Имя на Доске почета: Войцех Лукашевич
Па выніках работы за 8 месяцаў бягучага года Спондаўскае лясніцтва заняло першае месца сярод лясніцтваў раёна. А напярэдадні прафесійнага свята партрэт спондаўскага ляснічага Войцеха Рамуальдавіча ЛУКАШЭВІЧА быў занесены на Дошку гонару Гродзенскага ДВЛГА.
Плошча Спондаўскага лясніцтва складае 10 470 гектараў, яна падзелена на тры абходы. Працуюць тут 12 леснікоў і 12 рабочых. 4 вальшчыкі лесу перайшлі на скандынаўскую тэхналогію – працуюць па індывідуальным метадзе. Гэта значыць, што чалавек адзін, без памочнікаў, выконвае ўвесь цыкл работ – на бяспеку гэта не ўплывае. Пры гэтым павышаецца прадукцыйнасць, а значыць, зарплата работнікаў.
Нядаўна работнікі лясніцтва пераехалі ў новае адміністрацыйнае памяшканне – у гэтым годзе для размяшчэння набыты будынак у СВК “Міхалішкі”, там зроблены капітальны рамонт. Дарэчы, многае ў лясніцтве робіцца ўласнымі сіламі. Зараз работнікі самі будуюць альтанку.
Гаспадарка ў Войцеха Рамуальдавіча вялікая, у Спондаўскае лясніцтва ўваходзяць Сарачанскія азёры і Полацкая траса – шмат увагі даводзіцца ўдзяляць навядзенню парадку на зямлі. Адрознівае лясніцтва і тое, што менавіта тут дзейнічае лепшае ў раёне школьнае лясніцтва.
Войцех Рамуальдавіч – чалавек нястомны. Ён прызнаецца, што вельмі любіць працаваць – і работа кіпіць у яго руках. У Астравецкі лясгас трапіў у 1997 годзе майстрам па ахове лесу, затым інжынерам-будаўніком. А ў 2000 годзе пры непасрэдным удзеле Войцеха Рамуальдавіча было арганізавана Спондаўскае лясніцтва, якога раней увогуле не было, і ляснічы зрабіў яго адным з самых перадавых.
А яшчэ Войцех Рамуальдавіч – чалавек гасцінны і вясёлы. Ён з лёгкасцю можа арганізаваць “званую вячэру” на прыродзе турыстам і гасцям, пачаставаць іх юшкай ды шашлыкамі, прыгатаваных па сваім фірмовым рэцэпце, ды яшчэ і развесяліць не на жарт.
Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.