Двадцать два года добросовестной работы

Ён працуе на адным месцы вось ужо дваццаць два гады – і ніколі не задумваўся аб тым, каб змяніць месца працы. Адказны, добрасумленны, вопытны работнік, які з’яўляецца прыкладам для больш маладых і пачынаючых работнікаў, партрэт якога не першы год знаходзіцца на Дошцы гонару прадпрыемства. Усё гэта – пра кампрэсаршчыка-грузчыка ДП “Сельгастэхніка” Уладзіміра Людвікавіча Багдановіча.


Ужо з дзяцінства Уладзімір цягнуўся да тэхнікі – як і для большасці равеснікаў, для яго было за шчасце пракаціцца на трактары ці грузавіку. А калі яшчэ добры вадзіцель дазволіць крыху “паруліць” і з гонарам праехацца па роднай Лазоўцы – аб гэтым наогул можна было толькі марыць! Юнак вырашыў зрабіць мару рэчаіснасцю – і праз некалькі гадоў ужо працаваў трактарыстам у калгасе.
Пасля была армія: Яраслаўская вобласць і два гады службы ў ракетных войсках. “Ракетчыкам” па кантракце Уладзімір застацца не захацеў і вярнуўся працаваць у калгас. Але праз некаторы час хлопец усё ж такі вырашыў змяніць месца працы і прыйшоў у “Сельгастэхніку”. І застаўся тут на ўсё жыццё.
–Спачатку працаваў грузчыкам і па сумяшчальніцтву – трактарыстам, – успамінае Уладзімір Людвікавіч. –А затым узнікла вытворчая неабходнасць – прайшоў навучанне на машыніста кампрэсарных установак. Вось так з тых часоў і працую.
Дваццаць два гады – немалы тэрмін. Для кагосьці – цэлае жыццё, для некага – неабсяжнае далёка, а для Уладзіміра Людвікавіча – працоўны стаж. Нямала зрабіў ён за гэты час.
–Што ўваходзіць у мае абавязкі? Ды нічога асаблівага і звышнатуральнага. Напрыклад, выгрузка даламітавай мукі ці іншых угнаенняў, што паступаюць да нас па чыгунцы. Прыходзіць вагон – і мы павінны яго разгрузіць. Ды гэта доўга тлумачыць, лепш адзін раз убачыць. Скажу толькі, што работы хапае. Але нічога мяняць не хачу. Шчыра кажучы, і думкі такой не ўзнікала. А навошта? Нешта змяняць, параўноўваць, шукаць лепшага? Лёгкага хлеба нідзе не бывае. Мяне тут усё задавальняе, абавязкі свае я добра ведаю, а калі ведаеш сваю работу, ніякіх цяжкасцей, па-мойму, узнікаць не павінна. Прыйшоў – і працуй на здароўе.
Працоўны дзень у Уладзіміра Людвікавіча бывае часам ненарміраваным: прыйдзе, напрыклад, вагон з угнаеннем вечарам – і яго неабходна тэрмінова разгрузіць. Але на ўсе гэтыя нюансы мужчына глядзіць з усмешкай – трэба, значыць трэба.
Аднак не работай адзінай… Дома Уладзімір Людвікавіч таксама – руплівы і старанны гаспадар. А ў вольны час любіць мужчына парыбачыць або пайсці ў грыбы, бо лічыць, што адпачынак на прыродзе – лепшы сродак пазбавіцца ад стомленасці і назапасіць фізічныя і маральныя сілы.


-------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.