Имя на Доске почета Островецкого района: Валентина Карпицкая

Часам у жыцці здараецца, што выпадкова трапляеш туды, куды ніколі не цэліўся, не марыў, не ўяўляў. І думаеш, што так склаліся абставіны, што гэта – часова і ненадоўга. І толькі з цягам часу разумееш, што нічога не бывае проста так і хтосьці зверху свядома і запланавана накіраваў цябе на сваё месца.


Нешта падобнае здарылася і з Валянцінай Іосіфаўнай Карпіцкай. Пасля школы яна амаль адразу трапіла на працу ў тады яшчэ райсабес – і засталася назаўсёды.
– У школе нас была неразлучная чацвёрка – я, Яніна Гацук (гэта ўжо па мужу прозвішча), Галіна Новікава і Тарэса Букель, – расказвае Валянціна Іосіфаўна. – Ну і паступаць, вядома ж, паехалі таксама ўсе разам. Ой, дзе толькі ні былі – у Мінску, Оршы, Гродне. Паступалі на тэхнічныя спецыяльнасці, хацелася як мага хутчэй пачаць зарабляць грошы. Вядомая юнацкая няўрымслівасць і прага дарослага жыцця. Толькі ў адным месцы хтосьці з нас не праходзіў па стану здароўя ці не здаваў штосьці – і забіралі дакументы ўсе чацвёра. Як тыя мушкецёры: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Хацелі ўсе разам быць. Ды толькі ўсё роўна жыццё раскідала: мы з Янінай тут засталіся, а Галя з Тарэсай у Мінску жывуць.
– У выніку так атрымалася, што пасля школы пайшла я ў калгас працаваць, – працягвае ўспамінаць Валянціна Іосіфаўна. – А ў той час ад кожнага калгаса па аднаму чалавеку накіроўвалі ў пашпартны стол. Трапіла туды і я. А там пазнаёмілася з жанчынай, якая і дапамагла мне ўладкавацца на працу – у той час якраз адна з работніц збіралася ў дэкрэтны водпуск, ну мяне і ўзялі на замену. Так я стала інспектарам па назначэнні пенсіі.
З гэтага ўсё і пачалося, панеслася, закруцілася… Ці думала тады сямнаццацігадовая дзяўчына, што, выпадкова і неспадзявана трапіўшы ў райсабес, яна знайшла сваё месца і сваю работу, якой прысвеціць не адзін дзясятак жыцця? Наўрад ці. Бо самае галоўнае спачатку было – зрабіць усё правільна.
– Першы дзень як зараз помню. Далі нейкія дакументы афармляць… Добра, што ранейшы прыклад быў, дык я ў строгай адпаведнасці з ім усё рабіла. У аддзеле нас 5 інспектараў працавала, за кожным замацаваны свая тэрыторыя і людзі. Адукацыя? Гэта пасля была вучоба і курсы павышэння кваліфікацыі. А спачатку мы адзін у аднаго вучыліся, раіліся, дапамагалі. А яшчэ ў нас быў вельмі добры старшы інспектар Ніна Іванаўна Яніна, якая курыравала нашу работу. Прафесіянал сваёй справы і добразычлівы спагадлівы чалавек. Дык яна нам таксама дапамагала, вучыла, падказвала. Вось так паступова і асвоіла ўсе тонкасці працы.
Праз некаторы час старшым інспектарам назначылі Валянціну Іосіфаўну. І надышла ўжо яе чарга дзяліцца вопытам і майстэрствам.
– Працуем, як і ўсе. Выконваем свае абавязкі. Канешне, за столькі гадоў я прывыкла да работы, а яна – да мяне. (Усміхаецца) Шчыра кажучы, калі б прыйшлося на іншую працу пайсці, ужо б і баялася – ці спраўлюся?
З таго часу, калі Валянціна Іосіфаўна ўпершыню пераступіла парог сённяшняга ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, а тады – райсабеса, прайшло ні многа – ні мала, а 36 гадоў. На першы погляд, дзейнасць супрацоўнікаў гэтага аддзялення здаецца непрыкметнай, але ад гэтага яна з’яўляецца не менш важнай, чым любая іншая. Валянціна Іосіфаўна лічыць, што ў яе рабоце галоўнае – не пакрыўдзіць чалавека, растлумачыць, калі трэба, усё падрабязна, а ў калектыве – дапамагаць адзін аднаму. Ды і наогул, у любой сітуацыі заставацца чалавекам.
– Калі я заканчвала 7-гадовую школу ў Філіпанах, у характарыстыцы наша настаўніца напісала: “Аддае перавагу фізічнай працы больш чым разумовай”. Ды толькі памылілася яна – наадварот усё атрымалася.
Ёсць у жанчыны і свае захапленні. Ёй вельмі падабаецца адпачываць на прыродзе: збіраць ягады і грыбы ці проста паблукаць па лесе. Хоць, як сама прызнаецца, адна туды ісці не рызыкуе – ці мала што можа здарыцца. Любіць Валянціна Іосіфаўна і цікавыя падарожжы. А яшчэ – рыбалку! Ды толькі не самой лавіць, а назіраць за паплаўком іншага рыбака, асабліва калі пачынае кляваць. Не дае жанчыне сумаваць і гаспадарка, якую яны з мужам трымаюць у Малях. Такім чынам, думаць, чым бы заняцца Валянціне Іосіфаўне асабліва не прыходзіцца.
– Нічога асаблівага ўва мне няма, – адзначае напрыканцы Валянціна Іосіфаўна. – Ёсць у раёне нашмат больш заслужаныя людзі. А я проста жыву, працую, адпачываю. Такая, як і ўсе.
Ды, мусіць, усё ж такі не зусім такая, калі партрэт Валянціны Іосіфаўны Карпіцкай занесены на раённую Дошку гонару. Атрымалася, як у той вядомай песні: шоўкам, а дакладней – золатам прызнання вышыта лёсу яе простае палатно.



-----------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ,

фота аўтара.