Елена Костюк: "География и биология мне нравились всегда. Только вот про профессию учителя не думала"

Яна спакойная і стрыманая ў эмоцыях, такая дамашняя і непаўторная ў сваёй спакойнасці і любові да дзяцей і ўвогуле – да ўсіх людзей.

Алена была сярэдняй дачкой у сваіх бацькоў. Нарадзілася яна ў звычайнай вясковай сям’і ў Навагрудскім раёне. Незвычайным, бадай што, было толькі тое, што бацькі дзяўчынкі Канстанцін Канстанцінавіч і Аляксандра Міхайлаўна былі вадзіцелямі.
Менавіта так: і тата, і маці дзяўчынкі працавалі вадзіцелямі ў мясцовым калгасе. Маці рана засталася сіратой і вымушана была зарабляць на жыццё, таму і прафесію выбрала не зусім звычайную для жанчыны: закончыла прафтэхвучылішча і пайшла ў калгас вадзіцелем. А потым і з хлопцам, таксама вадзіцелем, пабраліся.
Бацькоў Алена і яе дзве сястры бачылі не так часта, як гэтага хацелася дзецям. Асабліва складана было падчас уборкі, калі з раніцы да ночы мама з татам былі на працы.
Раніцай будзіць сваіх дзяўчынак маці шкадавала. Накрывала ім на стол і ехала на работу. У школу яны збіраліся самастойна. Вярталіся дадому, выконвалі дамашнія заданні і матуліны даручэнні і бавілі час са сваімі аднагодкамі.


– Наша дзяцінства было звычайным, вясковым. Ва ўсіх нас былі абавязкі. Старэйшая сястра адказвала за парадак у доме. А мы дапамагалі і рабілі ўсё, што яна нам загадвала, – расказвае Алена Канстанцінаўна. – Сястра была “завёрнута” на чысціні – напэўна, таму і стала медыкам. Але не скажу, што заняты мы былі толькі працай. Хапала часу і на адпачынак, і на забавы, і на вучобу. У нашай вёсцы была вялікая школа: мы нават вучыліся ў дзве змены. У маім класе, да прыкладу, было 33 вучні. І матэрыяльна-тэхнічная база ў школе была добрая. Помню: на зімовыя канікулы нам давалі лыжы і канькі. Вядома, не кожнаму, а на тры-чатыры чалавекі. І ўсе мы добра каталіся. Нядаўна паехалі з дзецьмі ў Лядовы Палац у Маладзечна, і ўрокі дзяцінства ўспомніліся – аказваецца, магу яшчэ на каньках стаяць! А цяпер маю родную школу закрылі, і нагадвае пра школьнае дзяцінства толькі будынак.


Алена Канстанцінаўна прызнаецца, што быць настаўнікам не марыла. З дзяцінства яна любіла чытаць, і ноччу, часта хаваючыся ад бацькоў, чытала кнігі пад коўдрай. І нават хацела пасля 9 класа паступаць у бібліятэчны тэхнікум. Вучыцца дзяўчыне падабалася, і атрымлівалася ў яе гэта нядрэнна – толькі пяцёркі стаялі ў дзённіку. А тут на экзамене па геаметрыі яна неспадзявана для сябе самой і настаўнікаў атрымала чацвёрку. І мары пра паступленне без экзаменаў былі перакрэслены.


– Геаграфія і біялогія мне падабаліся заўсёды. І таму менавіта з гэтымі прадметамі я вырашыла звязаць сваё жыццё. Толькі вось пра прафесію настаўніка не думала, – расказвае Алена Канстанцінаўна. – Прыкладам для мяне заўсёды была дзяўчына з нашай вёскі, старэйшая за мяне на восем гадоў, – яна пасля школы паступіла ў Ленінградскі метэаралагічны інстытут. Часам і ў мяне з’яўляліся такія думкі. Але для мяне яны былі нязбытнай марай. А паступаць на прыродазнаўчы факультэт Мінскага педінстытута прапанаваў брат, які сам яго закончыў.


Вучыцца было цікава: новыя прадметы, назвы, паняцці, веды, пра якія ў школе нават не чулі. Менавіта тут яна адкрыла для сябе чырвонакніжныя расліны, якія раслі на бабуліным хутары, а ніхто нават і не здагадваўся, што іх трэба ад некага абараняць і ахоўваць. Тут яна зацікавілася экалагічнай работай. А колькі ведаў і пазітыўнага настрою атрымлівалі студэнты падчас практыкі!


– Штогод пасля летняй сесіі на паўтара месяца мы ехалі на практыку ў розныя рэгіёны краіны. Асабліва запомнілася практыка на Сожы, – успамінае Алена Канстанцінаўна. – Было гэта яшчэ да чарнобыльскай катастрофы. Было так здорава і так цікава! З аднаго боку строгія педагогі – нашы выкладчыкі, з другога мы – бесклапотныя студэнты. Але мы так цудоўна разумелі адзін аднаго! Усё строга па графіку: зарадка, снеданне – паспрабуй накарміць 60 галодных студэнтаў! Есці варылі па чарзе. У ход ішло ўсё, што было ў лагеры, часам нават грыбы і ягады. Падчас той практыкі мы пазнаёміліся з цяжкасцямі жыцця, навучыліся смяяцца з сябе і сваіх аднакурснікаў. Раніцай падымаемся, ідзем на зарадку і па дарозе падыходзім да дошкі аб’яў пачытаць меню. А там красуецца велізарны плакат, на якім чорнымі літарамі напісана: “Разгрузачны дзень”. Мы да вогнішча – ні дзяжурных, ні вёдраў з ежай... Усе паверылі, што засталіся без снедання. А на справе аказалася, што дзяжурныя ўсталі за некалькі гадзін да нашага пад’ёму, наварылі 9 вёдраў ежы і схавалі яе ў лесе! А за ўсялякія правіннасці, якія адбываліся не таму, што мы былі злосныя, а таму, што так было весялей, мы мылі вёдры – пяском, травой і вадой. Ні пра якія “фэйры” тады яшчэ нават размоў не вялося. Але гэта лета – з клопатамі, праблемамі, жартамі і рамантыкай – запомнілася на ўсё жыццё.


Калі Алена Канстанцінаўна вучылася на пятым курсе, студэнты павінны былі праходзіць практыку ў школе. Гэты час якраз супаў з першымі месяцамі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС – і лепшых студэнтаў, старшынь камсамольскіх атрадаў накіравалі ў Чарнобыльскія раёны.


– Трапіла я ў вёску Выдрынка Краснапольскага раёна. Гэта было сапраўднае “баявое хрышчэнне”: далі праграму і адправілі ў клас. Побач няма старэйшых настаўнікаў, якія падкажуць, растлумачаць, дадуць параду. Толькі ты, дзеці і веды, атрыманыя за гады вучобы. Гэта была школа настаўніцтва. А пазней – ужо пасля таго, як мы адтуль паехалі, – я даведалася, што вёску і ўсіх жыхароў эвакуіравалі.


За такі “подзвіг” студэнтам, якія працавалі ў чарнобыльскай зоне, далі права выбару пры размеркаванні. Маладая настаўніца папрасілася ў родны раён, вёску і нават школу – тую самую, у якой яшчэ пяць гадоў назад вучылася сама.
Там яна выйшла замуж, там нарадзіўся старэйшы сын Андрэй.
А потым па збегу абставін сям’я трапіла ў Астравец – тут знялі кватэру, а Алена Канстанцінаўна ўладкавалася на працу ў Гудагайскую школу. А калі пашчасціла купіць дом у Малях, настаўніца змяніла школу ў Гудагаі на Мальскую.


– Як у паэтаў і пісьменнікаў ёсць самыя пладатворныя перыяды, так і «мальскі перыяд» – самы значны ў маім жыцці. З першага дня тут усё стала такім блізкім і дарагім: калектыў педагогаў, дзеці, іх бацькі. Мы ўсе былі як родныя, разумелі адзін аднаго і дапамагалі. Гэта называецца – трапіць у патрэбны час у патрэбнае месца. Словам, мне пашанцавала.


У Мальскай школе Алена Канстанцінаўна выкладала любімыя са школы прадметы – геаграфію і біялогію, да іх дадалася яшчэ і хімія. Больш за ўсё настаўніцы падабалася экалагічная работа. Яна зацікавіла гэтым сваіх школьнікаў. Яны з задавальненнем удзельнічалі і перамагалі ў шматлікіх конкурсах экалагічнага накірунку. За тыя гады было зроблена шмат карысных спраў і для школы, і для вёскі.
Асабліва ўзрадаваліся выхаванцы Алены Канстанцінаўны, калі падчас аднаго з конкурсаў атрымалі грамату за цэласнасць кампазіцыі ад батанічнага сада.


– Для нас гэта была самая дарагая ўзнагарода! Мы проста рабілі сваю справу – добраўпарадкавалі школьную тэрыторыю, каб было прыгожа, каб дзеці радаваліся. А потым прачыталі, што батанічны сад праводзіць конкурс. І адправілі на яго фотаздымак адной нашай клумбы. І тут – такая ацэнка! І ад каго! Батанічны сад Беларусі, дзе працуюць людзі, якіх складана чымсьці здзівіць!


А потым быў удзел у конкурсе метадычных распрацовак “Адкрыты ўрок”, які праводзіла “Настаўніцкая газета”. І перамога!


– Сама б я, напэўна, ніколі не адважылася ў ім паўдзельнічаць. Адміністрацыя школы настаяла. Я склала самы звычайны ўрок, якія праводзіла амаль штодня – і адправіла на конкурс. І зноў высокая ацэнка! Пра тое, што я трапіла ў лік васьмі мацнейшых настаўнікаў, даведалася ад сваёй калегі Вольгі Рамуальдаўны Нікалайкавай – яна першай прачытала ў “Настаўніцкай газеце” аб маёй перамозе, – расказвае Алена Канстанцінаўна. – Мне здавалася, што гэта тое, пра што можа марыць кожны настаўнік. І ні пра што большае я нават не задумвалася. А напярэдадні Дня настаўніка прыйшло паведамленне, што мой урок увайшоў у тройку мацнейшых, а мяне запрашаюць на падвядзенне вынікаў конкурсу ў Мінск. Спачатку не магла паверыць ні сваім вушам, ні сваім вачам!
І толькі ў Мінску падчас узнагароджвання стала вядома, што мой урок стаў абсалютным пераможцам конкурсу і атрымаў Гран-Пры. Ад нечаканасці я так разгубілася, што нават не змагла нічога сказаць. Калі закончылася мерапрыемства, атрымала СМС ад дырэктара: “Малайчына! Мы ўсё бачылі!”. Аказваецца, уся школа глядзела відэатрансляцыю мерапрыемства ў ан-лайн рэжыме.


Словам, тады перамозе Алены Канстанцінаўны радаваліся ўсе: і педагогі, і вучні, і яна сама. А найбольш, напэўна, за сваю маму радаваліся яе дзеці – Андрэй і Дар’я.


– З часам я стала смялейшай. Пасля перамогі давялося некалькі разоў выступаць на “круглых сталах”, семінарах і курсах. А аднойчы заходжу ў аўдыторыю да настаўнікаў і бачу: з апошняга раду мне нехта рукой махае. А гэта стараста нашай групы – дзяўчына, з якой я не бачылася з моманту заканчэння педінстытута. Колькі радасці было…


Калі адбылася рэарганізацыя Мальскай базавай школы, Алене Канстанцінаўне прапанавалі выкладаць геаграфію і хімію ў гімназіі №1 Астраўца.


– Але весці хімію не хіміку, тым больш пасля такога таленавітага настаўніка, як Віталій Тадэвушавіч Стаціна… На такое я пагадзіцца не магла… Ды і спадзявалася, што змагу застацца ў Мальскай школе. Толькі не атрымалася.


Сёння Алена Канстанцінаўна Касцюк працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі №1 Астраўца і выкладае тут сваю любімую геаграфію. Яе час распісаны літаральна па хвілінах. І большая частка яго цяпер прысвечана настаўнікам, за якіх яна ў адказе.


– З новым калектывам я працую першы год. Тут у мяне ёсць надзейныя памочнікі ў асобе дырэктара гімназіі і намеснікаў. Ды і ў пачатковых класах, якія я курырую, працуюць ініцыятыўныя і творчыя настаўнікі, таму праблем не ўзнікае.


А дома маму чакаюць сын Андрэй, які, хоць і дарослы ўжо, але для мамы па-ранейшаму застаўся любімым хлопчыкам, і дачушка Дар’я, якая вучыцца ў 10 класе гімназіі №1.


– Андрэй – самастойны чалавек. Нядаўна ён адкрыў прыватнае прадпрыемства. Больш часу цяпер ён праводзіць па-за сценамі дома, тым не менш ён – мой першы памочнік і па дому, і ў адносінах з малодшай дачкой. У гэтым годзе мяне здзівіла і дачка, калі аб’явіла, што хоча паступаць на геаграфічны факультэт і будзе настаўніцай. Аказваецца, яна даўно зрабіла такі выбар, толькі мне не рашалася пра яго сказаць. Адгаворваць не буду – гэта яе жыццё. А яшчэ Даша любіць спяваць – многія кажуць, што атрымліваецца ў яе гэта добра, – разважае Алена Канстанцінаўна.


Ды і сама Алена Канстанцінаўна цікавы чалавек. Акрамя школы і вучняў, у яе ёсць іншыя захапленні – гэта вязанне і вышыўка. А яшчэ – кветкі, якія растуць і ў доме, і на двары. Алена Канстанцінаўна любіць падарожнічаць, найбольш прыцягваюць яе горы: экстрым, які там атрымліваеш, можна хіба што параўнаць з усім жыццём, з яго радасцямі і нягодамі, спакойнымі і імклівымі днямі.
У мінулым годзе ў жыцці Алены Канстанцінаўны Касцюк адбылася яшчэ адна значная падзея: рашэннем райвыканкама яе партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару. Гэта знамянальная падзея і перамога – не першая і, хочацца спадзявацца, не апошняя ў яе жыцці. Ва ўсякім выпадку, мы жадаем ёй менавіта гэтага.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара
.