Гордость Островецкого района: Наталья Очеретова

Сёння мы пазнаёмім вас з дырэктарам Астравецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наталляй Уладзіміраўнай Ачарэтавай, партрэт якой змешчаны на раённай Дошцы гонару. Ідучы на сустрэчу, я крыху хвалявалася. Але калі мяне сустрэла пазітыўная, бадзёрая, з іскрынкамі радасці ў вачах жанчына, адразу захацелася даведацца пра яе як мага больш. Наша размова праходзіла на пазітыўнай нотцы, увесь час на твары Наталлі Уладзіміраўны іскрылася ўсмешка.


– Калі мне патэлефанавалі з райвыканкама, – пачынае размову Наталля Уладзіміраўна, – і сказалі, што мой партрэт будзе занесены на раённую Дошку гонару, першай рэакцыяй было здзіўленне, ашаламленне, нейкая разгубленасць, я нават не ведала, што адказаць. Людзі ж і так ведаюць, чаго я вартая! Навошта яшчэ нешта? Але затым зразумела, што на Дошцы гонару не я, а бібліятэка і прафесія бібліятэкара. І гэтая падзея – прэстыж для нас усіх. Дзякуй аддзелу культуры, Адаму Дзмітрыевічу Кавальку, што заўважылі і ацанілі нашу працу. Я спадзяюся, гэта стане імпульсам для развіцця нашых бібліятэк.
А якімі сцяжынкамі, горкамі і ўзгоркамі ішла Наталля Уладзіміраўна да звання «гонар раёна»?
… Наталля Уладзіміраўна каранная астраўчанка, чым ганарыцца ўсё жыццё. Ніколі не хацела кудысьці пераязжаць, таму што не ўяўляе сябе без гэтых мясцін, без роднага краю, дзе жылі і жывуць блізкія людзі.
Бацька рана памёр, таму Наташу і яе сястру выхоўвала маці.
– Мы з сястрой яе вельмі любім і ганарымся, – прызнаецца Наталля Уладзіміраўна.
Маці, Зінаіда Іванаўна Пашкевіч, усё жыццё працавала ў кніжным магазіне таваразнаўцам, там Наташа праводзіла шмат вольнага часу.
– Для мяне было вялікім шчасцем браць у рукі новую кнігу, разумець, што я магчыма першая трымаю яе ў руках, дакранаюся да чыстых, з асаблівым пахам старонак!
Напэўна, менавіта дзякуючы маці ў Наташы і зарадзілася прага, павага, цікавасць да кнігі.
Хоць у дзяцінстве дзяўчынка марыла стаць увогуле мастаком-мадэльерам. Але мара так і засталася марай: былі складаныя экзамены, вялікі конкурс… Праваліўшы іспыты, Наташа паступіла ў вучылішча лёгкай прамысловасці. Працавала некаторы час у Маладзечне на швейнай фабрыцы. Але ўспаміны пра кнігі, пра незабыўныя адчуванні, якія перапаўнялі яе, калі наведвалася да матулі ў магазін, не адпускалі. І Наташа паступае на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. Безумоўна, на бібліятэчны факультэт!
– Дзе б я ні была, дзе б ні жыла, мяне заўсёды цягнула на Астравеччыну. Таму, калі выйшла замуж, пайшла на працу ў раённую бібліятэку. Як кожны малады спецыяліст, пачынала бібліятэкарам, затым стала бібліёграфам, пазней – намеснікам дырэктара. Апошнія два гады займаю пасаду дырэктара. Хоць увогуле гэта вельмі добра, што я пачынала працу на швейнай фабрыцы – ёсць з чым параўнаць і зразумець, што такое бібліятэкар. Я ўпэўнена – гэта самая лепшая для жанчыны прафесія.
Сёння ў раёне дзейнічае 24 бібліятэкі, у якіх працуюць 45 бібліятэкараў. Усе са спецыяльнай адукацыяй. А як жа без гэтага?! Бібліятэкар – гэта перш за ўсё эрудыт, які павінен быць высокаадукаваным чалавекам. У бібліятэку прыходзяць і спецыялісты, і студэнты, і простыя людзі, і кожнаму трэба дапамагчы знайсці тую або іншую кнігу. Бываюць і складаныя запыты, каб іх выканаць, трэба праглядзець шмат літаратуры. На базе бібліятэк ствараюцца цэнтры прававой інфармацыі (сёння іх 6), дзе сабраны ўсе прававыя дакументы ў друкаваным і электронным варыянтах – гэта таксама вялікая праца і адказнасць.
А марыць Наталля Уладзіміраўна пра бібліятэку будучага.
– Яна перш за ўсё будзе аснашчана сучаснай тэхнікай. Многія падтрымаюць мяне, кніга – гэта інтэлектуальны адпачынак для чалавека. У сучаснай бібліятэцы павінна быць невялічкае кафэ, дзе чалавек змог бы выпіць кубак гарбаты ці кавы; пакой адпачынку, дзе з задавальненнем чытачы пасядзелі б у мяккіх крэслах, адпачылі, пачыталі кнігі; зала з галерэямі, дзе можна было б арганізоўваць рознабаковыя сутрэчы з неардынарнымі людзьмі.Такі дом для аматараў кнігі мы хацелі б бачыць у сябе ў Астраўцы – і хочацца верыць, што гэтая мара абавязкова збудзецца.
Я заўсёды лічыла, што бібліятэкар – гэта чалавек, які чытае больш, чым іншыя. Калі я запыталася ў Наталлі Уладзіміраўны пра яе любімыя кніжкі, яна дастала сшытак-дзённік, у якім вядзе запіс прачытаных кніг. Там роўным почыркам запісаны прозвішчы: Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Іван Карэнда, Вацлаў Міхальскі… Апошняе – Янка Сіпакоў “Мая бібліятэка”.
– Вельмі люблю чытаць рускую і беларускую літаратуру. Пераважна прозу – яна кранае мяне больш, чым паэзія.
Увесь час Наталля Уладзіміраўна размаўляла са мной па-беларуску. І я пацікавілася, якой мове яна аддае перавагу.
– Для мяне вялікая асалода размаўляць па-беларуску, тады я адчуваю сябе лёгка і ўтульна. Але ў мяне ёсць правіла: размаўляць з чалавекам на той мове, на якой ён да мяне звярнуўся. Тым самым я выказваю павагу да свайго суразмоўцы, – гаворыць Наталля Уладзіміраўна.
Лепшы настаўнік па жыцці, узор, ідэал прафесіанала для Наталлі Уладзіміраўны – Яніна Браніславаўна Мяшкова, якая дапамагала ёй рабіць першыя крокі ў прафесіі. А яшчэ настаўнікамі яна лічыць свой любімы, дружны, адказны калектыў, з якім дырэктар заўсёды раіцца. Разам яны шукаюць выйсце са складаных сітуацый і разам удасканальваюць бібліятэчную сістэму раёна.
– Стараемся рабіць усё для нашых чытачоў, каб яны былі задаволены. А для гэтага цяпер ёсць шмат магчымасцей: паступаюць новыя кніжкі, арганізоўваем сустрэчы з пісьменнікамі, ствараем прэзентацыі.
Яна з такім захапленнем і энтузіязмам расказвала пра свой калектыў, сваю працу, бібліятэку, што можна з упэўненасцю сказаць: для Наталлі Уладзіміраўны бібліятэка – гэта не проста месца працы, а другі дом. Бібліятэка – гэта яе прызванне.
Наталля Уладзіміраўна прызналася, што кіраўніком быць складана: часта не хапае сродкаў, трэба сачыць за ўсім, што адбываецца ў грамадстве, быць рознабакова адукаваным чалавекам. Але з такім дэвізам, якім Наталля Уладзіміраўна кіруецца ў жыцці, думаю, лягчэй спраўляцца з цяжкасцямі:
– Ніколі не здавацца, не падаць духам, што б ні здарылася. А самае галоўнае – паважаць людзей, тых, хто працуе побач, хто табе верыць, спадзяецца на цябе.
– Прыходзьце ў нашы бібліятэкі! Нягледзячы на не заўседы прывабныя сцены, яны сучасныя і чакаюць сваіх чытачоў, – на заканчэнне нашай гутаркі сказала Наталля Уладзіміраўна.



------------------------------------------------------------

Юлія БУКЕЛЬ, студэнтка журфака БДУ.