Фиалки покорили сердце Анжелики Мозырко

Сёння Анжаліка Уладзіміраўна Мазырка ўпэўнена называе Астравеччыну сваёй радзімай. Хаця перш, чым трапіць сюды, яна пакалясіла па многіх краінах былога Савецкага Саюза.

Родам Анжаліка Уладзіміраўна з Крывога Рога Днепрапятроўскай вобласці. Але так склаліся сямейныя абставіны, што ў дзесяць месяцаў яе забрала да сябе ў Пскоўскую вобласць бабуля. Там дзяўчынка пайшла ў школу, дзе і былі закладзены першыя парасткі любові да зямлі і раслін.
Потым ёй зноў давялося пераехаць – на гэты раз у Туркменістан. Менавіта тут дзяўчына закончыла школу. Тут выбрала будучую прафесію, якой хацела прысвяціць усё жыццё.
Бабуля і прабабуля Анжалікі Уладзіміраўны былі траўніцамі, таму дзяўчына, якая таксама нямала ведала пра розныя раслінкі-травінкі і якой вельмі падабалася хімія, вырашыла паступаць у Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт.
Дзіўна, што дзяўчына з Туркменістана вырашыла працягваць вучобу ў Беларусі? Нічога дзіўнага. На той час бабуля Анжалікі пераехала ў Полацк і настойліва клікала дзяўчыну да сябе. Таму, не паслухаўшы парад настаўнікаў, якія прарочылі дзяўчыне прафесію педагога і прапаноўвалі паступаць у мясцовыя ўніверсітэты, яна накіравалася ў чужую для яе краіну, каб стаць медыкам і ратаваць чужыя жыцці.
Паступала Анжаліка не адна, а з сяброўкай, з якой была папярэдняя дамоўленасць: калі хтосьці з іх не паступае, то другі таксама забірае дакументы. З-за сяброўскай салідарнасці Анжаліцы давялося развітацца з марай пра медыцыну. І дзяўчына вярнулася ў Полацк, старажытнасць і прыгажосць якога яе заваражыла. Асабліва падабалася Спаса-Еўфрасіннеўская царква і яе тэрыторыя, якая патанала ў кветках. Менавіта тут яна адчула, што хоча звязаць сваё жыццё з зямлёй і раслінамі. А калі даведалася, што ў старажытным горадзе знаходзіцца Полацкі лясны тэхнікум, вырашыла паступаць туды.
Паступленне не выклікала цяжкасцей – дзяўчыну прынялі без экзаменаў. Тут яна зразумела, што ўсё сваё жыццё хацела прысвяціць лясной гаспадарцы, толькі не разумела гэтага. Тут яна сустрэла і сваё шчасце – Аляксея, які вучыўся на старэйшым курсе. Калі Анжаліка была трэцякурсніцай, а Аляксей заканчваў тэхнікум, яны вырашылі пажаніцца. І Анжаліка паехала ў Гродна, куды мужа накіравалі на працу. Але вучобу прадоўжыла – на завочным аддзяленні працягвала спасцігаць “лясныя” веды.
У Астравец сям’я Мазырка трапіла ў 1991 годзе. Накіравалі спецыялістаў лясной гаспадаркі ў Катлоўскае лясніцтва. Далі кватэру, якая размяшчалася ў адным будынку з лясніцтвам. Там і жыла сям’я, пакуль не абзавялася ўласным жыллём у Петраполі.



Сямейная дынастыя

Сёння ўся сям’я Мазырка звязана з лясной гаспадаркай. Аляксей Аляксеевіч працуе ляснічым Катлоўскага лясніцтва, Анжаліка Уладзіміраўна – памочніца ляснічага. Па слядах бацькоў пайшоў і сын Валянцін: ён – майстар лесу. У лесагаспадарчую галіну прыйшла і нявестка Таццяна. Ужо бачны зародкі любові да зямлі і лесу і ва ўнучак Ксеніі і Валерыі. Маленькая Валерыя, якой зусім нядаўна споўніўся першы гадок, не можа спакойна прайсці міма бабуліных кветак: пакратаць, панюхаць, а іншым часам і на зуб паспрабаваць – чаму б і не? Толькі так можна набыць жыццёвы вопыт.
Дзіцячае захапленне
Захапленне кветкамі ў Анжалікі Уладзіміраўны зноў жа ад бабулі. У дзяцінстве дзяўчынка не раз прыносіла з лесу і поля дзікія кветкі і высаджвала іх на клумбах на бабуліным участку. Бабулі падабалася, што дзяўчынка цікавіцца раслінамі. Кветкі “жылі” і ў доме, і Анжаліка дапамагала за імі даглядаць – перасаджвала, палівала.


– Дзіўна, але тыя кветкі, якія калісьці раслі ў бабуліным доме, – фікусы, фуксіі, кактусы, аспарагусы, бальзаміны: велізарныя, белыя і ружовыя, і шэраг іншых – чамусьці не вельмі любяць расці ў маім доме, – расказвае Анжаліка Уладзіміраўна. – Канешне, і фікусы ў мяне ёсць , і кактусы, і тыя ж фуксіі, традэсканцыі, плюшчы, але такога захаплення імі, якое было ў дзяцінстве, ужо няма.


Сёння сэрца Анжалікі Уладзіміраўны занялі зусім іншыя кветкі.



Фіялкавы рай

Фіялкамі жанчына зацікавілася дзесьці год назад. Тады ў яе руках апынулася дваццаць лісцікаў гэтай прыгожай кветачкі. Сказаць, што з першага разу ўсё атрымалася, значыць – схлусіць. З тых лісточкаў прыжылося мо з дзясятак. Менавіта з іх пачала фарміравацца будучая калекцыя.
З часам Анжаліка Уладзіміраўна пазнаёмілася з селекцыянерамі – сапраўднымі, апантанымі людзьмі, якія дзень і ноч гатовы прысвячаць сваім кветкавым гадаванцам. І фіялкавая калекцыя стала папаўняцца.
Ужо сёння Анжаліка Уладзіміраўна можа ганарыцца сваёй калекцыяй – у ёй ажно 500 сартоў фіялак. Для завядзення новага сорту жанчына выпісвае лісточкі-чаранкі, з якіх пры старанным і клапатлівым доглядзе вырастаюць прыгожыя расліны.
“Мілкі Уэй”, “Вампір”, “Наталі”, “Чорная жамчужына”, “Бабіна лета”, “Хімера”, “Рубінавы месяц” – ад назваў, што пералічвае жанчына, пачынае кружыцца галава. Застаецца толькі здзіўляцца: як усё гэта можна запомніць?
Але нягледзячы на тое, што Анжаліка Уладзіміраўна на памяць пералічвае характэрныя асаблівасці кожнай расліны, кожны гаршочак з кветкавай раслінай ці дзеткай абавязкова падпісаны.
І адно пытанне ўсё ж такі застаецца незразумелым: як усё можна паспець?


– Калі любіш, то ўсё паспееш, – усміхаецца Анжаліка Уладзіміраўна ў адказ.


Сёння дзве сцяны ў адным з пакояў вялікага дома сям’і Мазырка застаўлены стэлажамі з падсветкай. І чаго на іх толькі няма! Асобна стаяць лісцікі для ўкаранення, побач – лісточкі, каля якіх ужо пачалі прабівацца дзеткі, на наступнай паліцы адсажаныя дзеткі, далей – падрошчаныя расліны і… вось яна, прыгажосць: фіялкі, якія зацвілі, парадавалі першымі рознакаляровымі кветачкамі. Якіх толькі колераў тут няма!
Адзін раз убачыўшы гэтую прыгажосць, можна “заразіцца” кветкавай хваробай, вылечыцца ад якой, ведаю па сабе, зусім няпроста.
За год, што Анжаліка Уладзіміраўна займаецца фіялкамі, у яе з’явіліся блізкія па духу людзі, з якімі яна абменьваецца дарагімі экзэмплярамі гэтых прыгожых раслін. Навінкі селекцыі сёння каштуюць нямала: адзін чаранок-лісцік з сартоў апошняй селекцыі абыходзіцца не ў адну сотню беларускіх рублёў. Зразумела, што выдзеліць такія грошы з сямейнага бюджэту складана. Таму вырашаецца праблема прасцей: складаецца група аматараў з 4-5 чалавек, яны набываюць лісток і затым дзеляцца дзеткамі. Здараюцца і правалы, калі лісток гіне – але гэта не перашкода для сапраўдных кветкаводаў: яны зноў і зноў спрабуюць сілы – і ўсё ж вырошчваюць жаданую расліну.
Заўзятыя “фіялачнікі” лічаць, што калі расліна не жыве, значыць – не твой сорт. Але нягледзячы на гэта, расчаравання ў кветках у Анжалікі Уладзіміраўны не было ніколі. Не атрымалася з першага разу – значыць, атрымаецца з другога, лічыць жанчына.


– Пры вырошчванні фіялкі важна ўсё: і кліматычныя ўмовы, і асветленасць, і тэмпература ў пакоі. Вывесці адну-адзіную формулу па догляду за гэтай прыгожай раслінай і пастаянна прытрымлівацца яе – не атрымаецца. Таму я метадам спроб і памылак паціху выводжу сваю формулу поспеху, – гаворыць Анжаліка Уладзіміраўна. – А даваць парады па догляду за фіялкамі і ўвогуле раслінамі не люблю: не хачу быць вінаватай, калі ў іншых нешта не атрымаецца.


Вялікую папулярнасць у кветкаводаў-аматараў сёння займелі стрэптакарпусы – прыгожыя невялікія расліны, якія адносяцца да таго ж сямейства, што і фіялкі. Калекцыя стрэптакарпусаў Анжалікі Уладзіміраўны пакуль што невялікая, але ўжо ёсць чым пахваліцца – ружовыя, жоўтыя, бардовыя, фіялетавыя… Ад рознакаляровых прыгожых кветачак немагчыма адвесці позірк.
Анжаліка Уладзіміраўна не толькі набывае чаранкі ці дзеткі раслін у заўзятых кветкаводаў, але і вырошчвае кветкі сама – з насення. Так у яе з’явілася невялікая пакуль што калекцыя цыкламенаў і глаксіній.


– Я ўпэўнена, што пры правільным пасеве і доглядзе, а таксама пры ўмове, што вам прадалі якаснае насенне, усхожасць раслін будзе стопрацэнтнай, – гаворыць жанчына.


Не змагла абысці Анжаліка Уладзіміраўна і распаўсюджаныя сёння архідэі.


– У мяне 21 архідэя. Як правіла, набываю ў магазіне ўжо перацвіўшыя расліны, апрацоўваю іх, стымулюю да росту і цвіцення і праз нейкі час любуюся прыгожымі кветкамі, – расказвае Анжаліка Уладзіміраўна, дэманструючы сваю калекцыю, частка якой ужо, дарэчы, “перасялілася” ў новы будынак Катлоўскага лясніцтва.


Зрэшты, туды пераехалі многія хатнія расліны з дому Мазыркаў. Да таго ж, Анжаліка Уладзіміраўна прыклала руку да добраўпарадкавання тэрыторыі лясніцтва.
Сёння, дзе б ні знаходзілася жанчына, куды б ні ехала, з любога падарожжа яна абавязкова прывозіць якую-небудзь расліну. І потым не адзін год яны радуюць яе ростам і цвіценнем. Многія з сённяшніх гадаванцаў Анжалікі Уладзіміраўны былі пасаджаны з костачак – і яны таксама цешаць вока гаспадыні.


– У сваіх сябровак я асацыіруюся толькі з кветкамі. Многія з іх таксама зацікавіліся развядзеннем хатніх і вулічных раслін. І на дзень нараджэння і іншыя святы заўсёды дораць мне якую-небудзь расліну.


Муж да хатніх кветак адносіцца спакойна. А вось да таго, што расце на вуліцы, у яго таксама ляжыць душа. Без яго дапамогі даглядаць за клумбамі было б складана. Тут кветак таксама вялікае мноства. Чаго толькі каштуюць калекцыі цюльпанаў, лілей, нарцысаў, ружаў, рададэндронаў – усяго не пералічыць.
Участак каля дома Мазыркаў – вялікі, дзесьці каля гектара. Частка яго адведзена пад кветнікі, другая – пад агарод, а ёсць жа яшчэ цяпліцы, садовыя кусты і дрэвы – таму работы тут хапае для ўсіх. Ды і любавацца прыгажосцю і добраўпарадкаванасцю таксама ёсць каму.



Не кветкамі адзінымі

Але не толькі кветкамі захоплена Анжаліка Уладзіміраўна. Ёсць у яе яшчэ шэраг цікавых захапленняў. Да прыкладу, жанчына прыгожа вышывае. Прычым тэмы для сваіх вышыванак яна не толькі чэрпае з часопісаў і інтэрнэта, але і прыдумвае сама. І атрымліваецца вельмі прыгожа. Сёння шыкоўныя карціны, вышытыя рукамі гаспадыні, упрыгожваюць сцены дома і ствараюць непаўторную ўтульнасць.
Яшчэ адно захапленне сям’і Мазырка – акварыумныя рыбкі. Самы, скалярыі, жамчужыны… Гэта захапленне – таксама напамін пра далёкае дзяцінства. А яшчэ акварыум – цудоўная магчымасць для ўвільгатнення паветра вакол раслін.
На вуліцы прырода яшчэ толькі абуджаецца ад зімовага сну… Але трапляеш у “кветкавы рай” Анжалікі Уладзіміраўны – і адчуваеш цеплыню, нібы і не было зімы, і адразу ж патанаеш у прыгажосці і цеплыні колераў, кветак, пачуццяў.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара
.