Дело семьи Дисько

1

Для сям’і ДЗІСЬКО работа ў лясной гаспадарцы стала сямейнай справай. Зараз у Падольскім лясніцтве працуюць бацька Пётр Іванавіч (у цэнтры) і два сыны – Аляксандр і Канстанцін. Некалі тут працавала конюхам і маці Ганна Альфрэдаўна – зараз яна знаходзіцца на заслужаным адпачынку. А заснавальнікам Падольскага лясніцтва быў цесць Пятра Іванавіча – Альфрэд Міхайлавіч Зданоўскі.


Пётр Іванавіч паставіў своеасаблівы рэкорд – 41 год працы на адным месцы. Ён скончыў Полацкі лясны тэхнікум, па размеркаванні трапіў у Смаргонскі лясгас, але неўзабаве перабраўся ў Астравецкі раён і ўладкаваўся ў Падольскае лясніцтва. Працаваў майстрам лесу, памочнікам ляснічага, ляснічым. Зараз Пётр Іванавіч ужо на пенсіі, аднак сядзець дома не захацеў, ды і кіраўніцтва не хоча адпускаць вопытнага работніка, які ведае навакольныя лясы, як свае пяць пальцаў. Вось і застаўся Пётр Іванавіч у родным лясніцтве працаваць лесніком. Побач два сыны: старэйшы Аляксандр – таксама ляснік, малодшы Канстанцін працуе майстрам і паралельна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.
Пётр Іванавіч усё жыццё прысвяціў гэтай рабоце і сёлета быў узнагароджаны нагрудным знакам “За 30 гадоў бездакорнай працы”.
– Я шчаслівы на сваім месцы, – кажа Пётр Іванавіч. – Ніколі б не хацеў жыць і працаваць у горадзе – я там, нібы злоўлены ў сетку. Толькі ў лесе, на ўлонні прыроды адчуваю сябе па-сапраўднаму свабодным…


Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.