Эх, жыццё! Розныя ў цябе бакі: хапае і дабрыні, і жорсткасці…

– Вось цікава, каб Бог каму з молада ягоную долю паказаў – ці паверыў бы чалавек? Ну, што давядзецца столькі выцерпець… Прайсці праз столькі пакут… Кожны ж думае: вось ужо я дык дакладна шчаслівым буду; гэта ў іншых беды, а мяне яны бокам аблятуць… Бо чалавек будучыняй ратуецца: цяжка яму сёння – ён марыць, як будзе радасна заўтра ці праз год, ці калі дом дабудуе, ці калі дзеці падрастуць, ці калі на пенсію выйдзе…
Ну і няхай марыць, няхай ратуецца. Наканаванае ўсё роўна адгаласіць прыйдзецца. Хоць, канешне ж, не адно гора ў жыцці здараецца – бываюць і добрыя дні… Толькі да гаротнага мы неяк больш прывязаныя – жывём і помнім, жывём і носім у сабе застарэлы боль…
Узяць хоць бы мяне… Жартачкі: пад сотню ўжо падкульваюся – я з 1919 года. На старасць вось дзеці ў Астравец перавезлі – гарадской стала. Смех і грэх!

Я ж вясковая. І бацькі мае, і дзяды, і прадзеды… А дзецям, бач ты, захацелася ў горад – мяняецца жыццё: іншыя святыя цяпер верхаводзяць… Няма былой павагі да зямлі… Ясная справа, на асфальце нагам зручней…
…Мама з татам з адной вёскі былі – з Жукойняў Жалядскіх. Пажаніліся з кахання, бо і даўней яно паміж людзьмі хадзіла. Нарадзілі пяцёра дзяцей, а я з іх – самая старэйшая. Да працы былі прыстаўлены з маленства, але па чужых дварах не служылі. Наймаліся часам да пана жыта жаць ці лес садзіць, але так, каб зусім у парабкі ісці, не было патрэбы. У нас жа свая пара коней была і дзве каровы…
Многа з дзяцінства памятаю: як калядавалі, як да Першай Камуніі прыступала, як у школу пайшла… Але найярчэй у памяці адбіўся пажар…
Тата тады на начлезе з коньмі быў, у хаце – толькі мы і мама.
Жалядзі загарэліся бліжэй да раніцы. Ды так моцна, што агонь пакаціўся праз вёску хваляй. Усё бліжэй, бліжэй да нас… Навокал крык, гвалт. Хто што з хаты выносіць. І я вынесла самае дарагое майму сэрцу: пеларгонію. Вельмі ўжо ж прыгожыя кветкі ў яе былі – на ўсёй вёсцы другой такой не знайсці…
Згарэла б вёска ўшчэнт. Але адзін мужык здагадаўся: абнёс агонь цудатворным абразам Маці Божай Вострабрамскай – і агонь звярнуў убок. Суфрановіч яго звалі. Яго потым саветы вывезлі, бо быў добрым гаспадаром.
Тады многіх заможных пазабіралі. Памятаю, як везлі солтыса, яшчэ колькі сем’яў. Мы якраз у касцёле былі – павысыпаліся глядзець. Іх на Пяшкарышкі тады павязлі, там у Гялядні пасадзілі ў цягнік – і на Вільню…
Касцёлы сталі зачыняць. У Клюшчанах, людзі расказвалі, войска нейкае прыйшло і разбурыла касцёл. У нас арыштавалі ксяндза. Але людзі ўсё роўна маліліся. Звычайна перад уваходнымі дзвярыма. А на вялікія святы адчынялі касцёл.
Памятаю, на Шкаплерную ў касцёл набілася народу – усім хацелася перад алтаром памаліцца. І тут заходзяць двое ў цывільных касцюмах і з імі міліцыянер:
– Што вы тут дзелаеце?
– А што вам за справа? – закрычалі людзі.
Старэйшыя тут жа зачынілі ўваходныя дзверы на замок, і з касцёла ўсе выходзілі праз захрыстыю.
Касцёл наш, у адрозненне ад многіх іншых, не зганьбілі. Можа, людзі адважнейшыя былі – баранілі мацней. Хоць хутчэй дапамагло тое, што ён пры могілках стаіць – пасаромеліся трывожыць мерцвякоў…
А жыццё ішло сабе і ішло. І пры любым урадзе моладзі хочацца спяваць ды таньчыць. Упершыню на “дарослыя” танцы мяне завялі мае суседкі. Мне тады было 17 гадоў. Танцы я ведала: і вальса, і каробачку, і кракавяк… Таму што мы, падлеткі, таксама ладзілі свае “скокі” – вучыліся адзін ад аднаго…
Замуж пайшла на 20-ым годзе. Пазнаёмілася з хлопцам з Сухарышкаў. Віця зваўся. Праз вечар гуляць мяне браў. І да хаты павёў.
– Прыеду ў сваты, – кажа. – Пойдзеш за мяне?
–Калі будзеш браць, – адказваю, – пайду.
Тата даў добры пасаг: каня, карову, свінню вялікую і авечку. І вяселле зрабіў.
Жыць мы сталі ў Сухарышках. Разам са свякроўкай. Яна была жанчынай нядрэннай – мірна жылі, не вадзіліся.
У 1941 годзе зацяжарыла я. Ужо і да родаў было недалёка, як давялося мне гной растрасаць на полі. Пяць вазоў растрэсла… А каму было? Вясна на двары – сеяць трэба, а мы з мужам толькі ўдваіх…
Пад вечар мяне скруціў боль, пахварэла ноч і раніцай нарадзіла мёртвага хлопчыка.
У пекле
Потым прыйшоў немец. Маладых людзей пачалі хапаць і вывозіць у Германію на работы. Мы ведалі пра гэта і хаваліся ў лесе. Але якраз жа – вось скажы, што няма лёсу! – трэба было ў вёску сабрацца…
Немцы ішлі ўскрайкам лесу і нас схапілі: мяне і чатырох дзяўчатак, родных паміж сабой сясцёр.
Завязлі – ажно пад швейцарскую граніцу. Прыпёрлі на завод. Чатырох сясцёр прыстроілі на кухню – бручку скрабсці. А мяне ўбралі ў грубыя порткі і пінжак. І павялі некуды ўніз.
Падводзяць да акна, а там печ нямаведама якога памеру. І агонь ў ёй страшэнны. Страх мяне агарнуў: мо ўжо ў пекла трапіла, думаю…
Адцягнулі ад гэтага акна, паказваюць на стол. А там зэгаркі такія – тэмпературу мераць. Сюды мяне і прыставілі. Паказалі адну ручку, што вытыркалася збоку. Сказалі: “Пачапаеш яе – павесім на месцы”…
Завод выпускаў карбід. І гэтым займаліся палонныя рускія. Як карбід быў гатовы, яны стукалі ў дзверы дронам. Я адкрывала засланку, і карбід вывальваўся ў іншую печку.
Праз нейкі час маё месца ля тэрмометраў заняла немка, а мяне перавялі ў іншае. Там я вялікія кавалкі карбіду драбнавала на маленькія вугельчыкі і ссыпала іх старому немцу, што сядзеў у спецыяльнай будцы.
Кармілі бручкай. І той не заўсёды хапала. Але неўзабаве з дому сталі прыходзіць пасылкі – на іх і трымаліся. Муж прыслаў ліст, што запісаўся ахвотнікам і хоча прыехаць да мяне ў Германію. Я яго, як магла, адгаворвала.
Потым вайна пакацілася пад Берлін. І нас вызвалілі. У лютым 1945 года я вярнулася дадому.
А ў верасні таго ж года рускія забілі майго мужа. Хадзілі такія лапуны па вёсках – лавілі мужчын у армію. Віця спрабаваў уцячы праз акно – на агародзе яго застрэлілі…
Я засталася цяжарнай. І ў снежні нарадзіла дачушку.
…Не хацеў Віця ў армію. А каму было служыць? То Польшча тут у нас, то Расея, то Нямеччына… А ён хацеў, каб на сваёй зямлі. Каб працаваць. Каб я побач. І каб дзіця наша пагушкаць. Добры быў чалавек. І гаспадар руплівы. Чым старэй раблюся, тым часцей яго ўспамінаю…
Трэба жыць далей...
Пагаласіла. Ай, што там казаць: праклінала… Але трэба было жыць далей. І гаспадарка, і дачушка – Віцева памяць… Перавязала галаву ўдовінай хустай і пайшла да работы…
Але справіцца ў адзіночку з зямлёй было не па сілах. Трэ было замуж выходзіць. Гаспадарка ў нас з Віцем была спраўная – жадаючых стаць яе гаспадаром хапала…
Пасватаўся да мяне пляменнік Віцеў. Не хацела ісці, але тата ўгаварыў: “Ідзі, – кажа, – дзетка. Зямлі ў яго кавалак някепскі. І сам, здаецца, чалавек нядрэнны. І радня ўсё ж – да тваёй дачушкі будзе лягчэй ставіцца…”
Вось так у 1947 годзе я выйшла замуж у другі раз.
Тры сыны у нас з другім мужам нарадзіліся і дачка. Пяцёра дзяцей… І стала я маці-гераіняй. Медаль нават далі. Жоўты такі, на адным баку матка сядзела… Не ведаю, дзе ён. Дзеці малыя былі – цягалі з шафы, бавіліся. Недзе згубілі…
Ці любіла другога мужа? Любіла. Як жа можна жыць, калі не любіш?.. І ён быў нядрэнным чалавекам. Руку на мяне ні разу не падняў. Але выпіць любіў. А дзе гарэлка, там і брыдкія словы. Але сабака гаўкае – вецер носіць…
Работы Зігфрыд меў лёгкія: то брыгадзірам, то ў кацельні. Не перапрацаваўся. Але захварэў на ныркі. Можа, з-за гарэлкі? Напалохаўся тады і кінуў піць. 14 гадоў не піў, а ўсё адно маладым памёр.
20 гадоў я жыла адна. Дзеці паразляталіся хто куды: Тарэса жыве ў Таліне, Дануся – у Вільні, Зянон, Валік і Іван – у Астраўцы.
Прыязджалі, дапамагалі: і абкосяць, і зааруць… Ну і я ім дагадзіць старалася: смачней есці прыстроіць.
Ох, якія я некалі булкі выпякала! Наробіш перад Калядамі колькі брытваноў ды ў печ. Падрастуць, зарумяняцца, а пах – ажно нос круціць! А якія блінкі ў печы выходзілі! Пышныя! На газе такія не робяцца. І масла да блінкоў сваё – самі білі. Не заўсёды, канешне, было – прадавала ў Міхалішках на рынку, бо капейчына патрэбная была…
На абед заўсёды страву варыла: у гаршчок мяса пакладзеш, капусты, бульбачкі і – у печ. Страву была мода “засёрбаць” – для гэтага кожны раз у канцы абеду падавалі макароны на малацэ. Пшаніцу вальцавалі ў Свіры і з гэтай мукі рабілі свае макароны…
З мясам бяды не было, бо кожны год па два кабаны калолі: перад зімой і пад вясну. А ўвосень авечкі рэзалі. Частку мяса прадавалі, частку пакідалі сабе. А якая вантрабянка атрымлівалася! Хіба гэтую, з крамы, можна вантрабянкай назваць?! Вось і я кажу: не.
З малака тварог рабіла – сыры потым ціснула ці сырнікі пякла.
А ўжо з бульбачкі!.. Навару бульбы ў лупіне. Абяру акуратна. Стаўку на кашу. Падзялю на ляпёхі і кожную – у муку пятляваную. Спяку іх у брытваніку, перакладу ў каструльку і залью скварачкамі. А не – маслам…
Бліны таркаваныя мае дзеці вельмі любілі. Часта і густа пякла. А яшчэ з гусяціны смачна вырабляла: на вялікую патэльню пад спод пакладу кавалкі гусі, паверх – бульбяное цеста. Запяку ў печы напроць полымя, потым падтушу – ядуць мае дзеткі, аж трэск ідзе!
І гуркі салілі. І варэнне варылі. Без цукру, праўда. Цукар прадаваўся – можна было купіць, але дзе грошы на яго браць?! Брусніцы і чарніцы стаялі і без цукру…
Кісель часта варыла – малыя любілі. Са свайго крухмалу. Здзяру бульбу, адкіну на гэтакае сіцечка. Жыжка выцячэ на лахман – высушыш, і табе крухмал. Журавіны потым у варатак і на сіта, крухмалу туды і, калі ёсць, цукру…
…Даўно было. Быллём парасло. І не вару, і не кармлю. Цяпер дзеці мяне кормяць.
Калі мне за дзевяноста пераваліла, сын забраў да сябе. Жыву цяпер, як пані, у пачоце. У халадзільніку поўным-поўна. Толькі вось не ўсё цяпер есці магу. Курку вараную, каўбаску доктарскую… А найбольш кашы – яны мне цяпер і па зубах, і па страўніку…
Ці ж магла б я паверыць, што некалі стану такой нямоглай? Што не я дзецьмі, а дзеці мной будуць апекавацца? Здавалася, заўсёды буду спрытнай… Але ва ўсім ёсць свой пачатак і сваё заканчэнне…
Эх, жыццё! Розныя ў цябе бакі: хапае і дабрыні, і жорсткасці…


----------------------------------
Запісала Ганна ЧАКУР, фота аўтара.