Ирина Рогова удостоена звания "Гаспадыня-беларусачка"

“Рухавік прагрэсу” – так назвалі прэзідэнта Спецыялізаванага фонду садзейнічання развіццю расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы” Ірыну Рогаву будаўнікі Беларускай АЭС.

Хаця Ірына Ігараўна Рогава, ураджэнка вёскі Бібікі, што ў Мазырскім раёне на Гомельшчыне, вось ужо 32 гады жыве ў Пецярбургу, я амаль кожны год бачуся з ёй і доўга размаўляю ў час антрактаў паміж пасяджэннямі Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Беларусі. Аб чым ідзе наша гамонка? Пра ўшанаванне на Піскароўскіх могілках у Пецярбургу памяці аб 14 тысячах беларускіх “фэзэвушнікаў”, што загінулі ў Ленінградзе ў час блакады, пра папулярнасць у расійскай паўночнай сталіцы беларускіх тавараў, пра навуковую і мастацкую творчасць нашых агульных знаёмых, а ў апошні час усё больш – пра мой родны Астравецкі раён, дзе яна бывае разам з “місіямі добрай волі” па некалькі разоў на год.
Але спачатку некалькі слоў пра гераіню гэтага артыкула. Тут мне дапамог энцыклапедычны даведнік “Сузор’е беларускага памежжа”, які быў уручаны з падарункамі ўдзельнікам Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету, які днямі адбыўся ў Мінску. Артыкул пра Ірыну Ігараўну Рогаву падрыхтавала для гэтага аўтарытэтнага выдання супрацоўніца таварыства “Радзіма” Галіна Навіцкая.
Названая крыніца нагадала мне яшчэ раз, што наша зямлячка нарадзілася ў шматдзетнай сялянскай сям’і на Палессі. Вялікі ўплыў на свядомасць дзяўчынкі аказалі дзед-ветэран вайны і бабуля-пяюння ды казачніца. Таму Ірынка ўдзельнічала ў школьнай мастацкай самадзейнасці, спектаклях Мазырскага народнага тэатра. Марыла стаць артысткай. Імкнулася закончыць вучобу ў Ленінградскім тэхналагічным інстытуце халадзільнай прамысловасці. Але трэба было найперш дбаць пра сям’ю, таму яна пайшла працаваць на завод у Пецярбургу, дзе прайшла шлях ад рабочага да дырэктара прадпрыемства. Потым яе запрасілі на работу ў Заканадаўчы сход Санкт-Пецярбурга. А адтуль шлях прывёў яе да кіраўніцтва “Белымі Росамі”.
Першы раз у Астравец Ірына Рогава прыехала ў 2012 годзе з кіраўніком Сасноваборскага муніцыпальнага ўтварэння Ленінградскай вобласці Дзмітрыем Пуляеўскім, дзе яны падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве са старшынёй Астравецкага райвыканкама Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам.
? Калі я даведалася, ? сказала госця рэдактару “Астравецкай праўды” і пісьменніцы, якая таксама родам з Палесся, Ніне Рыбік, ? што ў Беларусі будуецца атамная электрастанцыя, то адразу зразумела: гэта яшчэ адна кропка судакранання, магчымасць развіцця нашых узаемных кантактаў. У Ленінградскай жа вобласці таксама дзейнічае АЭС, распачата будаўніцтва другой. Каму, як не Сасноваму Бору ? гораду энергетыкаў Ленінградскай АЭС – пасябраваць з беларускім Астраўцом, які хутка набудзе такі ж статус?
Так Астравец стаў горадам-пабрацімам Сасновага Бора. У адзін з наступных разоў Ірына Ігараўна прыехала сюды разам з пецярбургскімі і мінскімі настаўнікамі і вучнямі. Госці пазнаёміліся з мясцовымі святынямі, завіталі ў музеі, пабывалі на пляцоўцы будаўніцтва АЭС, выступілі з канцэртнай праграмай і дамовіліся аб наступных сустрэчах. Так паядналіся “Залатое кальцо школ Ленінградскай вобласці” і “Залатое кальцо школ Беларусі”.
А 4 верасня бягучага года са Спецыялізаванага фонду “Белыя Росы” ў рэдакцыю газеты “Голас Радзімы” прыйшло электроннае паведамленне: агульны сход фонду адзінагалосна прысвоіў Ірыне Ігараўне Рогавай ганаровае званне “Гаспадыня-беларусачка”.


---------------------------
Адам МАЛЬДЗІС.