Из далёкой Сибири забросила судьба Нину Ивановну Щёлок в Ольховку, которая стала для неё родной
– А што пра мяне гаварыць? – перапытвае, паціскаючы плячыма, жыхарка пасёлка Альхоўка Ніна Іванаўна Шчолак, якая не так даўно адзначыла свой 90-гадовы юбілей. – Жыву... У мяне ўсё добра, нічога мне не трэба. Нібы не было ў яе нялёгкім жыцці холаду і голаду. Нібы не праехала яна тысячы кіламетраў, каб назаўсёды асесці на невядомай Астравеччыне. Нібы не падняла на ногі шасцёра дзяцей, не адпрацавала “ад званка да званка” на кардоннай фабрыцы “Альхоўка”…
Калі сустракаеш людзей, якія, хоць і прыходзілася ім ісці па жыцці, збіваючы калені і паціраючы незлічоныя гузакі, што налева і направа “раздаваў” лёс, глядзяць у будучыню з надзеяй, а для сябе не просяць у Бога нічога, акрамя здароўя, адчуваеш, што і сам становішся іншым – лепшым, дабрэйшым і святлейшым душой.
Далёкая Сібір
Па бясконца доўгай, бы рака чалавечых пакут, вуліцы прабегла дзяўчынка – хутка і ціха. Не магло чатырохгадовае дзіцятка ў цёмную і страшную ноч застацца дома, бо ад яе цярплівага шматгадзіннага стаяння ў доўгіх чэргах за кавалачкам хлеба, які потым дрыготкімі рукамі, абяссіленымі ад цяжкай працы, бацька раздзеліць на чацвярых дзяцей, залежала жыццё родных. А крошкі, беражліва сабраныя ў вялікай мужчынскай далоні, ён мякка, але настойліва перадасць знясіленай ад невылечнай хваробы жонцы. Але нішто не дапамагло: маці памерла ад туберкулёзу, калі дзяўчынцы споўнілася пяць гадоў…
Карані роду Ніны Іванаўны, сапраўднай сібірачкі, характар якой загартоўвала суровая прырода гэтай часткі Расіі, мабыць, і сёння можна знайсці ў чарназёмных землях Кемераўскай вобласці. Адтуль, з горада Анджэра-Суджанска, фотаздымак якога бледна-каляровай плямай памяці аб родных мясцінах уклеены ў сямейны альбом, і пачынаецца падарожжа маленькай Ніны ў вялікі свет.
Бацька пасля смерці жонкі ўзяў да сябе яшчэ і пляменніцу, якая таксама засталася сіратой, хоць на яго плячах ужо ляжаў непасільны на той час груз – выгадаваць і паставіць на ногі сваіх дзвюх дачушак і двух сыноў.
Пра тое, якім было дзяцінства, успамінаць Ніне Іванаўне невыносна балюча – глухім болем аддаюцца ў яе сэрцы гады страшнай галечы і голаду.
– Абнасіліся хутка, – расказвае жанчына. – Галодныя ўвесь час хадзілі…
З харчамі ў горадзе было туга, хоць вайна, пра якую шапталіся дарослыя, была яшчэ далёка. Бацька са скуры лез, каб дзеці хоць раз у дзень маглі ўзяць у рукі скарыначку хлеба. Толькі што ты зробіш, калі вакол такая ж галеча і пустэча?
Але дарогі, якімі вядзе чалавека лёс, прадбачыць немагчыма. Так, ліст ад дзядзькі Пятра – роднага брата маці, які быў начальнікам залатых прыіскаў, – уратаваў сям'ю. Дзядзька не прапанаваў – а патрабаваў ад Івана: пакуль не позна, вывозіць дзяцей з галадаючага горада і абяцаў дапамагчы.
Але новае – нечакана вольнае і самастойнае – жыццё пачалося для Ніны, калі яна збегла з хаты. Аднойчы бацька яе пакараў – заступіўся за сына, якога дзяўчынка за нешта стукнула. Бацькаў удар драўлянай лыжкай па галаве быў такой сілы, што ў вачах малой пацямнела.
– І я ўцякла, – проста і спакойна гаворыць Ніна Іванаўна. – Не ведаю, што было б са мной, калі б не адна жанчына. Ужо не памятаю, як яе звалі, ведаю толькі, што была яна не руская… Яна прытуліла мяне, сагрэла, адзела і хоць сама мела дзвюх дачок, ніводнага разу не сказала, што ёй было цяжка…
Сярод чужых людзей перажыла дзяўчына ваенныя гады, якія чорным крылом віселі над галовамі людзей, сеялі жах і смерць.
Але ў 1945 годзе вайна для Ніны не скончылася: яна ўладкавалася на працу поварам у лагер для былых ваеннапалонных.
– Божа, колькі ў тых лагерах палягло людзей! – успамінае Ніна Іванаўна. – Тысячы! Гэта былі савецкія салдаты – нашы людзі, якія вярнуліся з фашысцкага палону і якіх назвалі здраднікамі Радзімы... Памятаю: халодная, суровая сібірская зіма, а яны – голыя… Жылі ў палатках, прыходзілі ў сталовую паесці… Толькі што мы там варылі?.. Бульба і вада. Ні лазні, ні крамы – нічога не было. Кожную ноч пяць-шэсць чалавек ад голаду памірала… Былі, канешне, і тыя, каго нашмат раней сюды саслалі. Але гэта іншыя людзі – многія з іх там камандавалі.
…Сярод тых, хто зажыва паміраў у палатках, быў і беларус Коля Шчолак. Яго невялікую вёсачку на Лепельшчыне спалілі немцы, а яго ў ліку іншых пагналі на работу ў Германію…
– Шкадавала я яго, – уздыхае Ніна Іванаўна. – Худзенькі такі... Падкармлівала ўпотай – хоць кавалачак хлеба ў кішэню пакладу…
Не маглі ссыльныя трываць нечалавечыя ўмовы. Некалькі разоў спрабавалі ў Маскву прарвацца ў надзеі спыніць жорсткія забойствы і здзекі, якія, што было самым жудасным, адбываліся ў мірны час. Але пасыльных лавілі – то пад Кемеравам, то пад Ленінградам. Аднаму ўсё ж удалося кінуць ліст, у якім знясіленыя голадам і морам людзі прасілі палепшыць умовы іх утрымання і які быў падпісаны ўсімі зняволенымі палатачнага “горада”, у паштовую скрыню. Дзіўна, але гэты крык аб дапамозе дайшоў да Калініна.
– І панаехалі да нас, – расказвае жанчына. – Што пачалося! Парадак навялі, лазню пабудавалі і сталоўку новую. І нават інтэрнаты!
…Ніна і Коля сталі жыць разам: знялі кватэру ў невялікім, але ўтульным доміку.
Праз год, калі ссыльным дазволілі выязджаць, маладая сям'я вырашыла паехаць на Радзіму мужа – у Беларусь. Праўда, пакуль толькі ў водпуск.
Блізкая Альхоўка
Беларусь… Ціхая, прыгожая і – незнаёмая. З трапяткім сэрцам і радасцю ад сустрэчы з родзічамі мужа пераступіла Ніна парог бацькоўскага дома Мікалая.
Але надзеі на тое, што яна стане для іх калі не дачкой, то хоць бы добрай нявесткай, не спраўдзіліся.
– Не радыя яны мне былі, – дзеліцца жанчына. – І дзіцяці майму ненароджанаму – таксама. Яны для Колі нявесту з мясцовых прыглядзелі – а тут я…
– Свякроўка мая капрызная была, – працягвае жанчына. – Сама не хацела ў калгасе працаваць і нам не дазваляла. Толькі калі яна магла гэтага не рабіць – свёкар лесніком быў, месца добрае, і грошы плацілі, – то як быць нам?
Пасля нараджэння першынца Валодзі Ніна ў чарговы раз памкнулася ісці працаваць у калгас, але свякроўка заявіла: “Пойдзеш – выганю”. Колю ж, які, – як усе ў вёсцы ведалі, – быў у палоне ў немцаў, ніхто на работу не браў, нават родзічы, многія з якіх былі пры грашах і, як кажуць, “пры начальніках”.
Цяжка ў такіх умовах будаваць планы на далейшае жыццё. Але Шчолакі трымаліся і верылі, што выйсце можна знайсці заўсёды – не тое яны перажылі.
І “святло ў канцы тунэля” ўзнікла дзякуючы Колінаму стрыечнаму брату, які прыехаў у водпуск да бацькоў. Быў ён з Альхоўкі – туды запрасіў і Шчолакаў.
– Вось тут мы пачалі жыць! – з замілаваннем успамінае Ніна Іванаўна. – Якая тады была Альхоўка!
Неапісальнай прыгажосці прырода, а ў самым сэрцы сасновага бору – чысты і светлы пасёлак з акуратнымі дворыкамі, дружнымі і ветлівымі жыхарамі. Радасці Ніны не было мяжы: нарэшце здзейснілася тое, пра што яны з мужам даўно марылі, на што мелі права і што заслужылі гадамі цяжкага, галоднага, але сумленнага жыцця.
– Тут заўсёды жылі і цяпер жывуць цудоўныя людзі, – працягвае жанчына. – Мы не толькі працавалі разам – мы разам жылі. Дырэктар фабрыкі з маім сынам нават на рыбалку хадзіў.
Працаваць з першых жа дзён пераезду – адбылося гэта ў 1953 годзе – Ніна і Коля ўладкаваліся на кардонную фабрыку. Там яна спачатку лічыла аўтатранспарт, потым была сарціроўшчыцай макулатуры, сушыльшчыцай, лабарантам…
– Я скончыла толькі пяць класаў. Як яны мяне ўзялі – не ведаю? – разводзіць рукамі Ніна Іванаўна.
І кватэру Шчолакам выдзелілі – трохпакаёвую. Амаль адразу, як грыбы пасля цёплага летняга дажджу, у сям'і нарадзілася яшчэ пяцёра дзяцей. Ніна Іванаўна з гонарам дэманструе свае ўзнагароды, сярод якіх і пасведчанне аб узнагароджанні ордэнам Маці.
У Альхоўскай школе тады было толькі чатыры класы. Ніна Іванаўна змірыцца з гэтым не магла – дзецям вучыцца трэба. Дык чаму ж не ў мясцовай школе? Паехала ў Гродна прасіць – зрабілі сямігодку. І без дзіцячага садка не абысціся: малых у вёсцы шмат. Выходзяць бацькі раніцай на работу, а дзіця ў хаце адно пакідаюць. Зноў прыйшлося жанчыне ехаць у вобласць…
Жыццё ў вёсцы прасцейшае тым, што можна, калі не лянуешся, падтрымліваць сям'ю з асабістага падвор'я. А працы Ніна не баялася.
– Толькі ж не ўмела я ні свіней гадаваць, ні курэй карміць. Давялося ўсяму вучыцца, – прызнаецца яна.
З удзячнасцю ўспамінае Ніна Іванаўна людзей, якія працавалі разам з ёй на фабрыцы, у тым ліку і кіраўнікоў. Не раз дапамагалі яны вялікай сям'і Шчолакаў – асабліва калі прыйшлося лячыць ад цяжкай хваробы дачку Таццяну.
Жанчына праглядвае чорна-белыя фотаздымкі, сярод якіх шмат “фабрычных”, – і вочы яе іскрацца добрым святлом успамінаў аб той пары, якая вылечыла яе збалелае сэрца, загаіла раны дзяцінства і юнацтва, якую яна з упэўненасцю называе шчаслівым.– Жыццё я добрае пражыла, хоць і складанае. І цяпер нічога мне не трэба – са мной дзеці і ўнукі, якія дапамагаюць, праўнукі – маё прадаўжэнне, – паціскае плячыма жанчына. – А пенсіяй я нават падзяліцца магу. Толькі… Душа баліць за тое, што фабрыка наша ўжо не тая…
Сібірачка з далёкага Анджэра-Суджанска, Ніна Іванаўна Шчолак знайшла сваю радзіму ў зялёнай
вёсачцы сярод лясоў Астравеччыны, якая стала яе жыццём – нялёгкім, але шчаслівым. Тут прайшлі яе лепшыя гады, тут яна пахавала мужа і тут сярод сваіх родных, якія падарылі
матулі, бабулі і прабабулі сапраўднае свята, адзначыла свой 90-гадовы юбілей. Яе любяць родныя, паважаюць знаёмыя і памятаюць тыя, з кім зводзіў лёс. Моцныя карані яе роду глыбока ўраслі ў зямлю маленькай Астравеччыны.
Вольга ХАЦЯНОВІЧ.



