"Год молодёжи". Сельчан объединила Наташа

Год моладзі… Год, прысвечаны нашым дзецям альбо ўнукам, якія побач з намі ці далёка шукаюць сваё месца ў жыцці, сваё прызначэнне, як і мы ў свой час.


Зазірнём у Варнянскі сельскі Дом культуры, дзе працуе маладая і прыгожая жанчына Наталля Уладзіславаўна Стакун. Пацікавімся, што яе хвалюе, што радуе, што турбуе.

…За акном пакрысе апускаўся вечар. Промні сонейка клаліся лёгка, нячутна. Разам з ветрыкам праз адчыненае акно ў пакой ўлівалася вячэрняя свежасць і тыя празрыстыя гукі, якія ўласцівы толькі вясковаму вечару.

Адарваўшыся ад папер, Наташа глянула на гадзіннік і схамянулася: ужо даўно пара быць дома, а яна ўсё яшчэ дапрацоўвае праграму заўтрашняга свята. Здаецца, усё зроблена… Вось толькі трэба яшчэ раз хоць адным вочкам глянуць у залу – ці ўсё ў парадку з афармленнем…

Так, усё ў парадку, усё адпавядае яе задуме: паказаць творчы патэнцыял роднай вёскі, аб’яднаць у выставе розныя ўзросты, раскрыць прыгажосць працы вяскоўцаў, іх умельства ў ткацтве, вышыванні, вязанні, паляванні, разьбе з дрэва. Усміхнулася сама сабе: колькі ж прыйшлося ўгаворваць і пераконваць людзей, каб яны згадзіліся паўдзельнічаць у выставе!

Наташа  залюбавалася выставай, якая, здаецца, выпраменьвала прыгажосць, і на хвілінку задумалася. Хто б падумаў, што яна знойдзе сябе, сваё месца тут, у вясковым Доме культуры? У дзяцінстве марыла быць медыкам. Яшчэ вабіў таямнічы свет кніг – хацелася працаваць у бібліятэцы. У школе яна была нязменным удзельнікам усіх мерапрыемстваў: вяла праграмы, спявала, танцавала. Але ніколі не думала, што гэтым жа будзе займацца ў дарослым жыцці. Вясёлая, актыўная, цікаўная да жыцця і людзей, спагадлівая і ўважлівая – Наталля скончыла Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці “бібліятэказнаўства” з дадатковай – “арганізатар вольнага часу масавай дзейнасці”.

Наташа паехала ўладкоўвацца на працу, дзе, паглядзеўшы на маладую дзяўчыну, пагутарыўшы з ёй, прапанавалі ёй не бібліятэку, а Дом культуры. Наташа падумала і згадзілася. Тут і спатрэбіліся для працы яе здольнасці. Яна стала спяваць у ансамблі “Світанак”, ездзіць з ім па вёсках, блізкіх і далёкіх, пісала сцэнарыі, вяла канцэрты і святы, праграмы… Але ёй увесь час карцела зрабіць большае. Так і нарадзілася задума арганізаваць свята варнянскіх умельцаў – вялікай імпрэзы, у якой гледачы-слухачы вяскоўцы, сталі б адначасова і яе ўдзельнікамі. Каб гэта ажыццявіць, яна пайшла па хатах: размаўляла, запрашала, угаворвала…

…Назаўтра раніца выдалася ясная, сонечная – і Наташа зразумела, што ўсё атрымаецца як мае быць…

У зале сабралася шмат людзей – сярэдняга ўзросту, сталых, маладых і дзяцей. Яны разглядвалі і абмяркоўвалі выставу “Сям’я талентамі багата”.

У прызначаны час гукі музыкі аб’явілі аб пачатку імпрэзы. Яркае, эмацыянальнае слова вядучай – слухачы заінтрыгаваны, бо зараз адбудзецца новае знаёмства з людзьмі, якіх ведалі даўно, але не здагадваліся пра іх таленты.

Пад апладысменты да выставы падыходзіць Марыя Іванаўна Мілаш. З гумарам і маладым запалам яна гаворыць аб сабе, аб сваім захапленні – вязанні кручком, дэманструе прыгожа звязаны світар і іншыя свае вырабы. Гледачы ўдзячна ўсміхаюцца гэтай жанчыне, на жыццёвым календары якой 89-ы год, аднак якая глыбока пераканана, што толькі праца дае ёй сілу і бадзёрасць.

Агульнае захапленне і шчырыя апладысменты выклікалі цудоўныя вышытыя карціны Г.К. Мураўскай, М.М. Саленік, вязаныя сурвэткі і падушачкі Т.Н. Волкавай, Н.В. Баравой, выра-заныя з дрэва шкатулкі В. Стакуна, цудоўныя карціны мастачкі В.В. Субаткевіч, яркія творы маленькіх мастакоў з гуртка “Свет каляровага алоўка” і яго кіраўніка Л.І. Кухарэвіч. Адзін за адным распавядаюць аўтары аб сваёй працы над гэтымі творамі, адкрываючы слухачам свой унутраны свет, адорваючы ўсіх яго цяплом, шчырасцю і любоўю.

Парадавала прысутных Таццяна Радкевіч. Яна не толькі прачытала ўласную байку, выклікаўшы смех у зале, але і прадэманстравала, як можна са старых рэчаў звязаць цудоўныя накідкі на крэслы, а з цеста зрабіць цікавыя, непаўторныя карцінкі.

Пытанні ўдзельнікам выставы сыпаліся з усіх бакоў – ішоў дыялог людзей з рознымі густамі і запатрабаваннямі, але аб’яднаных адным – светам творчасці.

А затым адбыўся канцэрт “Добры дзень, суседзі!” Спявалі свае песні Аляксандр Альховік, Аляксандр Якіменка, Наталля Літвін, Агата Субаткевіч, Людміла Кухарэвіч, танцавала Паліна Магадзя. Кожны з артыстаў быў узнагароджаны шчырымі апладысментамі.

Невялікі перапынак – і на сцэне з’яўляецца вядучая з падарункамі і граматамі кожнаму ўдзельніку выставы – ніхто не быў забыты.

Разыходзіцца не хацелася. І Наталля Уладзіславаўна запрасіла ўсіх удзельнікаў выставы на заключную частку імпрэзы “Гаспадынька”, дзе яна сама і Таццяна Радкевіч да чаю і кавы падалі некалькі відаў пірагоў хатняй выпечкі. Што і казаць, свята ўдалося на славу!

І разыходзіліся ўсе з новымі задумамі. Было зразумела, што новая форма работы, якую знайшла Наталля Уладзіславаўна, мастацкі кіраўнік Варнянскага СДК, апраўдала сябе поўнасцю, бо людзі ад душы гаварылі словы падзякі. Заслужанай!


------------------------------------

Людміла КУХАРЭВІЧ.