Гудогайскую школу навестил бывший её ученик
З гудагайскай зямлёй яго звязваюць крыху больш за 10 гадоў школьнага жыцця. Тым не менш памяць пра гады, якія прайшлі на Астравеччыне, і сёння грэюць сэрца Заслужанага ўрача Расіі, фтызіятра па прафесіі, філосафа па захапленні, былога вучня Гудагайскай школы Анатоля Мікалаевіча Малафеева .Напярэдадні Дня настаўніка Анатоль Мікалаевіч наведаў Гудагайскую школу, каб успомніць мінулае і расказаць сённяшнім вучням і педагогам пра сваё жыццё.
На працягу некалькіх гадоў доктар медыцынскіх навук, прафесар Ульянаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта шукаў магчымасць устанавіць сувязі з Гудагайскай школай, вучнем якой ён быў у 50-я гады мінулага стагоддзя. І толькі лёс, а яшчэ шчаслівы выпадак «вывеў» яго на школу.
У 2011 годзе на сайце «Народнай газеты» было змешчана невялікае інтэрв'ю настаўніцы Гудагайскай СШ Марыі Карлаўны Васілёнак. Гэтае бліц-апытанне Анатоль Мікалаевіч убачыў толькі праз год. Менавіта тады ён пакінуў каментарый, які быў адрасаваны настаўніцы Гудагайскай школы. Той каментарый Марыя Карлаўна ўбачыла таксама не адразу – даведалася пра яго дзякуючы былой выпускніцы Гудагайскай школы, журналістцы «Народнай газеты» Людміле Мінкевіч.
Такі збег абставін і шчаслівых выпадковасцей дазволіў знайсці яшчэ аднаго знакамітага выпускніка школы і папоўніць школьны музей яшчэ адным раздзелам: сёння інфармацыя, а таксама кнігі, выдадзеныя Анатолем Мікалаевічам, займаюць ганаровае месца ў экспазіцыі школьнага музея.
Нягледзячы на тое што сёння Анатоль Мікалаевіч жыве ва Ульянаўску, ён змог прыехаць на сваю маленькую радзіму. І яго запаветнае жаданне яшчэ раз сустрэцца з дзяцінствам ажыццявілася...
Нарадзіўся Анатоль Мікалаевіч Малафееў у шахцёрскай сям'і ў 1939 годзе. Вайна, пасляваеннае ліхалецце… Менавіта тады ў Заходнюю Беларусь сталі прыязджаць так званыя «дваццаціпяцітысячнікі». Так бацька Анатоля аказаўся на гудагайскай зямлі – сям'я пасялілася ў Палушах. Бацька быў прызначаны старшынёй мясцовага калгаса, потым – дырэктарам нарыхтоўчай канторы. Менавіта ў гэты час маленькі Анатоль стаў вучнем Гудагайскай школы.
– Было гэта ў 1946 годзе. Нягледзячы на складанае становішча ў раёне і беднасць, якая адчувалася ва ўсім, гэта быў цікавы час. Зрэшты, дзяцінства заўсёды пакідае след у памяці чалавека, – упэўнены Анатоль Мікалаевіч. – Асабліва калі яно шчаслівае. Тады шмат яркіх момантаў захоўваецца ў памяці, тады ў яго хочацца вяртацца зноў і зноў.Праўда, надоўга на Астравеччыне сям'я не затрымалася. Праз 10 гадоў па распараджэнні партыі старэйшы Малафееў паехаў асвойваць цалінныя землі, а за ім – і сям'я. Менавіта тады Анатоль атрымаў адукацыю ў Тульскім горным тэхнікуме і стаў працаваць на шахце – гэтаксама як яго бацькі, бабуля і дзядуля.
– А потым маці прапанавала мне паступіць у медінстытут – і я вырашыў паспрабаваць, – расказвае Анатоль Мікалаевіч. – У Разанскім медыцынскім інстытуце я і пазнаёміўся са сваёй жонкай Наталляй Аляксандраўнай.
Анатоль Мікалаевіч збіраўся стаць хірургам. А Наталля Аляксандраўна марыла пра спецыялізацыю педыятра. Але так сталася, што абое сталі фтызіятрамі. І ўсё жыццё працуюць разам.
– Яна – мая першая настаўніца і ў медыцыне, і ў жыцці. 53 гады разам – душа ў душу, з разуменнем і любоўю, – гаворыць Анатоль Мікалаевіч.
Ён і сёння, нягледзячы на шаноўны ўзрост, працягвае працаваць са студэнтамі. Аднак, як сам прызнаецца, ганарыцца званнем не столькі прафесара, колькі – урача.
– Усе 53 гады, што мы жывём разам, я чую пра Гудагай, – дзеліцца Наталля Аляксандраўна. – Калі Анатоль вярнуўся на Разаншчыну, ён быў сапраўдным беларусам: пісаў так, як чуў, гаварыў больш па-беларуску, чым па-руску. І першым танцам, якому ён мяне навучыў, стала беларуская полька. Раней мы часта прыязджалі на Астравеччыну. Прыходзілі да дома, дзе жыла яго сям'я, – і пачыналіся ўспаміны. Я ведаю ўсіх яго сяброў, ведаю, хто дзе жыў, чым займаўся. Гэта і ёсць самая сапраўдная любоў да радзімы, якую ніхто і нішто не можа выцесніць.
А ў памяці Анатоля Мікалаевіча сапраўды захоўваецца многае. Так, падчас адной з размоў з Марыяй Карлаўнай Васілёнак, якія сёння вельмі проста і танна праходзяць з дапамогай скайпа, Анатоль Мікалаевіч пачаў называць прозвішчы сваіх аднакласнікаў – сярод іх было прозвішча Лауш. Аказалася, што дачка яго былой аднакласніцы Алены Лауш сёння таксама працуе ў Гудагайскай школе. Менавіта Галіна Сяргееўна Нядвецкая прынесла ў школьны музей фотаздымак класса, у якім вучылася яе маці і Анатоль Мікалаевіч. Сёння амаль усе, хто ёсць на гэтым фотаздымку, падпісаны. Але праца па ўзнаўленні гісторыі школы працягваецца.
…Анатоль Мікалаевіч на памяць цытуе самую дарагую кнігу, якая і сёння ляжыць на яго рабочым стале, – «Новую зямлю» Якуба Коласа. І робіць гэта так шчыра, так па-беларуску, як быццам і не было шасцідзесяці гадоў, пражытых удалечыні ад Беларусі. І зала школы замірае, чутны толькі дыханне і словы паэмы, якія вымаўляюцца з вялікай любоўю – да роднай зямлі, да радзімы, да школы.Бліц-апытанне
– Якім быў ваш школьны партфель?
– Гэта была ваенная сумка, якую ў гады вайны насілі камандзіры.
– Хто часцей заглядваў у ваш дзённік?
– Мама гартала дзённік амаль кожны дзень, а вось у таты часу на гэты занятак не хапала... Па праўдзе кажучы, бацькі не дапамагалі мне вучыцца: пасля трэцяга класа я быў больш граматным, чым мая маці.
– Успомніце самы памятны школьны выпадак.
– Іх было шмат. Маё дзяцінства прыпала на пасляваенныя гады. Больш за ўсё мы любілі гуляць «у вайну»: напіхвалі пістоны порахам і запальвалі іх… На шчасце, усё заканчвалася добра… А самы непрыемны выпадак здарыўся тады, калі маці на гарышчы знайшла вырваныя з дзённіка лісты з двойкамі.
– Што цэніце ў сваіх сябрах?
– У дзяцінстве такім пытаннем не задаешся. Тады галоўным было цікава правесці час. Гэта цяпер пачынаеш разумець, што галоўнае – узаемадапамога. Прычым ва ўсіх адносінах.
– Ці выбіралі бацькі вам сяброў?
– Ніколі. Класы ў школе былі вялікія і рознаўзроставыя – недавучаныя дзеці Вялікай Айчыннай вайны і школьнікі, якім прыйшоў час ісці ў школу пасля вайны, вучыліся разам. І хлопчыкі сябравалі з дзяўчынкамі. Спачатку піянерамі былі, затым камсамольцамі сталі. Усё было значна прасцей…
– Кім вы марылі стаць у дзяцінстве?
– У Гудагаі жыў сляпы музыкант Імполь. Тады, у далёкім дзяцінстве я яму сказаў: «Вырасту, стану ўрачом – і вылечу цябе!» Напэўна, тады я нават не задумваўся пра сэнс сказаных мной слоў. Праз шмат гадоў, калі я сапраўды стаў урачом і прыехаў у Гудагай, зноў убачыўся з Імполем. Яго словы «Ты стаў урачом – дык вылечы мяне!» помню і сёння. Ужо тады я ведаў, што нічога зрабіць не магу.
– У вас ёсць любімая кніга?
– Пасля медыцынскага інстытута я захапіўся філасофіяй і рэлігіяй. Чытаў шмат рознай літаратуры. З дзяцінства памятаю паэму Якуба Коласа «Новая зямля». А настольнай кнігай, калі так можна сказаць, з'яўляецца «Атлас аўтамабільных дарог».
– А фільм?
– «Белае сонца пустыні».
– Вы любіце танцаваць?
– Вельмі. Менавіта на Астравеччыне я вучыўся танцаваць. Полька, кракавяк, вальс... На танцах у сельскім клубе малых у круг не пускалі, пакуль яны не навучацца танцаваць. А так хацелася! І таму я танцую з другога класса.
– А спяваць?
– Спяваць мяне вучыла жонка Наталля Аляксандраўна. Да таго ж разам спявалі ў інстытуцкім хоры.
– Спортам займаецеся?
– У мяне І разрад па лыжным і веласіпедным спорце, шашках і стральбе з пісталета.
– Вы любіце падарожнічаць?
– Канешне! Нездарма ж мая настольная кніга – “Атлас аўтамабільных дарог”.
– Чым сённяшнія студэнты адрозніваюцца ад вас у юнацтве?
– Сённяшнія студэнты – матэрыялісты. Яны больш разліковыя. Мы былі рамантыкамі.
– Прадоўжыце фразу «Каб быць здаровым…»
– Здароўе трэба берагчы. Прычым з маладых гадоў.
– Усё, што вы сёння маеце, ёсць дзякуючы чаму?
– Цярпенню і працы. А яшчэ – жонцы.
– Што хацелі б пажадаць сённяшнім вучням і настаўнікам Гудагайскай школы?
– Быць людзьмі, не забываць, што побач знаходзяцца такія ж людзі. Не судзіць, калі ў іншых здараюцца памылкі. І спяшацца рабіць дабро!
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
