Интервью с комиссаром Островецкого района

5

У жніўні раённым ваенным камісарам прызначаны падпалкоўнік Раман Аляксандравіч Курлоў.


Наш карэспандэнт сустрэўся з ім і задаў новаму ваенкому некалькі пытанняў.



Кароткая даведка


Раман Аляксандравіч Курлоў
Нарадзіўся 16 ліпеня 1979 года ў Смаргоні.
Пасля заканчэння школы ў 1995 годзе паступіў у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь на факультэт інжынерных і аўтамабільных войск.
У 2000 годзе атрымаў размеркаванне на штурмавую авіяцыйную базу ў г. Ліда.
З 2005 года працаваў начальнікам аддзялення тэрытарыяльнай абароны ў Смаргонскім ваенкамаце. З 2008 па 2012 – намеснікам камісара – начальнікам мабілізацыйнай групы.
У жніўні 2012 года прызначаны камісарам Астравецкага раённага ваеннага камісарыята.
Жанаты. Ёсць сын (9 гадоў) і дачка (2,5 года).


– Раман Аляксандравіч, вы ўжо амаль тры месяцы з’яўляецеся камісарам у Астравецкім раённым ваенкамаце. Якія ўражанні склаліся ў вас  ад Астравеччыны і яе жыхароў?


– Людзі ўсюды практычна аднолькавыя: ёсць лепшыя, ёсць горшыя, ёсць самастойныя, а ёсць і такія, што працуюць “з-пад палкі”.


У параўнанні са Смаргонню, дзе я працаваў дагэтуль, можна адзначыць, што Астравецкі раён меншы па памерах і за кошт гэтага аб’ёмы працы таксама крыху меншыя. Аднак задачы, якія стаяць перад намі, аднолькавыя.


– Якое меркаванне ў вас склалася аб новым калектыве?


– Пакуль у мяне ад людзей, што працуюць у ваенкамаце, самыя станоўчыя ўражанні: свае абавязкі выконваюць добра і нараканняў не выклікаюць.


– Вашы адносіны да жанчын, што працуюць у ваенкамаце і ўвогуле – да жанчын на ваеннай службе? Ці павінны яны займацца гэтай справай?


– Я адношуся да тых людзей, якія не лічаць, што жаночае месца – на кухні. Калі жанчыне падабаецца яе справа і яна з ёй спраўляецца, то чаму б і не? Законам не забаронена прадстаўніцам прыгожага полу працаваць у ваеннай сферы. Калі жанчына жадае служыць Радзіме такім чынам – калі ласка! Вядома, існуюць пэўныя заняткі, дзе патрабуецца сталёвая хватка і моцная вытрымка, а інспектарамі – няхай сабе і працуюць.


– Які “фронт работ” вызначылі для сябе на новай пасадзе?


– У планах пакуль адным з асноўных пунктаў вылучаю рамонт ваенкамата. У гэтым годзе мы, дзякуючы дапамозе старшыні раённага выканаўчага камітэта Адама Дзмітрыевіча Кавалькі, правялі планавы рамонт: зрабілі новы дах, паднавілі калідоры, амаль закончылі рамонт прызыўнога пункта. Спадзяюся, што з дапамогай райвыканкама і абласнога ваеннага камісарыята  ў наступным годзе цалкам абновім наш ваенкамат, яго вонкавы выгляд і кабінеты.


– Заканчваецца асенне-зімовы прызыў.  Якія былі ў яго асаблівасці? Ці адрозніваюцца прызыўнікі Астравеччыны ад прызыўнікоў Смаргоншчыны?


Ухілістаў у гэты прызыў не было, нягодных да вайсковай службы, дзякуючы змякчэнню медыцынскіх крытэрыяў, таксама становіцца меней.


А розніцы паміж прызыўнікамі не заўважыў. Ёсць такія, якім здароўе не дазваляе пайсці ў армію, а яны, так бы мовіць, усе ногі стапталі, ходзячы ў ваенкамат і просячыся ў армію. А бывае наадварот: здаровыя мужчыны не гараць жаданнем выканаць свой  грамадзянскі абавязак...


– А як вы самі лічыце, ці абавязаны юнак ісці ў армію і аддаваць свой абавязак Радзіме?


– На гэтае пытанне адкажу так: калі я з добрымі адзнакамі заканчваў школу ў класе з фізіка-матэматычным ухілам, то мог выбраць які заўгодна шлях у жыцці. Але выбраў менавіта прафесію ваеннага. І не шкадую аб гэтым выбары, бо лічу, што кожны юнак павінен прайсці гэтую школу мужнасці і на сваім асабістым вопыце паспытаць салдацкага хлеба. А ўжо пасля таго, як яго абавязак выкананы, ён можа працаваць, кім пажадае. Мне падабаецца, як аб гэтым гаворыцца ў нашай Канстытуцыі: “Абарона Рэспублікі Беларусь – абавязак і свяшчэны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”. І справа кожнага мужчыны – аддаць гэты доўг Радзіме.


————————————-


Гутарыў Антон Мальшэўскі,


фота аўтара.