И самая обычная бутылка становится картиной в руках у островчанки Ирины Герасим

Шчыра кажучы, я заўсёды захаплялася і зайздросціла (толькі па-добраму) людзям, якія ўмеюць са звычайных рэчаў зрабіць неверагодныя, прыгожыя, а галоўнае – арыгінальныя ўпрыгожанні. І ім хапае на гэта цярпення, фантазіі і натхнення. Сёння мы бліжэй пазнаёмімся з адной з такіх выдумшчыц-чараўніц, у руках якой, быццам па ўзмаху чароўнай палачкі, самая звычайная бутэлька становіцца палатном карціны, на якой квітнеюць кветкі, рассыпаецца пясок пустыні, ажываюць экзатычныя жывёлы. Гэта адна з пераможцаў конкурсу “Свет вашых захапленняў”, які праводзіла рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда”, творчая натура і проста абаяльная ўсмешлівая дзяўчына Ірына Герасім.

Цікаўнасць да ўсялякага роду вырабаў сваімі рукамі Ірыне прывіла бабуля – Ірына Паўлаўна. Яшчэ з дзяцінства дзяўчынцы падабалася назіраць, як хутка і спрытна мільгае ў руках бабулі іголка з ніткай і нараджаюцца на белым полі тканіны прыгожыя і незвычайныя малюнкі…


– Асноўную частку свайго дзяцінства я праводзіла побач з бабуляй, – расказвае Ірына. – А яна ў мяне такая рукадзельніца-майстрыха! І вяжа, і вышывае, і гатуе вельмі смачна. Напэўна, яна і яе вышыўкі так паўплывалі на мяне, што мне таксама захацелася паспрабаваць стварыць нешта прыгожае… Спачатку, як і бабуля, вышывала крыжыкам. А пасля вырашыла неяк разнастаіць гэтае захапленне і пачала вышываць яшчэ і бісерам…


Аднак не вышыўкай адзінай займаецца Ірына. Аднойчы выпадкова, а, можа, і не зусім выпадкова, ёй трапілася на вочы кніга аб дэкарыраванні бутэлек. Гэта ж якую прыгажосць можна ствараць уласнымі рукамі са звычайных бутэлек! Варта толькі мець цярпенне і жаданне, уключыць фантазію, прыхапіць натхненне… Словам, Ірына купіла гэтую кнігу, а наступнай пакупкай былі вітражныя фарбы. А затым дзяўчына абвергла вядомую ісціну – першы блін атрымаўся не камяком, а прыгожым малюнкам на празрыстым шкле.


– Першай, хто ўбачыў мой роспіс на бутэльцы, была мама. Яна пахваліла і сказала, што атрымалася здорава. Канешне, гэта падштурхнула да новых работ. Пасля паказвала іх родным, сябрам… А затым прачытала, што раённая газета праводзіць конкурс “Свет вашых захапленняў”, ну і вырашыла паўдзельнічаць таксама. Прыслала фотаздымкі не толькі распісаных вітражнымі фарбамі бутэлек, але і вышыўкі. Канешне, я вельмі рада, што мае работы спадабаліся чытачам газеты, і яны галасавалі за іх на сайце. Дзякуй ім вялікі за добрыя словы, што пакідалі ў каментарыях. А таксама дзякуй вашай газеце, што праводзіце такія конкурсы. Дзякуючы гэтаму мае вырабы змаглі ўбачыць і ацаніць не толькі родныя і сябры, але і незнаёмыя людзі. А гэта вельмі прыемна.


Дарэчы, Ірына не толькі таленавітая ў сваіх захапленнях дзяўчына, але і новаспечаны малады спецыяліст. У гэтым годзе яна скончыла Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці і атрымала спецыяльнасць: эканоміка, кіраванне на прадпрыемстве. Як у адным чалавеку ўжываюцца творчая непасрэдная натура і дакладнасць і прынцыповасць эканаміста і ці не перашкаджаюць яны адзін аднаму? На такое пытанне Ірына ў адказ толькі ўсміхаецца.


– Ды не, канешне. Работа гэта работа, а захапленне на тое і захапленне, каб займацца ім для душы. Наадварот, добра, што яны непадобныя, будзе магчымасць адпачываць і пераключацца на нешта іншае.


Ірына таксама прызналася, што хацела б паўдзельнічаць у конкурсе на лепшае афармленне прысядзібных участкаў, а менавіта клумбаў. Бо ёсць у дзяўчыны слабасць да кветак. І іх у яе нямала. Адных лілей сартоў дваццаць. А яшчэ ружы, астры, гваздзікі і іншая рознакаляровая прыгажосць радуе вока не толькі гаспадароў, суседзяў, але і кожнага, хто праходзіць побач.


– Мне больш падабаюцца вулічныя кветкі, да хатніх вазонаў стаўлюся больш раўнадушна. Хаця парадокс: больш за ўсё люблю архідэі, а гэта хатняя расліна. Проста яны такія прыгожыя, пяшчотныя і незвычайныя… Наогул, я люблю на бутэльках маляваць менавіта кветкі… Ці планую асвоіць яшчэ якое-небудзь майстэрства? (Крыху задумваецца) Пакуль не ведаю, але магчыма.


-------------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.