Диана Азатян: "Всё в наших руках", поэтому их нельзя опускать
Сучасныя тэхналогіі не стаяць на месцы, яны ўсё больш развіваюцца і ўдасканальваюцца. Сусветная павуціна паглынае ўсё больш інфармацыі, ператвараючы яе ў электронныя варыянты. І ў гэтым віхры нанатэхналогій усё часцей узнікае пытанне: ці ёсць у сучасным жыцці месца звычайнай кнізе? “Канешне, ёсць!” – рашуча адказвае Дзіяна. І ў прыгожых вачах дзяўчыны столькі ўпэўненасці і рашучасці, што не верыць ёй немагчыма. І ўсе сумненні перакрэслівае малады задор і вера. Не верыце? Тады наведайце Мальскую сельскую бібліятэку, дзе працуе Дзіяна Азацян.Ледзь пераступіўшы парог царства кніг, часопісаў, перыядычных выданняў у Малях, вы трапляеце ў палон. Праўда, не Пушкіна з яго віртуознымі вершамі і паэмамі, не Дастаеўскага з псіхалагізмам і пошукам сэнсу чалавечага існавання, не Чэхава з яго “маленькім чалавекам” і нават не Данцовай з заблытанымі і непрадказальнымі гісторыямі, іранічнымі дэтэктывамі… Хоць яны ўздзейнічаюць на цябе нябачным гіпнозам, таксама адчуваюцца ў паветры, заклікаючы працягнуць руку да кнігі. І ўсё ж, прабачце класікі і майстры слова, перш за ўсё тут трапляеш у палон гарэзлівых карых вачэй, аптымізму і жыццярадаснасці, якія вылучае маладая гаспадыня гэтага кніжнага царства. “Вось тут у нас чытальная зала, а тут – экспазіцыя Гашкевіча, а вось гэта…”, – захоплена расказвае яна.
Дзіяна Азацян працуе ў Мальскай сельскай бібліятэцы другі год. І адчувае сябе тут як рыба ў вадзе. За гэты час дзяўчына добра вывучыла прыхільнасці і густы сваіх “кліентаў”, ведае, што парэкамендаваць і чым зацікавіць. Праўда, як прызнаецца Дзіяна, калі б ёй яшчэ некалькі гадоў назад сказалі, што яна будзе працаваць у бібліятэцы, паверыла б з цяжкасцю.
– Шчыра кажучы, планы ў мяне былі іншыя, – расказвае дзяўчына. –Толькі жыццё ўнесла ў іх карэктывы – бачна, у яго былі на мяне іншыя віды (усміхаецца). У дзяцінстве я наогул хацела ўрачом стаць. А што?! Быць як вядомы доктар Айбаліт, праўда, лячыць не жывёл, а людзей – рашэнне заслугоўвае пахвалы. Толькі гэтае жаданне было нядоўгім, дакладна нават не помню колькі – некалькі месяцаў ці хвілін. Словам, з дзіцячым максімалізмам і наіўнасцю ў мяне было ўсё ў парадку.
А ў школе Дзіяна “захварэла”… Моцна, працягла, заўзята. На шчасце, не вірусам вострых рэспіраторных інфекцый, не ангінай і не грыпам… “Хваробу” дзяўчыны звалі англійская мова. З ёй яна пасябравала раз і назаўсёды, з ёй падумвала звязаць сваю будучую прафесію. Напрыклад, паспрабаваць сябе ў сферы міжнародных адносінаў.
– Чаму выбрала англійскую мову? Не ведаю. Магчыма, гэта ў мяне ад таты – ён у нас паліглот-самавучка. Спецыяльна нідзе не вучыўся, а з замежнымі мовамі на “ты”. А вось у мяне з міжнароднымі адносінамі не склалася. Праглядваючы факультэты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва “зачапіла” спецыяльнасць “бібліёграф-
перакладчык”. Памятаю, тады яшчэ падумала: што ж гэта за “звер” такі? Трэба пабачыць і паспрабаваць. Вось так я стала студэнткай.
Гады вучобы прайшлі паздрадніцку хутка, і неўзабаве надышоў час сказаць: “Прывітанне, дарослае, самастойнае і працоўнае жыццё”.
Дзіяну заўсёды цягнула на радзіму. Канешне, ёй падабалася сталіца з несупынным вірам разнастайных падзей, мноствам магчымасцей і іншымі спакусамі буйнога горада. Але ўсё ж такі душы была мілей Астравеччына і родны Гудагай.
– Я заўсёды была “дамашняй”, падчас вучобы часта прыязджала дахаты. Таму з радасцю вярнулася ў родны раён. Безумоўна, універсітэцкая тэорыя адрозніваецца ад сапраўднай практыкі. У гэтым плане вельмі дапамагла мне ўніверсітэцкі навуковы кіраўнік – яна пастаралася перадаць увесь свой вопыт, за што я ўспамінаю яе з удзячнасцю.
Слухаючы Дзіяну Азацян, разумею: мой састарэлы стэрэатып, што бібліятэкар – гэта рамантычная і павольная тургенеўскай паненка з томікам Ясеніна, разбіваецца аб рэчаіснасць, бы паветраны замак.
Зразумела, што ўсмешлівы і сучасны загадчык сельскай бібліятэкі не любіць сядзець на месцы. Яна стварыла групу бібліятэкі ў сацыяльных сетках, старонкі якой пастаянна абнаўляюцца, – можна ўбачыць, як і чым жыве мальскае кніжнае царства. Нядаўна ў бібліятэцы былі арганізаваны камп’ютарныя курсы для пачынаючых карыстальнікаў, на якія ўжо запісалася некалькі чалавек.
Але галоўнае захапленне Дзіяны – заняткі з дзецьмі. Амаль з першых дзён сваёй працы яна стала заклікаць у бібліятэку маленькіх наведвальнікаў. Конкурс малюнкаў, тэматычныя і прафілактычныя мерапрыемствы, вясёлыя капуснікі з нагоды свята дзяўчынак ці хлопчыкаў, пастаноўка “Калабка” на сучасны лад і сапраўдная дыскатэка – гэта далёка не ўвесь пералік іх сумеснай творчасці. І малышы з задавальненнем наведваюць бібліятэку, бо ведаюць, што Дзіяна (называць яе па імя бацьку дзяўчына не дазваляе) абавязкова прыдумае нешта новае і цікавае.
– Мне падабаецца нешта рабіць і адчуваць аддачу. А калі глядзіш на зацікаўленыя і радасныя тварыкі дзяцей, задавальненне атрымліваеш двайное. Я зараджаюся іх энергіяй і пазітывам. Нельга проста сядзець на месцы і назіраць, як жыццё праходзіць міма. Трэба старацца ісці ў нагу з часам, развівацца і ўдасканальвацца. Гэта ж тычыцца і бібліятэк – нікому не перашкодзіць новая інфармацыя, сучасныя тэхналогіі і рэгулярнае папаўненне кніжнага фонду. Мне вельмі падабаецца выказванне “ўсё ў нашых руках”, пагэтаму іх нельга апускаць. І я катэгарычна не згодна з меркаваннем, што ў кнігі і бібліятэкі няма будучыні. Электронныя носьбіты, безумоўна, цудоўнае вынаходніцтва, якое дапамагае пры рабоце, але кніга – гэта іншае. Яе прыемна ўзяць у рукі, пагартаць і пражыць на старонках разам з героямі цэлае жыццё.
Як прызналася Дзіяна, чытаць яна любіць. Сярод твораў, якія асабліва падабаюцца – “Партрэт Дарыяна Грэя” Оскара Уальда і “Майстар і Маргарыта” Міхаіла Булгакава. А вось на маё прадстаўленне тургенеўскай гераіні дзяўчына толькі рассмяялася.
– Не, гэта дакладна не пра мяне! З якой гераіняй магла б сябе параўнаць? (задумваецца) Напэўна, ні з кім. Але мне вельмі падабаецца Скарлет О’Хара са “Знесеных ветрам”. Яе мэтанакіраванасць, аптымізм і вера ў тое, што з любой сітуацыі можна знайсці выйсце, выклікаюць павагу. Такой жа душэўнай сілы, цярпення, творчасці і натхнення я хачу пажадаць усім калегам-бібліятэкарам з нагоды прафесійнага свята. А таксама – удзячных чытачоў і поўных абанементаў.
---------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.
