталася і сумнявалася: Мальдзіс – вядомы ў краіне чалавек, своеасаблівы брэнд Беларусі, не кажучы ўжо пра Астравеччыну: у тыя часы наш край ведалі найперш па тым, што гэта – радзіма Адама Мальдзіса, менавіта аб гэтым заўсёды ўзгадвалі калегі і знаёмыя, калі даведваліся, куды я сабралася пераязджаць з роднай Хойнікшчыны. А я напачатку дзевяностых толькі пачынала працаваць у “Астравецкай праўдзе”, нічым асаблівым не вызначылася – і лезу да вядомага і занятага чалавека са сваім “Давайце пазнаёмімся”.

На маё здзіўленне, Адам Восіпавіч адразу ж прызначыў час для сустрэчы. І потым амаль дзве гадзіны падрабязна, цярпліва і грунтоўна адказваў на мае шматлікія і разнастайныя пытанні. Некаторыя з якіх, падазраю, падаліся яму занадта пуставата-журналісцкімі – але і іх ён умудраўся пераводзіць у рэчышча навуковай грунтоўнасці. Памятаю, з якімі ўражаннямі пакідала тады гасцінны палушанскі дом-музей, дзе сабрана мноства артэфактаў з жыцця Астравеччыны.
Найперш і найбольш тады мяне ўразіла глыбіня розуму гэтага чалавека, маштабнасць мыслення. І адначасова – незвычайная прастата быту і стасункаў – нават са мной, маладой, нікому невядомай журналісткай раённай газеты.

Пасля зразумела, што такія адносіны ў Адама Восіпавіча не толькі да мяне. Ён увогуле так ставіцца да людзей – да ўсіх, хто звяртаецца да яго са сваімі цікавымі ці не вельмі, слушнымі ці нават бязглуздымі пытаннямі, праблемамі, прапановамі. Пры ўсёй сваёй занятасці прафесар знаходзіць час выслухаць кожнага – нават таго, хто яўна злоўжывае гэтай яго адкрытасцю і даступнасцю, бессаромна крадучы пры гэтым самае дарагое, што ёсць у прафесара – яго час, здараецца, што толькі для таго, каб пры нагодзе пахваліцца: “А вось я быў у Мальдзіса, мы з ім дзве гадзіны размаўлялі”.
Ён мае яшчэ адзін незвычайны талент: не заўважаць дапушчанай некім нетактоўнасці ці нават хамства і перавесці любую размову, нават юбілейна-напышлівыя прамовы, у рэчышча вырашэння канкрэтных праблем і задач.
Аднойчы на нейкай чарговай вечарыне ў яго гонар у вясковым клубе расхваляваная вядучая пачала размову з высокім госцем – не кожны ж дзень да іх у вёску прафесары прыязджаюць! – з пытання: “Скажыце, як жа так здарылася, што ў сям’і звычайных сялян мог нарадзіцца такі разумны хлопчык?”
Я ад ніякаватасці ўцягнула галаву ў плечы, шчыра спачуваючы і вядучай, і госцю – як выйсці з гэтай двухсэнсоўнай сітуацыі?.. А Адам Восіпавіч, не зважаючы на смяшкі ў зале, зрабіў гэта вельмі проста: лёгка, нязмушана перавёў размову са сваёй персоны ў рэчышча сваёй любімай і галоўнай тэмы: адраджэння беларушчыны.
“Як вам пашанцавала! – часта з зайздрасцю гавораць мне калегі з іншых раёнаў і выданняў. – У вас Мальдзіс ёсць!” І я ахвотна і радасна пагаджаюся з імі: так, нам, жыхарам Астравеччыны, моцна пашанцавала, што маем такога земляка. Не таму, што ім можна ганарыцца і пры нагодзе, узгадваючы слынных сыноў Астравеччыны, назваць і гэтае вядомае не толькі ў краіне, але і ва ўсім свеце прозвішча. А найперш таму, што, не шкадуючы часу і сіл, самаахвярна працуючы дзеля адраджэння Беларусі, Адам Восіпавіч Мальдзіс, даўным-даўно, яшчэ са студэнцкіх часоў, сталічны жыхар, ні на хвіліну не забываецца, адкуль ён “ёсць пайшоў” – і гэтак жа настойліва і нястомна працуе на адраджэнне гісторыі роднага краю.






Магчыма, некаму маё сцвярджэнне падасца занадта смелым, але тым не менш я заўсёды паўтараю яго з вялікім унутраным перакананнем: Мальдзіс зрабіў Астравеччыне неацэнна шчодры падарунак – ён падарыў свайму роднаму раёну гісторыю. Не таму, што раней яе не было – гісторыя, як вядома, ёсць ва ўсіх і кожнага. Проста не кожны яе ведае…
Мальдзіс жа, як тая руплівая пчала, па крупінцы, па радочку збірае ўсюды, дзе толькі можа, любыя звесткі пра Астравеччыну, пра яе гісторыю, людзей – і затым дасылае ўсё гэта ў рэдакцыю раённай газеты. І, пакуль у раёне няма свайго музея, – у бібліятэку, якая на сённяшні дзень у значнай ступені выконвае яго ролю. А мы ўжо затым дзелімся гэтымі звесткам са сваімі чытачамі…
Часам з жахам думаю: пра якую гістарычную спадчыну раёна мы б сёння гаварылі, каб не Мальдзіс? Ці ведалі б мы ў дастатковай ступені пра нашага славутага асветніка і пакутніка, святара міласцю Божай і беларуса па поклічу сэрца Казіміра Сваяка, пра яго брата, таленавітага музыканта і палітычнага дзеяча Альбіна Стаповіча? Ці даведаліся б імя, ці пабачылі б сонечныя карціны “мастака стагоддзя”, ураджэнца Трокенік Мар’яна Богуша-Шышкі? Ці стаяў бы ў Астраўцы помнік слыннаму навукоўцу, пісьменніку, падарожніку, дыпламату Іосіфу Гашкевічу, ці прайшлі б у Астраўцы першыя і другія навукова-асветніцкія чытанні, прысвечаныя яго памяці, ці стварылі б у Малях музей яго імя? Хто б ведаў пра таленавітага мастака з Лошы Льва Дабжынскага і яго трагічны лёс? Пра яўрэйскага паэта Менке Каца з Міхалішак? Адказ на гэтыя і шматлікія іншыя пытанні такога ж кшталту, мне здаецца, відавочны… Усе гэтыя імёны і падзеі вернуты нашай гісторыі, дзякуючы нястомнай працы прафесара Адама Мальдзіса.
Ды што там – нават 540-гадовы юбілей, які Астравец так урачыста адзначыў у 2008 годзе, наш горад займеў з дапамогай Адама Мальдзіса: да таго, як ён знайшоў у архіве адпаведныя дакументы, лічылася, што першы пісьмовы ўспамін пра Астравец датуецца 1474 годам.
І наша газета таксама абавязана Адаму Восіпавічу дакладнай датай свайго нараджэння і веданнем імя першага рэдактара. Да таго, як прафесар знайшоў у Маскоўскай “ленінцы” першыя сем нумароў тады яшчэ “Бальшавіцкага арганізатара” за подпісам рэдактара Грышчанкі, лічылася, што “Астравецкая праўда”, як і многія іншыя раённыя газеты Гродзеншчыны, пачала выходзіць пасля вызвалення тэрыторыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у 1944 годзе. Цяпер, дзякуючы прафесару Мальдзісу, мы дакладна ведаем, што дзень нараджэння “Астравецкай праўды” – 29 мая 1941 года.
…Расказваць пра Адама Восіпавіча можна бясконца. Пра яго тонкі гумар. Пра яго “ўнутраны голас”, які з’яўляецца для прафесара лепшым дарадчыкам – вось бы і сабе займець такога! Пра яго незлічоныя ідэі і праекты. І ўжо тым больш – пра здзейсненыя і толькі задуманыя справы і дасягненні.
Але ўсё гэта аніяк не ўмесціцца ў газетны артыкул – хіба што ў таўшчэзную кнігу. Якая, думаю, некалі некім будзе напісана – вельмі хочацца спадзявацца, што самім прафесарам: астравецкая “леснічоўка” заўсёды чакае свайго гаспадара, а сам ён неаднойчы гаварыў аб тым, што марыць вярнуцца на радзіму – вось толькі пільныя справы ды гіпертрафіраванае пачуццё абавязку не адпускаюць.
А пакуль – з днём нараджэння, Адам Восіпавіч!

Ніна РЫБІК.