День рождения отмечают в Новый год

Людзі, якія нарадзіліся 31 снежня або 1 студзеня, у пэўнай ступені – шчасліўчыкі, таму што ў адзін дзень адзначаюць два святы.

Напярэдадні навагодніх святаў мы вырашылі пашукаць людзей, якія свой дзень нараджэння святкуюць перад любімым  усімі святам ці ў першы дзень Новага года,  і прапанавалі  яго равеснікам адказаць на пяць пытанняў аб галоўным.



1. Ці падабаецца вам  адзначаць дзень нараджэння ў навагоднія  святы?

2. Лепшы падарунак для вас – гэта…

3. Гараскопы сведчаць, што Казярогі – мэтанакіраваныя, прамалінейныя, працаздольныя людзі. Наколькі гэтыя якасці ўласцівы вам?

4. Ці верыце вы ў навагоднія прыкметы? І ці спраўджваюцца жаданні, якія загадвае равеснік Новага года?

5. Што прынёс вам год Каня? І чаго чакаеце ад года Казы?


Дзмітрый Мар’янавіч Станкевіч, інжынер Трэста “Росспецэнергамантаж”.

1 студзеня адзначыць 35-гадовы юбілей:

1. Новы год плаўна  перацякае ў мой дзень нараджэння – і мне гэта вельмі падабаецца. У дзяцінстве 31 снежня я атрымліваў падарунак на Новы год, а 1 студзеня – на дзень нараджэння. З таго часу нічога не змянілася.

2. З пазіцыі сённяшняга дня магу сказаць, што лепшы падарунак – гэта спакой і дабрабыт у сям’і і ў свеце ў цэлым. І, канешне, здароўе.

А ў дзяцінстве я вельмі любіў атрымліваць падарункі. Які з іх больш за ўсё запомніўся? (задумваецца – аўт.) Калі мне споўнілася 6 гадоў,  бацькі падарылі касцюм каўбоя. Колькі было радасці! Я, можна сказаць, не здымаў яго ні днём, ні ноччу –  дэманстраваў сябрам і ўсім знаёмым!

3. Напэўна, я сапраўдны Казярог, бо ўсе яго якасці ўласцівы і мне. Хаця гараскопамі не цікаўлюся. Я – прамалінейны  і заўсёды гавару тое, што думаю. І гэта датычыцца ўсіх і ўсяго. Іншым часам некаторыя крыўдзяцца на мае выказванні, але я лічу, што лепш горкая праўда, чым салодкая хлусня.

Я – мэтанакіраваны, толькі апошнім часам мае мэты дорага каштуюць у матэрыяльным плане. Ну і, напэўна, працавіты.

4. У навагоднія прыкметы я не веру.  Калі на вочы трапляецца навагодні гараскоп,  магу яго  пачытаць –  але не больш таго. Ды і жаданні пад бой курантаў я не загадваю.

5. У гэтым годзе было шмат розных падзей. Радуе сын Матвей,   якому ўжо  шэсць гадоў, спакой і добрыя адносіны ў сям’і.

У  цэлым я – аптыміст, і таму пры любым раскладзе падзей стараюся знайсці нешта станоўчае. Чаго чакаю ад наступнага года? Пакуль што не ведаю. Вось надыдзе, тады і сплануем яго – і ў працэсе ўсе жаданні пастараемся ажыццявіць.


Леанарда Браніславаўна Аўтушэнка, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Дзень нараджэння адзначае 1 студзеня:

1. Мне вельмі падабаецца, што мой дзень нараджэння прыпадае на 1 студзеня. У адзін дзень – два святы, а значыць, настрой у два разы лепшы і віншаванняў у два разы больш. Звычайна спачатку сустракаем Новы год, а пасля 12 гадзін ночы – мой дзень нараджэння. І гэта цудоўна!

2. Галоўны  падарунак для мяне – гэта ўвага маіх блізкіх. Я  ніколі не ставіла на першы план каштоўныя падарункі. Больш важна – само віншаванне і добрыя адносіны паміж роднымі людзьмі.

Лепшы падарунак? Іх было шмат. Калі толькі з'явіліся мабільныя тэлефоны, дачка з зяцем падарылі мне «Матаролу». Прыгожы такі тэлефон – на той час гэта быў шыкоўны падарунак, да таго ж – карысны.

3. Я мэтанакіраваны чалавек. І,  як мне здаецца, працалюбства мне таксама ўласціва. Інакш адпачывала б на пенсіі, а я – працую. А яшчэ я – Тыгр. І яго  настойлівасць – адна з маіх рыс. Добра гэта ці дрэнна? Усё залежыць ад сітуацыі. У большасці выпадкаў, канешне, лепш быць настойлівай –  гэта дапамагае ў рабоце. І калі я стаўлю нейкую задачу, то абавязкова яе выконваю. Прычым гэта датычыцца не толькі работы.

4. У навагоднія прыкметы часам вельмі хочацца верыць, толькі заўсёды нешта перашкаджае. Яны навяваюць рамантыку, а я –  рэаліст па жыцці. І калі загадваю жаданне пад Новы год, то яно заўсёды рэалістычнае. Тады абавязкова збудзецца.

5. Я цікаўлюся гараскопамі. І многае з таго, што яны мне «прарочылі»,  збылося. У год Каня было шмат работы і клопатаў. Але гэта былі пазітыўныя клопаты, звязаныя з маімі прафесійнымі абавязкамі. Прайшло шмат цікавых конкурсаў, нашы школьнікі атрымалі шмат перамог у вобласці і рэспубліцы. І таму ўсё, што рабілася на працягу года, дало пэўны  плён.

Спадзяюся, што з Казой таксама змагу знайсці агульную мову,  –  і год пройдзе добра. Сёння для мяне галоўнае – здароўе маёй сям'і. І, канешне, каб радавалі дзеці і ўнук.


Мікіта Лаўрэцкі, вучань 9 «А» класа Гудагайскай сярэдняй школы.

Сёлета напярэдадні Новага года адзначыў 15 гадоў:

1. Па праўдзе кажучы, мне не вельмі падабаецца, што я нарадзіўся напярэдадні Новага года – але ж дзень нараджэння не выбіраеш. Гэта той час, калі ўсе думаюць пра святкаванне Новага года, хаця паскардзіцца, што пра мяне забываюць, нельга. З раніцы мяне віншуюць сёстры і бацькі. У гэты дзень яны стараюцца ўдзяліць мне больш увагі – і мяне гэта радуе. Сябры тэлефануюць –  таксама віншуюць.  А вечарам мама накрывае стол – і ўся ўвага адрасуецца мне.

2. Я ніколі не прашу ў бацькоў, каб мне што-небудзь купілі. У мінулым годзе мне, напрыклад, падарылі ноўтбук. Камп'ютар у нас ужо быў –  але  падарунак парадаваў!

3. У гараскопы я не веру. Часам слухаю іх па тэлевізары, але, як правіла, прапускаю ўсё міма вушэй. Але якасці,  уласцівыя  Казярогам, праяўляюцца і ў мяне. Я мэтанакіраваны – і спадзяюся,  мая мэта   ажыццявіцца. Я сур'ёзна займаюся гульнявымі відамі спорта: наведваю спартыўныя секцыі ў Гудагайскай школе і гурток у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. У будучым  мару стаць студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Загадваць не хочацца, але намаганні для гэтага я прыкладваю: удзельнічаю ў спаборніцтвах рознага ўзроўню, трэніруюся.

І ўсё ж галоўнае – быць чалавекам, каб мной ганарыліся мае бацькі.

4. У навагоднія прыкметы, гэтак жа як у гараскопы і падаючыя зоркі, я не веру. Веру толькі ў тое, што бачу на свае вочы.

Хаця па традыцыі, як і ўся мая сям'я, у  навагоднюю ноч   загадваю жаданне. Аднак адношуся да гэтага скептычна і з пэўнай доляй іроніі – можа, пагэтаму  яно і не ажыццяўляецца? Вось і жаданне мінулага года не збылося. А шкада...

5. Пачатак Новага 2014 года азнаменаваўся добрай падзеяй – у мяне нарадзіўся стрыечны  брат Глеб. Аднак  потым я крыху прыхварэў,  і ўрачы забаранілі мне займацца спортам. Для мяне гэта была трагедыя! Праўда, праз нейкі час усё прайшло – і я зноў магу гуляць у футбол, валейбол, баскетбол. Гэта і ёсць,  напэўна, самая добрая навіна бягучага года. Хацелася б, каб наступаючы прынёс толькі добрае –  добрыя ўзаемаадносіны ў сям'і, добрыя адзнакі, добрыя вынікі  ў спорце.


Арцём Мікалаевіч Баранаў, начальнік фінансава-эканамічнага ўпраўлення прадстаўніцтва АТ “НІАЭП” у Рэспубліцы Беларусь.

Сёлета напярэдадні Новага года адзначае 34 дзень нараджэння:

1. 31 снежня – адна з самых няўдалых дат для дня нараджэння ў цэлым,  і гэта мне вельмі не падабаецца. У дзяцінстве я на свой дзень нараджэння і Новы год атрымліваў адзін падарунак. Ды і сёння часцей віншуюць з Новым годам, чым з асабістым святам. З часам да такога раскладу падзей  прывыкаеш, толькі,  нягледзячы на гэта,  дзень свайго нараджэння не любіш.

2. Для мяне найлепшы падарунак – гэта грошы. Як правіла, менавіта іх часцей за ўсё і дораць у апошні час. А што яшчэ можна падарыць? Здароўе і шчасце – не падарыш! Я люблю рабіць падарункі сам сабе. Аднойчы, напрыклад, падарыў сабе на дзень нараджэння  аўтамабіль!

3. Мэтанакіраванасць – адна з самых галоўных маіх якасцей. У чым яна праяўляецца? Ды ва ўсім. Я не люблю сядзець на адным месцы. Праўда, у  школе мэтанакіраванасць зусім не дапамагала мне быць паспяховым вучнем:  я выкарыстоўваў любы момант, каб збегчы на вуліцу пагуляць. Калегі лічаць, што я – працавіты – і  я ім веру. Але лічу, што працавітасць кожнага чалавека павінна ацэньвацца адпаведнай заработнай платай – тады будзе гармонія ў жыцці.

4. Навагоднія прыкметы – не для мяне. Усё вельмі проста: я ведаю, што мне трэба,  і накіравана іду да сваёй мэты. Што датычыцца ўсялякіх там гараскопаў, то я іх не чытаю. Ведаю, напрыклад, што па знаку задыяка я – Казярог, і ўсё на гэтым!

5. На маю думку, сёння мы стаім на парозе перамен, і  гэта выклікае смутак. Усё, што было добрага ў гэтым годзе, перакрэсліваецца рэзкім падзеннем курсу расійскага рубля і ростам цэн.

Чаго чакаю ад наступнага года? Стабільнасці. Спадзяюся, што мы выйдзем з сённяшняй сітуацыі  з найменшымі стратамі.


Вольга Бразевіч, студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, 22 гады:

1. Мой  дзень нараджэння  31 снежня. І мне гэта вельмі падабаецца: два святы –  два падарункі.

2. Па праўдзе кажучы, бацькі мяне песцілі – і дарылі тое, што я папрашу: тэлефон, ноўтбук…  І заўсёды дзень нараджэння і Новы год –  нават тады, калі я стала студэнткай,  – я адзначала  з бацькамі. У гэтым годзе ўпершыню буду сустракаць з сябрамі – паеду ў Бельгію.  Бацькам такое маё рашэнне не вельмі падабаецца, але трэба ж некалі станавіцца дарослай.

3. У дзяцінстве я была спакойнай. З узростам стала больш упартай і настойлівай. Ну і, канешне, мне  ўласцівы якасці Казярога – і,  трэба сказаць,  яны дапамагаюць мне ў жыцці.

4. У навагоднія прыкметы? Калі была меншая – верыла, цяпер – менш, але жаданні пад бой курантаў заўсёды загадваю. І часта яны збываюцца. Сёлета таксама што-небудзь задумаю. Што? Не буду расказваць, каб не сурочыць.

5. Год Каня быў дастаткова добрым, адбылося шмат запамінальных падзей. Напрыклад, я ўладкавалася на работу, сустрэла каханага  чалавека… Спадзяюся, што наступаючы год таксама складзецца найлепшым чынам. Прынамсі, наступным летам я атрымаю дыплом аб заканчэнні   ўніверсітэта і сваё першае працоўнае месца. А там – пабачым…


«Равеснікаў» распытвала Алена ЯРАШЭВІЧ.


Ірына КЕРЭЛЬ, загачыца склада РУП ЖКГ:

1. Мая сястра заўсёды атрымлівала толькі адзін падарунак  – на Новы год, я ж знаходзіла сюрпрыз пад ёлкай, а на наступны дзень атрымлівала прэзент ад бацькоў. Лічу, што мне пашанцавала нарадзіцца 1 студзеня.

Зараз у нашай сям’і ёсць традыцыя, якой кожны прытрымліваецца: у першы дзень Новага года ў 12 гадзін дня ўсе павінны быць у мяне за сталом – дзеці, сястра з сям’ёй, мама з татам.

2. На сённяшні дзень лепшы падарунак для мяне – гэта паспяховая вучоба малодшага сына, які займаецца ў 10 класе СШ №1 г. Астраўца. Старэйшы сын ужо мае сваю сям’ю. Калі яны прыязджаюць віншаваць мяне з днём нараджэння, самае радаснае і прыемнае – калі ўнучка Даша моцна-моцна мяне абдымае і шэпча на вушка: “Бабуля, я цябе так люблю!”.

Мы, жанчыны, жывём поспехамі сваіх дзяцей, таму часам нам не стае часу на сябе. Аднак у мяне ёсць мара – убачыць на свае вочы найпрыгажэйшы горад свету – Рым. Пасля расповедаў родзічаў, якія наведвалі Італію, мне таксама захацелася там пабываць. Нездарма кажуць, што ўсе дарогі вядуць у Рым. Веру, што і мой жыццёвы шлях аднойчы прывядзе мяне туды.

3. Хоць у гараскопы я не веру, аднак узгаданыя якасці Казярога характэрны і для мяне. Працаваць люблю. Можна сказаць, што я навічок у камунгасе. На маіх плячах ляжыць выдача матэрыялаў майстрам, пачынаючы ад гайкі і заканчваючы абсталяваннем для кацельні. Да гэтага я дваццаць тры гады працавала ў рэгістратуры цэнтральнай раённай бальніцы. А пасля вырашыла нешта змяніць у жыцці.

Прамалінейнасці і мэтанакіраванасці мне таксама не трэба пазычаць – хапае сваёй. Калі вырашыла нешта зрабіць, то абавязкова іду да канца, і ніхто і нішто не можа збіць мяне з выбранага накірунку. Маю ўпёртасць ужо не перайначыць: усё роўна зраблю так, як хачу і лічу патрэбным.

4. У мяне ніводнага разу ў жыцці не спраўджвалася навагодняе жаданне. Хоць я ўсё рабіла строга па “рацэпту”: пісала яго на паперцы, пасля спальвала яе і кідала ў бакал з шампанскім. А вось у маёй сястры навагоднія жаданні спраўджваюцца кожны год! Яна марыла пра сына – і зараз у іх сям’і гадуецца маленькі Арсеній. У майго старэйшага сына навагодняе жаданне ўвасобілася ў жыццё праз тры месяцы: ён купіў машыну. Чаму мары адных людзей спраўджваюцца, а другіх – не, я не ведаю. Можа, усе залежыць ад веры, якую ты ўкладаеш у прамоўленыя ў Новы год словы.

Напэўна, толькі тады, калі малодшы сын стане на ногі, я шчыра-шчыра загадаю навагодняе жаданне, а для падстрахоўкі сама сабе падару сабе падарожжа ў Рым.

5. У Год Каня я змяніла работу. Мне падабалася працаваць у бальніцы – калектыў у нас быў добры. Але хацелася зменаў. Калі прыйшла ў камунгас, вядома, было складана. Але новыя калегі падтрымалі – і зараз дапамагаюць сваімі парадамі. Пагэтаму хачу павіншаваць былых і новых калег з надыходзячымі святамі і кожнаму пажадаць здароўя, сямейнага дабрабыту і поспехаў на працы.

А Новы 2015 год няхай зробіць так, каб я ў другі раз стала бабуляй і наступны Новы год сустракала не толькі з дзецьмі і ўнучкай, а яшчэ і з унучком.


Яна ГАНУЛІЧ, студэнтка Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта,  спартсменка:

1. Са мной у Варнянскай школе вучылася дзяўчынка Вераніка. Нашы мамы нарадзілі нас 31 снежня. Да Новага года я не дацягнула нейкія тры гадзіны (усміхаецца – аўт.). Неверагодна, але мама, напэўна, прадчувала, што я стану спартсменкай, пагэтаму афіцыйнай датай майго нараджэння лічыцца 1 студзеня – інакш на спаборніцтвах я выступала б у адной узроставай катэгорыі са старэйшымі на год дзяўчатамі.

…Ад Новага года мой дзень нараджэння аддзяляюць усяго тры гадзіны. Мне падабаецца, што я “навагодняя” дзяўчынка. Ва ўсіх знаёмых і родзічаў дні нараджэння звычайныя, а ў мяне – адразу два святы.

2. Галоўнае свята ў нашай сям’і – гэта Божае Нараджэнне, калі ўсе збіраюцца разам, абдымаюць адзін аднаго і жадаюць самага добрага, светлага, што ёсць на гэтым свеце. І абменьвацца падарункамі ў нас прынята на Ражаство, а не на Новы год. Пагэтаму найлепшы падарунак для мяне – калі побач са мной самыя блізкія і любімыя людзі. Тады дома пануе смех, добры настрой і радасць. Нягледзячы на тое, што нам не так часта выпадае бачыцца – усё ж такі мы разам.

3. О! Гэта дакладна пра мяне. Маім блізкім часам прыходзіцца са мной нялёгка. Колькі сябе памятаю, заўсёды “бадалася” за сваю праўду, і мяне не палохалі аўтарытэты, магчымыя наступствы і тое, што сама пасля буду перажываць. А вось дакладна сказаць,  закладзены гэтыя якасці гараскопам або выпрацаваны спартыўнай загартоўкай, складана. Спорт – гэта не толькі трэніроўкі, пот, узлёты і падзенні, але і ўнутраны стрыжань спартсмена.

4. Усе свае навагоднія жаданні складана прыгадаць. Але адно дакладна здзейснілася. Некалькі гадоў назад я прымала ўдзел у юніёрскіх еўрапейскіх спаборніцтвах, што праходзілі ў турэцкім горадзе Трабзон, – і стала там шостай. Спадзяюся, што сёлетняе маё жаданне Дзядуля Мароз таксама здзейсніць!

5. Конік не крыўдзіў мяне, а наадварот, дапамагаў. Пасля заканчэння Гродзенскага вучылішча алімпійскага рэзерву перада мной стаяла дылема: працягваць вучобу і “завязаць” са спортам – або паспрабаваць спалучыць першае і другое. Я паступіла на завочнае аддзяленне ў Мазырскі ўніверсітэт і прадоўжыла трэніравацца.

Таксама мінулы год запомніўся паездкамі і знаёмствамі з цікавымі людзьмі. Спадзяюся, што Каза дапаможа мне ажыццявіць у 2015 годзе ўсё задуманае.


Віктар УРБАНОВІЧ, станочнік дрэваапрацоўчага цэха ДЛГУ “Астравецкі лясгас”:

1. Мне падабаецца, што мой дзень нараджэння прыпадае на Новы год. Столькі святаў! Гэтаму толькі не радуюцца малодшыя браты і сёстры, і то – толькі ў дзяцінстве. Нам з сястрой Людай Дзядуля Мароз штогод пакідаў падарункі пад ёлкай. Гэта я пасля здагадаўся, што робіць гэта не белабароды, а бацькі. Таксама мяне абавязкова чакаў сюрпрыз і на дзень нараджэння: машынка, канструктар або іншая цацка. Ведаю, што некаторыя “равеснікі” Новага года ў дзяцінстве атрымлівалі толькі адзін падарунак, таму ў гэтым плане я шчасліўчык.

2. Прамалінейнасці і ўпартасці ў мяне дакладна хапае (усміхаецца – аўт.). Жонка часам жартуе, што мяне ніхто не пераўпарціць. Але я не дэспат – калі бачу, што не маю рацыі, то заўсёды гэта прызнаю. Аб маёй працаздольнасці можа сведчыць той факт, што на працягу васямнаццаці гадоў працую ў дрэваапрацоўчым цэху. Да шуму прывык, таму што ёсць спецыяльныя навушнікі, да таго ж падабаецца графік работы – працуем у дзве змены.

3. Лепшы навагодні падарунак? Складана сказаць… Я вырас з таго ўзросту, калі з нецярпеннем гэтага чакаеш. Галоўнае зараз для мяне – гэта рабіць падарункі на Новы год сваім дзецям і збірацца ўсёй сям’ёй за святочным сталом. Галоўнае – каб мае блізкія і любімыя людзі былі здаровымі,  а ўсё астатняе дадасца.

4. Гараскопам не веру і лічу, што сем мільярдаў чалавек на зямлі, падзеленых у залежнасці ад даты нараджэння на знакі задыяка, не могуць чакаць падобныя падзеі ў вызначаны прамежак часу.

У дзяцінстве я верыў у Дзеда Мароза, і ён, трэба аддаць яму належнае, спраўна выконваў мае жаданні. Зараз хачу, як і ўсе бацькі, самага звычайнага і надзённага: здароўя, добрых паводзін і адзнак у школе для сваіх дзяцей. Хоць сам у іх узросце добра шкодзіў, але вучыўся нядрэнна. 2015 год прывітаю, напэўна, без асаблівай мары, але з бакалам шампанскага.

Адыходзячы год нічым асаблівым не запомніўся.

5. Па-ранейшаму хачу, каб дома ў нас было ўсё добра і радавалі дзеці. А яшчэ… Няхай Каза прынясе пад ёлку цэлы мех зялёнай еўра-капусты (усміхаецца – аўт.).



Станіслаў ДАЎЛЯШ, пенсіянер, ветэран працы:

1. Сёлета, 1 студзеня, мне споўніцца 93 гады. І мне прыемна, што пад Новы год тэлефануюць родныя і знаёмыя, каб павіншаваць мяне з днём нараджэння. Не крыўдзяць і Ашмянскія электрасеткі, у якіх я адпрацаваў 46 гадоў, і Астравецкі РЭС: грошы даюць, кажуць, каб купіў сабе што-небудзь смачненькае.

У дзяцінстве мне таксама падабалася навагодняе свята. У бацькоў нас было шасцёра, і для кожнага пад ёлкай ляжаў падарунак, а я атрымліваў яго яшчэ і на дзень нараджэння. Гаспадаркай у сям’і распараджалася бабуля Галіна. Што скажа – то гэта ўжо закон для кожнага. Напэўна, пагэтаму і добра жылі.

2. З дзяцінства люблю акуратна апранацца, пагэтаму найлепшым падарункам для мяне тады быў касцюм ці чаравікі, а яшчэ, вядома, як і для кожнага дзіцяці, цукеркі. А зараз мне патрэбна толькі здароўе. Не курыў, піва і гарэлкі не піў – затое, можа, і жыву. Хай і надалей абмінаюць хваробы мяне і маіх родных.

3. Не, няпраўда, я не ўпёрты – заўсёды слухаю, што людзі скажуць. І працавіты: бульбу, буракі, морквіну свае маю. А яшчэ з лета папярэдне звараных і перакручаных яблыкаў назапасіў. Цяпер час ад часу бабкі смачныя сабе пяку. Трэба, каб было ўсё сваё.

4. Веру ва ўсе рэлігійныя святы – і Божае Нараджэнне, і Вялікдзень, і Зялёныя Свёнткі. Нічога не раблю ў гэтыя дні. Раней, як не так моцна балела нага, заўсёды ў нядзельку ў касцёл ішоў, памятаю ўсіх ксяндзоў нашай парафіі.

Новы год – таксама свята. Дзеці, сынова і ўнукі з унучкамі заўсёды віншуюць мяне.

5. Хачу, каб толькі здароўе было. Дзякаваць Богу, армію і вайну прайшоў. Тры разы быў паранены – але застаўся жывы. Маю двух дзяцей, чацвёра ўнукаў і трох праўнукаў. Чалавеку абавязкова ў жыцці трэба ў нешта верыць. Можа, мне Божачка так і дае, бо разам з Ім я ад маленства і да гэтага часу.

Верыцца, што Каза пачуе ўсіх сваіх братоў і сясцёр Казярогаў, ды і не толькі іх, і дапаможа ў новым годзе ажыццявіць усе мары і жаданні, а таксама падорыць кожнаму свой рог дастатку – чаго каму не хапае – здароўя, грошай, дабрабыту і сапраўдных сяброў.


Равеснікаў Новага года распытвала  і фатаграфавала Алена ЮРКОЙЦЬ.