Эдуард Безляпович гордится тем, что 35 лет он работает на одном месте – в СПК "Гудогай"

БезляповічНе многія могуць пахваліцца трыццаціпяцігадовым бесперапынным стажам працы на адным месцы. А галоўны інжынер-будаўнік СВК “Гудагай” Эдуард Вікенцьевіч Безляповіч – можа! Ён прыйшоў у гаспадарку ў далёкім 1980 годзе і да гэтага часу працуе тут: дзякуючы калгаснай будаўнічай брыгадзе “памаладзелі” і ўбраліся ў новыя строі фермы, блакітны агеньчык жыцця “пасяліўся” ў дамах у вёсцы Палушы, а многія сем’і працаўнікоў звілі ўтульныя гнёзды ў новых калгасных кватэрах. І гэта толькі скарочаны спіс дасягненняў: не хопіць пальцаў на руках і нагах, каб пералічыць усе здабыткі будаўнічай калгаснай брыгады на чале з галоўным інжынерам-будаўніком.

Менавіта пра такіх людзей кажуць “залатыя рукі”. І з народным выслоўем не паспрачаешся.
– Я ніколі асабліва не задумваўся, кім быць. Гэта зараз маладыя выбіраюць спецыяльнасці з моднымі назвамі, а мы ў свой час выбіралі простыя, рабочыя прафесіі, – гаворыць Эдуард Вікенцьевіч. – Я падаў дакументы ў Вільнюскі будаўнічы тэхнікум. Пасля яго заканчэння мяне чакала размеркаванне, але Антон Іванавіч Галяк, старшыня калгаса імя Мічурына, “пераманіў” да сябе. Першы мой працоўны дзень пачаўся 20 чэрвеня 1980 года – помню гэтую дату, як “Ойча наш”. Мяне сустрэлі трухлявыя склады і майстэрні, фермы на падпорках... Колькі зроблена за гэты час, і ўсё – сваімі сіламі! Мы пабудавалі адміністрацыйны будынак у Палушах, цэлую вуліцу адна- і двухкватэрных дамоў, васьмікватэрны жылы дом, дзіцячы садок на 45 месцаў, зернесклады; газіфікавалі Палушы, прычым адны з першых у раёне; у 2010 годзе “з нуля” пабудавалі малочна-таварны комплекс “Германішкі”.
На памяці Эдуарда Вікенцьевіча ў кааператыве “Гудагай”, які неаднаразова рэарганізоўваўся і “паглынаў”, больш дробныя гаспадаркі, змянілася шэсць старшынь, а ў яго самога – толькі запісы ў працоўнай кніжцы: майстар-будаўнік, прараб, намеснік старшыні, галоўны інжынер-будаўнік.
– Зараз завяршаем падрых-тоўку майстэрняў да абласнога семінара. Тут створаны ўсе санітарна-бытавыя ўмовы для работнікаў: ёсць лазня, раздзявальныя пакоі, праведзена ацяпленне. Працягваюцца работы па добраўпарадкаванні іншых калгасных аб’ектаў: на ферме “Рукшаны” замянілі дах, давялі да “розуму” зернесклады ля ферм “Дайноўка” і “Лоша”, – расказвае Эдуард Вікенцьевіч. – Пашанцавала нам са старшынёй. Эдуард Іванавіч Садоўскі дапамагае і словам, і справай, а ўсе будаўнічыя работы ў нашым кааператыве вядуцца гаспадарчым спосабам. У СВК “Гудагай” пяць будаўнічых брыгад, у нас працуюць зваршчы-кі, тынкоўшчыкі, каменшчыкі. Падрадныя арганізацыі прыцягваем толькі ў тым выпадку, калі ў нас няма ліцэнзіі на выкананне пэўных работ.
Па прызнанні Эдуарда Вікенцьевіча, калі матэрыялы ёсць, людзі працуюць, а работа на будаўніцтве адладжана – душа радуецца!
А дома яго чакае любая жонка Алена, з якой яны крочаць па жыцці ўжо не адзін дзясятак гадоў, выгадавалі двух сыноў – Алега і Паўла – і дачакаліся ўнукаў.
Эдуард Вікенцьевіч Безляповіч дакладна ведае, што простае чалавечае шчасце, якія б “залатыя рукі” ні меў чалавек, адзін, без падтрымкі другой палавіны, не пабудуеш.

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.