Главный зоотехник СПК "Гервяты" Мария Бушмович разрушает все стереотипы, связанные с ролью женщины в сельском хозяйстве
Яна цалкам разбурае стэрэатыпы, звязаныя з роляй жанчыны ў сельскай гаспадарцы. Яна заўсёды розная і непрадказальная, як кніга, – і кожны дзень яна піша новую старонку свайго жыцця. Яна знаходзіць час на шматлікія захапленні, пачынаючы ад кветкаводства і заканчваючы фатаграфіяй. Але галоўнае месца ў яе сэрцы ўсё ж адведзена жывёлагадоўлі.Яркая, прыгожая, цікавая, да таго ж лепшы ў Гродзенскай вобласці заатэхнік па выніках работы гаспадарак за 10 месяцаў – і ўсё гэта яна: галоўны заатэхнік СВК “Гервяты” Марыя Іосіфаўна Бушмовіч.
– Адкуль бярэ пачатак ваша дарога ў сельскую гаспадарку, у прыватнасці – у жывёлагадоўлю?
– Людзям, якія нарадзіліся і гадаваліся на вёсцы, любоў да ўсяго жывога прывіта з дзяцінства. Родам я з вёскі Слабодка, што на Ашмяншчыне. Бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы і дома заўсёды трымалі жыўнасць. Маё дзяцінства прайшло сярод жывёл, пагэтаму я свядома абрала Віцебскі дзяржаўны ветэрынарны ўніверсітэт. Пасля другога курса выйшла замуж і перавялася на завочнае аддзяленне.
– А пасля прыехалі на Астравеччыну?
– Так, уся мая працоўная дзейнасць звязана з Астравецкім раёнам: дзесяць гадоў узначальвала ферму “Малі”, пяць гадоў працавала ў Гервятах на комплексе, пасля паўтара года – ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання. Аднак цягнула, так бы мовіць, “жывая” работа, вытворчасць – мне хацелася быць у гушчыні падзей, прымаць непасрэдны ўдзел у штодзённым працэсе і бачыць вынік маёй работы.
– Вы так захоплена гаворыце пра сваю работу... А няўжо ніводнага разу не хацелася махнуць на ўсё рукой і сысці туды, дзе лягчэй, чысцей, дзе больш плацяць?
– Не, гэта ўсё, што я ўмею рабіць. Да таго ж жывёлагадоўля, як і раслінаводства, за апошнія дзесяць гадоў зрабілі значны крок у сваім развіцці. Малочна-таварныя комплексы і фермы аснашчаны сучасным камп’ютарным абсталяваннем, адбыўся хуткі пераход ад ручной да механізаванай працы. Зараз работа ў жывёлагадоўлі абапіраецца на разумовы складнік: трэба пралічваць, прадумваць наперад, каб напрыканцы года атрымаць добрыя вынікі. Шкада, што спецыяльнасць заатэхніка не карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод моладзі. Маладыя спецыялісты часта адпрацоўваюць патрэбны тэрмін і сыходзяць. Не разумею, чаму? У кааператыве распрацавана сістэма заахвочвання і падтрымкі маладых кадраў: выдзяляецца жыллё, грашовыя даплаты…
У жывёлагадоўлі цікава, але, безумоўна, складана: на працу выязджаеш у 7 гадзін раніцы, а вяртаешся ў 8 гадзін вечара – але гэта варта таго.
Я пабывала ў многіх краінах свету. Напрыклад, у 2013 годзе мяне дэлегавалі на семінар-вучобу ў Галандыю, у 2014 годзе – у Іспанію. На свае вочы пабачыла, на якім узроўні ў іх сельская гаспадарка. Напрыклад, у Германіі ўсе работы цалкам механізаваныя: робат выдаляе гной, займаецца дойкай кароў. У Расіі, дарэчы, таксама ёсць падобныя эксперыментальныя гаспадаркі, дзе галоўная роля адведзена робату.
– Як вы лічыце, ці апраўдвае сябе такі вопыт?
– Якія б тэхнічныя навінкі ні ўкараняліся ў жывёлагадоўлі, лічу, што галоўная роля па-ранейшаму застаецца за чалавекам. Камп’ютар не здольны ўбачыць змяненні ў асаблівасцях паводзінаў жывёлы.
– Марыя Іосіфаўна, а што выклікае ў вас гонар – на працы і ў асабістым жыцці?
– СВК “Гервяты” – трэцяя валаўтвараючая гаспадарка раёна пасля кааператываў “Варняны” і “Гудагай”: штодзённа дзяржаве мы прадаём 30 тон малака. Радуе, што за бягучы год пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася на 413 асобін, у тым ліку дойны статак – на 106 кароў. За дзесяць месяцаў валавы надой па гаспадарцы склаў 11 060 тон (плюс 1 998 тон да мінулага года). Надой з адной каровы за бягучы перыяд 2015 года ў параўнанні з 2014 “вырас” на 641 кілаграм.
А ў жыцці? Напэўна, як і кожную маму, мяне радуюць мае дзеці. Старэйшая дачка Паліна ўжо працуе і паралельна выкладае ў адным са сталічных універсітэтатаў. Яна выбрала энергетыку, а не сельскую гаспадарку. А малодшая, Віялета, працуе майстрам у раённым аддзеле Дома рамёстваў. Я шчаслівая, калі мы збіраемся разам з дзяўчатамі і яны дзеляцца са мной сваімі радасцямі, марамі і планамі. Хочацца, каб у іх жыцці ўсё складвалася найлепшым чынам.
– А для сябе аб чым марыце?
– Хацелася б атрымаць яшчэ адну спецыяльнасць. Не для таго, каб змяніць сферу дзейнасці, а для самарэалізацыі. Мяне прываблівае псіхалогія. Хацелася б даведацца пра чалавека, яго паводзіны, асаблівасці з навуковага пункту гледжання, тым больш што жыццёвы вопыт і мудрасць у мяне ўжо ёсць. Праблемы ўзнікаюць ва ўсіх людзей – далёка не кожны ведае, як з імі спраўляцца. Хочацца дапамагаць людзям, хоць бы словам.
– Цэлымі днямі вы прападаеце на працы, і тэмп вашага жыцця складана назваць размераным. Як змагаецеся са стрэсамі?
– Па-першае, мне дапамагаюць мае хобі. Калі ў чалавека няма захаплення – ён стаіць на месцы і не развіваецца.
Мне падабаецца кветкаводства. Я пасадзіла каля 60 кустоў руж каля свайго дома.
Па-другое, фізічная актыўнасць. Кожныя выхадныя разам з аўчаркай Дайрай мы пешшу праходзім ад Маляў да Альгінян чатырнаццаць кіламетраў. Лес ачышчае думкі – і ўвесь негатыў, накоплены за тыдзень, знікае.
Мая стыхія – вада. Мне патрэбен рух, дынаміка. Калі ваду закрыць у сасудзе, яна пачне цямнець і траціць свае асаблівасці. Мне падабаецца мая работа і людзі, з якімі я працую. Не ўяўляю свайго жыцця без сельскай гаспадаркі. Я пабывала ў розных краінах свету і яшчэ раз упэўнілася, што наша Беларусь – самая прыгожая, светлая і асаблівая, а маё месца – тут, на Астравеччыне, у СВК “Гервяты”.
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
