Из чего слагается счастье семьи Лето
Якія асацыяцыі ўзнікаюць у вас пры слове “лета”? Цёплае, яркае, сонечнае… І гэты рад можна працягваць бясконца. У кожнага ён будзе свой. У адных лета – гэта адпачынак з блізкімі, для іншых –паходы і экскурсіі па родным краі, а для кагосьці – нарыхтоўка запасаў на зіму.Усе гэтыя характарыстыкі ўвасобіліся ў адной сям’і з Міхалішак, з якой нядаўна давялося пазнаёміцца, з такім цёплым і ласкавым прозвішчам – Лета.
Святлана – з мясцовых, нарадзілася яна на Астравеччыне. І яшчэ ў дзяцінстве зразумела, што хоча звязаць сваё жыццё з музыкай.
– Бацькі расказвалі, што калі я была яшчэ зусім маленькай, а хтосьці пачынаў спяваць і рабіў гэта фальшыва, то я пачынала плакаць. А калі спявалі добра, прыгожа, то я заціхала – любіла слухаць прыгожыя галасы, – усміхаецца Святлана.
У Святланінай бабулі быў магутны голас – і дзяўчынка часта не толькі слухала народныя песні ў бабуліным выкананні, але і сама падпявала ёй.
Таму і не дзіўна, што, калі Святлана пайшла ў школу, самым любімым яе захапленнем стаў удзел у шматлікіх школьных мерапрыемствах і святах.
Школьныя гады праляцелі хутка. Не паспела Святлана азірнуцца, як давялося рабіць выбар. Пытанняў, кім быць і куды паступаць, перад дзяўчынай не стаяла. Яна даўно ўжо вырашыла, што будзе паступаць у Гродзенскі педагагічны каледж на музычнае аддзяленне.
Мара дзяўчыны ажыццявілася без асаблівых цяжкасцей. Вучоба, канцэрты, мерапрыемствы… – усё гэта падабалася дзяўчыне і рабіла Святлану самай шчаслівай.
А Мікалай нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, пазней іх сям’я пераехала ў Закарпацце. Звычайны хлопчык жыў звычайным жыццём, падрастаў і таксама задумваўся аб выбары далейшай дарогі. І трэба ж было так здарыцца, што юнаку давялося пераехаць у Беларусь, тым больш на Астравеччыну – тут жыла яго бабуля.
Астравецкія краявіды спадабаліся – і Мікалай вырашыў крыху пажыць у бабулі. Але сядзець у хаце не хацелася. “Раз так атрымалася, трэба шукаць работу,” – падумаў юнак. Доўга шукаць працы не прыйшлося – Мікалай стаў працаваць у калгасе.
…У той дзень бацькі Святланы капалі бульбу. Зразумела, што на полі была і Святлана. Хутка ўся работа была зроблена, засталося толькі звезці бульбу ў хатні склеп. Дапамагчы ім у гэтым выклікаўся якраз Коля. Тады ён і прыкмеціў вясёлую, жыццярадасную дзяўчыну.
– Не звярнуць на яе ўвагу было немагчыма. З агеньчыкамі ў вачах, такая светлая і сапраўдная. Пазней я не раз прыдумваў прычыну, каб сустрэцца з ёй яшчэ раз, загаварыць… То вады папрашу папіць, то яшчэ што-небудзь прыдумаю, – смяецца зараз Мікалай.
А тады яму было не да смеху. Каханне ўжо пачало зараджацца ў сэрцы хлопца. Толькі як адкрыцца? Як прызнацца? Хацелася заваяваць сэрца Святланы, якое на той час было цалкам прысвечана маленькай дачушцы Валерыі – менавіта ёй аддавала ўсё цяпло сваёй душы маладая маці.
І ўсё ж Мікалаю ўдалося заваяваць сэрца не толькі Святланы, але і маленькай Валерыі. Праз нейкі час Святлана дала згоду – і маладыя людзі пажаніліся.
Сёння ў сям’і Лета падрастаюць трое дзетак. Старэйшая Валерыя вучыцца ў чацвёртым класе Міхалішкаўскай школы. Яна, як і мама, любіць удзельнічаць у канцэртах. А яшчэ захапляецца маляваннем і фізкультурай.
Ды і ўся сям’я вядзе здаровы лад жыцця: разам гуляюць у футбол, катаюцца на веласіпедах, адпачываюць на рэчцы.
Сярэдні Ілья – першакласнік.
– Ілья – гэта тысяча абаротаў у хвіліну. Ён не можа спакойна пасядзець на адным месцы. Увесь час некуды бяжыць, спяшаецца, – характарызуе сына мама.
– Паглядзіце, якая ў мяне ёсць майка, – падбягае да нас Ілья і дэманструе майку з надпісам “Радуйтесь, что я не ваш ребенок!”. А потым працягвае: – А я ўжо ўмею дровы секчы. Давайце пакажу.
І з утульнага пакоя мы перамяшчаемся на вуліцу. У двары ляжыць вялікая куча дроў. Частка ўжо перасечана.
– Тата сячэ вялікія калодкі, а мне пакідае маленькія. У мяне нават ёсць спецыяльная маленькая сякерка, – тлумачыць нам Ілья, дэманструючы інструмент і працягвае: – Гэтыя дровы наша Сафія на свяце вёскі ў латарэю выйграла.
Сафія – самая маленькая. “Маленькая прынцэса” – менавіта так называюць яе ўсе члены сям’і. Дзяўчынцы толькі споўнілася тры гады, але яе актыўнасці і гаварлівасці могуць пазайздросціць многія дарослыя.
Менавіта тады, калі Святлана пайшла ў дэкрэтны адпачынак, у яе пачалі з’яўляцца захапленні. Спачатку імі сталі кветкі.
– Як успомню, як я, будучы цяжарнай, цягала з Гродна кветкі, становіцца не па сабе, – успамінае Святлана. – Як ні паеду ў вялікі горад – абавязкова накупляю. І не тое што адну-дзве кветачкі – дзясяткамі. Тады і назбірала калекцыі лілей, ружаў, вяргінь, хрызантэм. З часам зразумела, што вельмі шмат кветак быць не павінна – у выніку засталіся самыя любімыя.
Але і тое, што засталося, характарызуе яе, як дбайную гаспадыню. Клумбачка з лілеямі, побач – вяргіні, наводдаль – ружы. Тут жа “прагульваецца” самаробны, выразаны з дошкі, буслік. Нават фасоля ў Святланы пасаджана з падпорай. Высачэзныя, каля трох метраў, калоны з фасолі ўзвышаюцца побач з домам.
Выдзелена на ўчастку і месца для дзяцей. Спецыяльна для іх тата змайстраў дзіцячую пляцоўку.
– Гэта наш домік для гульняў, – спрабуе мне растлумачыць маленькая Сафія.
Ёй на дапамогу прыходзіць старэйшы брат:
– Мы тут гуляем. Можна з горкі з’ехаць. Паказаць? – і ўсе трое навыперадкі кідаюцца да лесвіцы на своеасаблівы другі паверх, па чарзе з’язджаюць, уступаючы першынства Сафіі.
Ілья дзелавіта працягвае тлумачыць далей:
– А на першым паверсе ў нас кухня і пакоі. Тут дзяўчаты бавяць час. А мне няма калі – трэба паспець і на веласіпедзе пакатацца, і тату дапамагчы.
Калі кветкі адышлі на другі план, Святланы зноў задумалася, як сябе прымяніць. І занялася кулінарыяй. Выпякаць і гатаваць смачныя стравы ёй падабалася заўсёды. Толькі цяпер большую ўвагу яна звяртае на іх упрыгожванне.
– Спачатку проста любавалася фотаздымкамі, якія знаходзіла ў інтэрнэце, потым вырашыла паспрабаваць зрабіць што-небудзь сама. Адзін раз, другі – спадабалася, – расказвае Святлана. – Іншы раз даводзіцца чуць: “Табе што няма, чым заняцца?” Аднак, калі бачаць, што страва не толькі смачна прыгатавана і пастаўлена на стол, але і радуе вока прыгожым аздабленнем, заўсёды радуюцца і дзякуюць.
Зрэшты, Святлана спрабавала сябе шмат у якіх відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці: рабіла вырабы з саленага цеста, займалася дэкупажом, фарбавала соль і слаямі засыпала яе ў бутэлькі.
Сёння дзень Святланы распісаны літаральна па хвілінах. Але жанчына ўпэўнена, што калі захацець – час можна знайсці на ўсё: на сон і прыгатаванне страў, падрыхтоўку ўрокаў з дзецьмі і ўборку дома. І нават на аэробіку і валейбол. І сваім прыкладам жанчына пацвярджае выказаную тэорыю.
Мікалай сёння працуе ў лясгасе. Ён – машыніст лесанарыхтоўчай машыны, таму працаваць даводзіцца ў розных частках раёна – там, дзе патрэбна спецыяльная тэхніка.
Але і ён заўсёды стараецца знайсці час на сям’ю: разам з дзецьмі пачытаць ілюстраваную энцыклапедыю, пагуляць у футбол, выехаць усёй сям’ёй на рыбалку. Гэта і ёсць сапраўднае сямейнае шчасце, упэўнены Мікалай.
Паўдзельнічаць у абласным этапе рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Валадары вёскі” Святлана і Мікалай згадзіліся адразу ж. Асабліва ўзрадаваліся такому збегу абставін іх дзеці – Валерыя, Ілья і Сафія.
Шчыра кажучы, выходзіць на сцэну ім давялося не ў першы раз. Зусім нядаўна дружная сям’я Лета “засвяцілася” на раённым фестывалі, прысвечаным Дню сям’і. Таму прапанову паехаць у Каробчыцы яны прынялі з радасцю. І вярнуліся ў Астравец з добрым настроем і ўзнагародамі: дыпломам ІІІ ступені ў творчым конкурсе “Візітка” і дыпломам ІІ ступені ў сельскагаспадарчай эстафеце – і падарункамі.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
