Дети говорят о любви...
1
Вуснамі малечы, як сцвярджае народная мудрасць, прамаўляе ісціна. І сакрэт гэтай “ісцінасці” крыецца, хутчэй за ўсё, у непасрэднасці дзяцей, у “незашоранасці” іх светапогляду, у свабодзе ад стэрэатыпаў, якія нам, дарослым, засцяць вочы, прымушаючы нават самую рэальную рэч бачыць скрозь покрыва агульнапрынятых норм.Таму, калі вы хочаце ведаць, што такое каханне, як правільна прасіць рукі ў сваёй абранніцы і які падарунак падарыць на 8 Сакавіка, далучайцеся – адказы на гэтыя злобадзённыя пытанні паспрабуем знайсці ў дзіцячым садку “Дубок”.
Дзеючыя асобы:
Паліна Багдановіч, Аліса Сяржанава, Максім Камінскі, Жэня Назараў, Аліна Карвэцкая, Клім Ягоравіч Красноў (ён прадставіўся менавіта так).
– Хто з вас адкажа, што гэта за свята – 8 Сакавіка?
Усе хорам: – Свята мамаў!
Потым, пасля кароткай паўзы Максім і Аліса адначасова дадаюць: – І бабуляў.
Паліна: – І сястрычкаў.
Клім Ягоравіч: – І ўсіх дзяўчынак.
– І яшчэ потым будзе вясна, – ставіць кропку ў вызначэнні надыходзячага свята Жэня.
– А мне, калі я спаў, прыснілася вясна, – успамінае Клім Ягоравіч. – Там было так прыгожа і цёпла, што прачнуцца было сумна.
– Падумаеш! – парыруе Жэня. – Мне, калі я адзін раз спаў, наогул прыснілася лета. Вось гэта было крута!
– І мне прыснілася лета! І мне… – тут жа падхопліваюць усе.
– Хіба зіма вам так моцна надакучыла? Зімой жа ў снежкі можна гуляць, з горкі на санках катацца…
– Затое летам цёпла, – не згаджаецца Максім. – І можна купацца ў рэчцы.
– І загараць… І хадзіць без шапкі…
Рэчышча майго інтэрв’ю пагражае звярнуць зусім у іншы ад задуманай тэмы бок. Спрабую кантраляваць сітуацыю:
– Як вы думаеце, рабяты, чым адрозніваюцца паміж сабой дзяўчынкі і хлопчыкі?
Аліса: – У хлопчыкаў кароткія валасы, а ў дзяўчынак доўгія.
Паліна: – Дзяўчынкі ходзяць у сукенках, а хлопчыкі – у джынсах і кашулях.
Аліна (выразным тэнарком): – Галасамі. У дзяўчынак галасы тонкія…
Клім Ягоравіч (танюткім галаском): – А ў хлопчыкаў – тоўстыя. А яшчэ хлопчыкі чорныя, а дзяўчынкі белыя.
Навальваюцца на яго ўсе разам: – І дзяўчынкі чорныя бываюць. Паглядзі на Алісу.
– А хлопчыкі бываюць белымі.
– І рыжымі.
– І лысымі.
– Не, лысымі хлопчыкі не бываюць – толькі дзядзі…
Клім Ягоравіч (крыху збянтэжана): – А ў нас усе аднолькавыя: тата, мама, я і сястрычка Сафія чорныя. І вочы ў нас карычневыя, толькі ў Сафійкі блакітныя…
Паліна: – А мая мама кажа, што я злёгку светлая…
– А хто лепшы – дзяўчынкі ці хлопчыкі?
Дзяўчынкі хорам:
– Дзяўчынкі!!!
Хлопчыкі:
– Хлопчыкі!!!
Калі стала ясна, што пераможцаў у гэтай спрэчцы не будзе, Аліна дыпламатычна заяўляе:
– Усе лепшыя.
Усе тут жа падхопліваюць яе словы:
– Усе… Усе самыя лепшыя.
Клім Ягоравіч: – Я таксама лепшы. І я не баюся нікога. Нават вампіраў…
Аліса: – А я не баюся зданяў.
Максім: – А я вялікіх аўчаркаў зусім не баюся… Амаль што…
Жэня: – Вампіры любяць кроў. Але іх таксама можна забіць.
Максім: – Распароць ім бруха…
Жэня: – І тады з іх саміх пацячэ крывішча…
– Стоп, рабяты, стоп!Скажыце мне лепш, што такое каханне?
Аліса: – Ой, ну гэта калі любяцца, абдымаюцца і цалуюцца.
Жэня: – А потым, бывае, трэба жаніцца.
Клім Ягоравіч: – Мае тата і мама, калі я быў яшчэ зусімзусім маленькі, таксама жаніліся на вяселлі.
Клім Ягоравіч: – Каб выйшла за нас замуж.
Максім: – Толькі трэба дадаць “калі ласка”.
Жэня: – І сказаць, што будзе любоў. І наогул будзе хораша.
Аліса: – І будзе дзіцятка…
Хлопцы амаль што хорам: – Але ж не адразу. Спачатку трэба, каб жывот вырас…
– А што дзяўчына павінна адказаць свайму жаніху?
Аліса: – Добра. Выйду за цябе замуж.
Клім Ягоравіч: – А я, калі падрасту, выйду замуж за маю маму.
Аліса: – А я – за Максіма.
Паліна: – А я – за Арцёма, які жыве непадалёк ад майго дома. Толькі я цяпер яго зусім не бачу – ён зламаў руку ці нагу. Праведаць яго? А калі? Цэлымі днямі я – у садку.
Усе: - Любім!!!
Аліса: – Я люблю, каб там цалаваліся.
Аліна: – Цікава, калі жэняцца.
Паліна: – Мне больш падабаецца, калі разыходзяцца – так сумна... Да слёз…
Максім: – А мне падабаюцца Чып і Дэйл.
Клім Ягоравіч: – А я ў адным мульціку таксама бачыў, як цалаваліся…
– Добра, рабяты. Малайцы. Але вернемся да свята. Як трэба віншаваць з 8 Сакавіка?
Паліна: – Сказаць: віншую.
Максім: – Дадаць, што люблю.
Аліса: – Сказаць: “Калі ласка, мама, вазьмі падарунак, які я зрабіла табе сваімі рукамі”.
– А вы ўжо падрыхтавалі падарункі сваім мамам?
Максім: – Я яшчэ думаю.
Жэня: – Падрыхтавалі.
Паліна: – Мы зрабілі шкатулкі.
Аліса і Максім: – Заўтра будзем рабіць паштоўкі.
Клім Ягоравіч: – Я таксама яшчэ прыдумваю свой падарунак.
Што ж, калі вуснамі малечы прамовіла ісціна, трэба і нам падумаць пра падарункі. Хопіць адкладаць “на заўтра” – пайшлі прыдумваць.
P.S. Пасля таго, як рабяты вярнуліся ў сваю групу, выхавальніца запыталася ў іх:
– Ну і пра што вы размаўлялі з карэспандэнтам?
Адказ быў кароткім: – Пра любоў.
– Пра любоў да мамы? – перапытала выхавальніца.
– Пра любоў ваапшчэ, – адказалі дзеці…
-----------------------------------------
Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.
Фота з сайта liveinternet.ru.





