Евгения Буглак: красота помогает бороться с несчастьями
Колькі езджу па нашых невялікіх вёсачках, знаёмлюся з цікавымі людзьмі – столькі не перастаю здзіўляцца! У кожным чалавеку скрываецца вялікая патаемная сіла, якая дапамагае яму жыць, радавацца жыццю ці змагацца з нягодамі і перамагаць іх!
Маё знаёмства з Яўгеніяй Адольфаўнай Буглак спачатку было завочным. Пра яе расказала калега і параіла пазнаёміцца з гэтай незвычайнай жанчынай і расказаць пра яе. Гэта і стала асноўнай прычынай паездкі ў Міхалішкі. Ужо пры першай сустрэчы з ёй я зразумела, што сіле, мужнасці і стойкасці ў гэтай жанчыны можна павучыцца.
…У госці да Яўгеніі Адольфаўны я завітала нечакана і для яе, і для сябе. І, калі пастукала ў дзверы, ніхто не адчыніў. Спачатку разгубілася… Але вырашыла зайсці ў хату. Толькі прывіталася, як пачула: “Пачакайце, еду!”. І ў гэты момант з суседняга пакою спачатку паказалася інвалідная каляска, а потым і яе гаспадыня, Яўгенія Адольфаўна. Трэба было бачыць, з якой лёгкасцю яна ўпраўлялася з інваліднай каляскай, і як паслухмяна тая падпарадкоўвалася яе рукам! Хаця, напэўна, гэта толькі здаецца недасведчанаму чалавеку, якому ніколі не даводзілася самому сядзець у такім прыстасаванні.

– У школе я амаль выдатніцай была – добра вучылася і, думаю, што паступіць магла ў любую ўстанову. А ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут паехала за кампанію з сяброўкай. Хаця з дзяцінства любіла даглядаць за жывёлай і кветкамі. Я і цяпер мухі не пакрыўджу, – пачынае аповед пра сваё жыццё мая гераіня.
Лёс звязаў Яўгенію Адольфаўну з Міхалішкамі ў 1976 годзе. Тады яна разам з мужам Мар’янам Уладзіміравічам пасля заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута трапіла сюды па накіраванні.
– Мы пажаніліся пасля трэцяга курса, – расказвае Яўгенія Адольфаўна. –Так званая студэнцкая сям’я. Я – родам з Астравеччыны, муж – са Слонімскага раёна. Маглі б, канешне, да яго на радзіму паехаць, але ж мне надта хацелася ў родныя мясціны. Ужо ў Астраўцы нам прапанавалі на выбар Газу, Міхалішкі і Дайлідкі. Выбралі Міхалішкі.
…Заатэхнік, селекцыянер, загадчыца свінафермы, памочніца брыгадзіра – за гады працы ў калгасе Яўгенія Адольфаўна паспрабавала рознага “хлеба”. На той час дзіцячага садка ў Міхалішках не было, а дэкрэтны адпачынак у жанчын быў усяго год, таму, каб дапамагчы даглядаць за дзецьмі, да дачкі перабралася маці. А калі маладыя пачалі будаваць уласнае жыллё, першае патрабаванне Яўгеніі Адольфаўны было досыць незвычайнае: яна папрасіла мужа зладзіць у хаце вялікую рускую печ.
– Гэта мая памочніца, – паказвае Яўгенія Адольфаўна на вялізную печку, якая і сёння стаіць у кухні, нягледзячы на тое, што ў доме даўно праведзена газавае ацяпленне. – З раніцы нагатуеш на цэлы дзень, у печачку паставіш – у любы момант даставай – усё цёпленькае. Накладвай і еш. З маёй занятасцю печка пастаянна мяне выручала.
Дзеці – галоўнае багацце сям’і Буглак. Пра іх бацькі гавораць з гонарам.
– Старэйшая дачка Жанна закончыла філалагічны факультэт Гродзенскага ўніверсітэта, потым – аспірантуру. Яна – кандыдат філалагічных навук, працавала на кафедры славянскай культуры. Праўда, замуж выйшла пазнавата, – гаворыць Яўгенія Адольфаўна і ўсміхаецца. – Затое цяпер Жанна – шматдзетная мама, разам з мужам гадуе трох сыночкаў – Рычарда, Арцёма і Марка. Дзеці – самае вялікае шчасце для маці. Усё астатняе – гэта так, яго спадарожнікі.
А малодшая Таццяна выбрала зусім іншы накірунак: вучылася на юрыдычным факультэце таго ж універсітэта. А замуж выйшла за немца і пераехала ў Германію. І там працягвала вучыцца, атрымала яшчэ адну адукацыю і працуе менеджарам па Усходняй Еўропе ў фірме “Галівудская ўсмешка”. Але да бацькоў наведваецца часта – два разы ў год яна з намі.
– …І вось дом пабудавалі. Вялікі, прыгожы… Абгарадзілі – заглядзенне! І тут Яўгенія Адольфаўна зразумела, што нечага не хапае. Чаго? Кветак!
– Выйшла вечарам з лапатай і перакопваю абмежак перад плотам. А суседкі ідуць і смяюцца: “Ці табе агарода мала?” Я маўчу. Перакапала, разраўняла былы абмежак, пасеяла цыніі. Узышлі, зацвілі – прыгожа! І так патроху, то там, то сям пачалі на ўчастку з’яўляцца кветкі. А потым – пайшло-паехала.
Спачатку ў кветніках Яўгеніі Адольфаўны з’явіліся аднагадовыя расліны. А ўжо потым яна ўзялася за вырошчванне шматгадовых. І неўзабаве ўвесь прысядзібны ўчастак з вясны да восені поўніўся кветкамі розных колераў, пахаў і памераў.
– Я моцная жанчына была. Ужо калі вазьмуся за якую справу, то давяду яе да канца. І карову падаіць магла, і каня запрэгчы – дапамогі ніколі не прасіла і не чакала…
А дзесяць гадоў назад здарылася бяда… Яўгенія Адольфаўна трапіла ў аварыю – на яе наехаў “Урал”. Тады ніхто нават не адважваўся гаварыць услых, што яна будзе жыць. Урачы казалі: “Трэба чакаць”. А дочкі верылі, што іх мама, такая добрая, любімая, клапатлівая, адзіная ў свеце, паправіцца – і прыкладалі для гэтага ўсе намаганні: шукалі лекі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
Доўгіх шэсць месяцаў, калі Яўгенія Адольфаўна не тое, што падняцца – павярнуцца не магла, сталі месяцамі барацьбы за жыццё. І яна перамагла: стала папраўляцца і радаваць блізкіх сваімі ўсмешкамі, якія спачатку даваліся вельмі цяжка.
– А калі стала папраўляцца і зразумела, што буду жыць, няхай і не змагу хадзіць, вырашыла: буду жыць не для таго, каб псаваць усім настрой і быць абузай, а каб радаваць акружаючых мяне людзей прыгажосцю. Я і мужу, і дочкам тады сказала: як бы цяжка ні было, рабіце выгляд, што нічога не здарылася… І сама так жыву – стараюся быць звычайным чалавекам, хоць часта гэта даецца толькі дзякуючы вялікім намаганням, – гаворыць Яўгенія Адольфаўна, а на вачах блішчаць слёзы. Не роспачы, не вялікага гора, а слёзы радасці і жыцця!
Пасля выздараўлення Яўгенія Адольфаўна занялася лілеямі. На момант нашай сустрэчы гэтыя велічныя кветкі ўжо перацвілі і пра іх колькасць гаварылі толькі лілейныя парасткі, якія сёння растуць па ўсім участку Буглакоў. А яшчэ – стос каталогаў, якія Яўгенія Адольфаўна дэманструе, расказваючы пра свае любімыя кветкі. А яшчэ – назвы розных відаў лілей, якія, здаецца, сыплюцца, як з рога дастатку. І пра кожную яна расказвае доўга і з любоўю – на гэта здольны толькі сапраўдныя аматары любімай справы. Якая кветка, што яна любіць, як сёлета парадавала пышным цвіценнем і колькі бутонаў дала. Яна помніць усё!
– Гэта як хранічная хвароба. Яна цягнецца, цягнецца – і ад яе немагчыма вылечыцца. І не хочацца, калі бачыш вакол сябе прыгажосць. Як я з гэтым упраўляюся? – Убачыўшы ў маіх вачах нямое пытанне, якое я ніяк не магла задаць, Яўгенія Адольфаўна тлумачыць: уздоўж дарожкі, куды можа даехаць каляска, рыхлю глебу сама. Дзе не даеду – дапамагае муж ці сацыяльны работнік. Хаця і не хочацца яе нагружаць лішнімі клопатамі, але даводзіцца гэтым грашыць. Аднавяскоўцы дапамагаюць. Ды і дзеці часта прыязджаюць. Ведаеце, якія ўнукі мае малайцы! Яны самі прапануюць: “Бабуля, пайшлі пустазелле палоць”. А потым трохі пакорпаюцца і ўжо пытаюцца: “А навошта табе столькі кветак?” А мне так здаецца: прыгожага шмат не бывае!
Сумаваць Яўгеніі Адольфаўне не даводзіцца. Як толькі заканчваецца зіма, яна бярэцца за вырошчванне расады. Тады яе падваконнікі запаўняюцца кволенькімі парасткамі агуркоў, памідораў і, безумоўна, кветак. Пачынаецца вясна – і Яўгенія Адольфаўна, можна сказаць, перабіраецца на вуліцу. Кожная раслінка патрабуе клапатлівага погляду гаспадыні. А што ўжо гаварыць пра лета! Гэта час, калі Яўгенія Адольфаўна ўсю сябе прысвячае кветкам. Восень – час нарыхтовак. Памідорчыкі і агуркі, што растуць на прысядзібным участку, грыбы і ягады, якія муж прыносіць з лесу, – усё гэта перапрацоўваецца, соліцца-варыцца-марынуецца на зіму. А ў печы сушацца яблыкі і грушы, якія так любяць маленькія ўнучкі. Толькі зімой надыходзіць час для адпачынку – але і тады Яўгенія Адольфаўна не сумуе – чытае кнігі і часопісы. І марыць пра новы кветкавы сезон.
Яўгенія Адольфаўна старанна вядзе ўлік усяго, што размяшчаецца ў яе кветніку. А гэта ні шмат ні мала – 55 назваў раслін. А колькі сартоў, відаў, колераў! Крокусы, рабчыкі, цюльпаны, прымулы, ружы, флоксы, бузульнікі, лілеі і лілейнікі, розныя віды імхоў, каны, вяргіні…
Гэта варта бачыць! І хаця, як сцвярджае Яўгенія Адольфаўна, уся прыгажосць ужо адышла, паверце, паглядзець ёсць на што!
Ружы ўпрыгожваюць з двух бакоў сцежку, што вядзе да дома. Жоўтыя, белыя, ружовыя, чырвоныя, барвовыя… Уздоўж іх цвітуць аксаміткі і цыніі. Пасярод сядзібнага ўчастка, дзе паважна “гуляюць” штучныя буслы, узвышаюцца каны – вышынёй амаль што з дом. А побач раскінула свае вялізныя лісты клешчавіна – прызнаюся шчыра, клешчавіну такіх памераў я не бачыла нават у Крыме, хаця там, дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю, яна расце, як на дражжах. А бругмансія, якая вырасла амаль пад два метры! Хіба гэта не цуд?! А можа, гэта кветкавая ўдзячнасць за любоў і за жыццё!?
Непадалёк ад дома размясцілася лазня, уся тэрыторыя каля якой таксама патанае ў кветках. А ўнізе, за лазняй, разлілася велічная Вілія. Некалі Яўгенія Адольфаўна марыла разбіць на яе беразе за сваёй лазняй зону адпачынку. Хвароба пакуль што перакрэсліла яе планы. Але нават тое, што ўжо зроблена яе рукамі, прымушае радавацца і верыць!
– Я жыву на аптымізме. Людзі розныя бываюць: адзін раз пашкадуюць, другі, трэці…, а потым і патэлефанаваць баяцца – а раптам я што-небудзь папрашу? Але я ніколі не крыўдую. Раз Бог даў мне такі крыж, то трэба яго падняць і несці – як рабіў гэта Хрыстос!
Алена ЯРАШЭВІЧ.