Из любви, радости и весёлых голосов детей слагается её женское счастье
Наступнай гераіняй нашага праекта, які прысвечаны жанчынам, што ўзнагароджаны ордэнам Маці, стала шматдзетная маці, якая жыве ў Астраўцы – Галіна Адольфаўна Чыжэўская. Гэтую дзяржаўную ўзнагароду Галіна Адольфаўна атрымала ў 2006 годзе за выхаванне сямі дзяцей.Сёння Галіне Адольфаўне, прыгожай жанчыне з мяккім, добрым голасам – шэсцьдзясят гадоў. І з вышыні пражытых гадоў яна ўпэўнена, што пражыла жыццё недарма.
Нягледзячы на тое, што нарадзілася жанчына на Астравеччыне, жыць ёй давялося не толькі тут – пакалясіла ў свой час па былым Савецкім Саюзе. Пасля заканчэння школы моладзь з нашага раёна звычайна падавалася ў суседнюю Літву. Лічылася, што там прасцей уладкавацца на працу і пачаць новае жыццё ў вялікім горадзе. Пашукаць шчасця ў Вільнюсе вырашыла і Галіна – уладкавалася на завод “Радыёкампанентаў” і стала працаваць. Час ляцеў хутка, не паспела дзяўчына заўважыць, як мінула тры гады. Падчас аднаго з водпускаў, якія Галіна заўсёды праводзіла на радзіме, да яе і прыйшлі сваты.
– Было неяк дзіўна і смешна, бо спачатку прыйшла яго маці, і толькі потым заявіўся Гена, – расказвае Галіна Адольфаўна.
Але чамусьці дзяўчына, не доўга думаючы, згадзілася. За месяц, пакуль маладыя людзі былі ў адпачынку, справілі вяселле. І Галіна паехала ўслед за Генам – той працаваў на азбеставым заводзе ў Казахстане.
– Нават цяпер, калі ўспамінаю тыя гады, не разумею, чаму так хутка пагадзілася выйсці замуж? Прычым, калі мы прыйшлі рэгістраваць шлюб, мяне адгаворваў нават старшыня сельсавета. Але слухаць нікога не хацела. Пазней зразумела, што ўсе яны мелі рацыю, – гаворыць жанчына.
А на той час адразу ж пасля вяселля маладая сям’я накіравалася ў Казахстан. Жыллё спачатку здымалі, а потым Галіна Адольфаўна пачала “выбіваць” кватэру. Работнікам Гена быў нядрэнным, да таго ж дырэктарам завода, дзе працаваў муж Галіны, быў зямляк з Гродзеншчыны, таму кватэру доўга чакаць не давялося. А потым той жа дырэктар Іван Зайцаў дапамог уладкавацца на работу і Галіне. Там, у Казахстане, у іх нарадзілася першая дачушка – Святлана.
Але нездарма ў народзе кажуць: “У чужой старонцы не так свеціць сонца”. На радзіму цягнула – і праз чатыры гады Галіна з сям’ёй вярнулася назад. Жылі спачатку з бацькамі, а потым пераехалі ў Астравец.
“Трэба зарабляць кватэру,” – вырашыла тады Галіна Адольфаўна – і ўладкавалася ў ПМК-88. Спачатку рабочай, а пасля заканчэння курсаў стала працаваць на растворна-бетонным вузле. Тым часам пабудавалі дом, у якім далі кватэры амаль усім працаўнікам арганізацыі.
Да гэтага часу ў сям’і якраз нарадзіўся сын – хлопчыка назвалі Валодзя. Чаго яшчэ было жадаць? Маладая прыгажуня жонка, двое дзетак – жыві і радуйся. Але Гену не жылося… Жыццё не заладзілася – і ў хуткім часе Галіна і Гена разышліся. Жанчына засталася адна з двума дзеткамі на руках.
Але кватэра была, дзеці падрасталі, у хуткім часе з’явілася новая работа – больш аплатная. Галіна Адольфаўна перайшла ў ХПУ – стала працаваць тынкоўшчыкам-маляром. Менавіта тады яна і знайшла сапраўднае жаночае шчасце.
…Віктар вярнуўся з поўначы і ўладкаваўся на прадпрыемства, дзе працавала Галіна, вадзіцелем. Ён доўга прыглядваўся да Галіны, толькі ніяк не рашаўся падысці да яе – думаў, што жанчына замужам.
Яго заляцанні Галіна прыняла без энтузіязму – лічыла, што жанчыне з двума дзецьмі не да кахання. Ён жа працягваў наступленне. А аднойчы прыйшоў да бацькі Галіны, які жыў з дачкой у кватэры, і папрасіў яе рукі. Галіна спачатку раззлавалася і добра “прабрала” Віктара. Той жа не здаваўся – і ў рэшце рэшт перамог. Прыйшло каханне, а разам з ім – упэўненнасць у будучым. У хуткім часе яны зарэгістравалі шлюб – і вось ужо амаль 25 гадоў разам.
За гэты час Галіна Адольфаўна і Віктар Часлававіч нарадзілі і выхавалі яшчэ пяцёра дзяцей – Надзю, Веру, Андрэя, Сашу і Паўла. Сёння амаль усе дзеці Галіны ўжо павырасталі. Старэйшая Святлана з мужам жыве ў Падольцах, Валодзя з жонкай – у Вільнюсе, Надзя і Вера закончылі Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж, Андрэй і Саша – будучыя аграномы, вучацца ў Навагрудскім аграрным каледжы, а малодшы Паша – дзевяцікласнік гімназіі №1.
– Дзяцей шмат не бывае. Я ўдзячна Богу, што падарыў мне маіх дзяцей. Грэх – забіць дзіця, а нарадзіць яго – гэта шчасце. Нам ніколі не было цяжка з дзецьмі, атрымлівалі і падзякі, і граматы. Канешне, не раз даводзілася чуць выказванні людзей, што шматдзетным сем’ям цяжка. Так, можна сказаць, што цяжка, але раз стварылі сям’ю, нарадзілі дзяцей – значыць, павінны быць за іх у адказе, – лічыць Галіна Адольфаўна. – На маім шляху заўсёды трапляліся добрыя людзі, якія разумелі і, калі трэба было – дапамагалі.
Сёння вялікая сям’я Чыжэўскіх жыве ў вялікім прыгожым доме ў Астраўцы – 2006 год стаў знамянальным для сям’і. Тады Галіна Адольфаўна была не толькі ўзнагароджана ордэнам Маці – у гэтым жа годзе дзякуючы падтрымцы райвыканкама сям’і выдзелілі дом.
– Здаецца, мы тады былі толькі трэцяй сям’ёй, якая ў рамках праграмы клопату аб шматдзетных сем’ях атрымала ўласнае жыллё. За яго, канешне, давялося даплаціць, трэба было сабраць шмат даведак, але ўсе, да каго мы тады звярталіся, адносіліся вельмі добра. І ўвогуле, я вельмі ўдзячна і Прэзідэнту нашай рэспублікі А.Р. Лукашэнку за ўвагу да шматдзетных сем’яў, і старшыні райвыканкама А.Д. Кавальку за добрыя адносіны да нас, і ўсім добрым людзям, якія разумеюць, што вялікая сям’я – гэта шчасце.
За пражытыя гады Галіне Адольфаўне давялося паспытаць многае – працавала на самых розных работах: была і будаўніком, і поварам, і даяркай, не цуралася ніякай працы. На яе жыццёвым шляху сустракаліся шчасце і гора, расчараванне і вера – але ніколі яна не падала духам і не апускала рукі.
Галіна Адольфаўна – чалавек вялікай душы. Яна з адкрытым сэрцам прыняла мачаху, якую бацька прывёў у дом пасля смерці маці. А калі памёр і любімы тата, Галіна Адольфаўна стала даглядаць за мачахай і стала для яе родным чалавекам.
Сёння ў бацькоўскім доме вялікая сям’я Чыжэўскіх збіраецца толькі на святы. Затое тады дом напаўняецца шчасцем і радасцю, вясёлымі галасамі, дабрынёй і любоўю, што з’яўляецца, на думку маёй гераіні, галоўнымі складальнікамі жаночага шчасця.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага архіва сям'і Чыжэўскіх.