Цветочный рай Анны Киткевич вышел за пределы дома

в гостях киткевичМаё знаёмства з Ганнай Кіткевіч было цалкам выпадковым. Наведваючы па рэдакцыйных справах фермерскую гаспадарку “Астравецкая”, была здзіўлена вялікай колькасцю кветак у офісных памяшканнях. Хаця слова “здзіўлена” слаба падыходзіць для апісання маіх пачуццяў, калі я ўбачыла ўсё гэтае кветкавае багацце, сабранае ў адным месцы.

в гостях киткевич1– Гэта ж хто ў вас такі аматар кветак? – толькі і змагла вымавіць я.
– Пра гэтага чалавека можна асобны артыкул напісаць, – усміхнуўся на маё пытанне глава фермерскай гаспадаркі “Астравецкая” Павел Мікалаевіч Юрмашаў і правёў мяне ў адзін з кабінетаў. – Знаёмцеся: спецыяліст па збыту Ганна Валер’еўна Кіткевіч.
Кабінет Ганны, гэтак жа як і калідор прадпрыемства, практычна патанаў у кветках. Яны занялі ўсё вольнае месца. Размясціліся на падваконні, на паліцах шафкі, на спецыяльных кветкавых падстаўках – адвесці вочы ад гэтай кветкавай прыгажосці было немагчыма. І я адразу ж трапіла ў іх палон.
– На працы праходзіць большая частка майго дня, – расказвае Ганна. – Менавіта таму тут так шмат кветак.
– І ўсе вашы? – усё яшчэ не верачы пачутаму, удакладняю я.
– Мае, – усміхаецца Ганна чыстай, светлай усмешкай.
в гостях киткевич2…А пачалося ўсе дзесьці год назад. Менавіта тады Аня зразумела, што ёй падабаюцца кветкі. Не, яна і раней любіла прымаць іх у падарунак. Але цяпер ёй захацелася мець дома не звычайныя кветкавыя расліны, якія сустракаюцца ў большасці дамоў, а паспрабаваць сабраць калекцыі розных відаў.
Кветкі дома ў Ані былі заўсёды – 10-15 гаршчочкаў, якія трэба было паліць і перасадзіць раз у год.
– Мая маці больш захаплялася вулічнымі кветкамі – каля дома заўсёды была разбіта клумбачка, якая радавала вока з вясны да восені, – расказвае Ганна. – А аднойчы Андрэй Паўлавіч Давыдаў упамянуў, што некалі на прадпрыемстве, дзе ён працаваў, было шмат кветак – і я загарэлася: а чаму б і мне не паспрабаваць стварыць што-небудзь накшталт невялікай аранжарэі? І я стала вывучаць літаратуру пра кветкі, уступіла ў групы іх аматараў у сацыяльных сетках – словам, захапілася. І пакрысе на падваконні спачатку дома, а потым і на рабоце пачалі з’яўляцца розныя кветкі.
Сёння Ганне цяжка назваць, якая з іх самая любімая і дарагая. Безумоўна, з такой вялікай колькасці – а толькі на другім паверсе фермерскай гаспадаркі “Астравецкая” месціцца больш за 170 гаршчкоў з аглаонемамі, сінгоніумамі, хамеадарэямі, заміякулькасамі, бягоніямі, фікусамі, архідэямі – пералічыць усю гэтую кветкавую разнастайнасць немагчыма ды, напэўна, і не трэба – выбраць адну-адзіную расліну вельмі складана.
в гостях киткевич3– Няўжо ўсё праходзіць так гладка – і вы ні разу не цярпелі фіяска? – не супакойваюся я.
– Канешне, бываюць і страты, – дзеліцца перажытым Ганна. – Неяк я вырашыла сабраць калекцыю калатэй. Толькі чамусьці не ўлічыла, што расліна гэта вельмі капрызлівая. У выніку 30 раслін розных відаў, якія мне ўдалося скупіць, пакрысе сталі гінуць. Што я толькі ні рабіла?! – у тым ліку і плакала, але выратаваць расліны не атрымалася. Тады я зразумела, што пры набыцці новай расліны спачатку трэба вывучыць усе факты пра яе. Цяпер так і раблю!
А набыць вопыт дапамагаюць тыя ж сацыяльныя сеткі, у якіх кветкаводы-аматары заў-сёды дапамогуць і падкажуць ідэю па рэабілітацыі расліны. Хаця, шчыра кажучы, сёння Аня ўжо і сама можа даваць кансультацыі па вырошчванні і размнажэнні многіх раслін.
– Я вельмі люблю архідэі. Сярод гэтых кветак цяжка знайсці падобныя адну на другую, – расказвае Аня. – Першыя архідэі, якія з’явіліся ў маёй калекцыі, я набыла ў магазіне – гэта былі канфіскаваныя кветкі і каштавалі яны не вельмі дорага. Менавіта на іх вучылася даглядаць за гэтымі цудоўнымі раслінамі. Першая ўсё ж загінула, а другая “хварэе” і цяпер. Затое астатнія – а іх у маёй калекцыі больш за 50 – дораць мне толькі кветкі. Ну, і добры настрой, канешне.
в гостях киткевич4Сваю першую калекцыю Аня размясціла ў кватэры. Але для кветак месца там аказалася мала – і паступова гаршчкі з кветкамі-прыгажунямі сталі перасяляцца на новае месца жыхарства – у офісныя памяшканні фермерскай гаспадаркі “Астравецкая”.
– Купіла новую кветку – а ставіць яе ўжо няма куды. Прыходзіцца набываць пад яе падстаўку, – расказвае Аня алгарытм з’яўлення ў яе калекцыі новых раслін. – Купіла падстаўку, а на ёй застаюцца вольныя месцы – значыць, трэба набываць новыя расліны.
Гэтая “гонка” цягнецца ўжо не першы месяц, і пакуль новае захапленне Аню толькі радуе.
– А як да гэтага кветкавага хобі адносяцца твае блізкія? – зноў пытаюся я.
– Сын Уладзіслаў ужо дастаткова дарослы, каб паважаць маё захапленне. Ён мне не перашка-джае, але і не дапамагае. І ў рэшце рэшт у выйграшы застаёмся мы двое. А вось муж не вельмі задаволены тым, што вялікая частка сямейнага бюджэту аддаецца на кветкі.
– Муж адносіцца з гумарам, – уступае ў размову Максім, муж Ганны. Кіткевічы працуюць на адным прадпрыемстве і нават сядзяць у адным кабінеце. – Некалі прадам – хоць грошы зараблю, – усміхаецца ён.
в гостях киткевич5– Мы будуем уласны дом, – працягвае нашу размову Ганна. – І, канешне, усе гэтыя кветкі рана ці позна, спадзяюся, пераселяцца туды. Вельмі б хацелася для іх выдзеліць асобнае памяшканне – і зрабіць там зімовы сад. Прынамсі, я ўжо малюю планы па яго добраўпарадкаванні, – усміхаецца Ганна, паглядваючы на Максіма. І атрымлівае ў падарунак такую ж адкрытую ўсмешку.
Як прызнаецца Аня, кветкі не забіраюць у яе шмат вольнага часу.
– Прынамсі, за абед я паспяваю ўсіх іх абысці, паліць, падкарміць, абарваць адквітнеўшыя суквецці ці пажоўклыя лісты. А калі ад’язджала ў адпачынак, прасіла, каб за імі прыгледзела калега па працы, – і ніякіх нараканняў, што яны адымалі яе час, я не атрымала.
Гаршчкі, грунт, керамзіт, паліцы – усё трэба. І вельмі часта сума за ўсё гэта набягае даволі вялікая. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што захапленне кветкамі зусім “бяскрыўднае”, таму лепш не глядзець на квіток растрат, а атрымліваць асалоду ад гэтай кветавай прыгажосці.
– Мне сяброўкі часта гавораць, што ў мяне і венік зацвіце, – смяецца Ганна. – Можа, гэта і так, толькі догляд за раслінамі ўсё роўна патрэбен.
в гостях киткевич6Безумоўна, сёння кветкі стаяць на першым месцы сярод Аніных захапленняў. А іх у жанчыны нямала. З задавальненнем яна праводзіць час за вязаннем – і прыгожыя, звязаныя рукамі мамы і жонкі рэчы з задавальненнем носяць і сын, і муж. Ды і сама Ганна не грэбуе вязанымі кардыганамі і світаркамі.
– Калі я была ў адпачынку па догляду за сынам, сур’ёзна захапілася вышываннем, – расказвае Ганна.
в гостях киткевич7Любую вольную хвілінку яна аддавала гэтаму занятку – і, як вынік, шэраг вышываных крыжыкам карцін, якія Ганна плануе размясціць у новым доме.
– А яшчэ раней я была страшным шапаголікам. У маім гардэробе было па 12 пар туфель, безліч спаднічак, блузачак, сукеначак. І штораз было мала і мала, – з усмешкай расказвае Ганна. – Цяпер на парадку дня – кветкі. І дзеля набыцця некаторых з іх я магу адмовіцца ад пакупкі прыгожай сукенкі ці новай пары абутку. Некаторыя лічаць, што гэта хвароба, але хвароба, мушу прызнацца, вельмі прыемная.
Зялёныя зоны, аформленыя міні-статуэткамі ў выглядзе птушак, гномікаў, чарапашак – адвесці погляд ад гэтай прыгажосці немагчыма. Гэтаксама як і ад адкрытага позірку Ганны, якая з задавальненнем і энтузіязмам стварае прыгажосць для сябе і навокал.
А на маё пытанне, якія планы яна мае наконт свайго кветкавага захаплення, адказвае:
– Спадзяюся, што ў хуткім часе ўсе свае планы я буду ажыццяўляць ва ўласным доме ў зімовым садзе з маленькай дачушкай на руках – мне вельмі хочацца, каб у нас нарадзілася яшчэ адно дзіця і каб гэта была дзяўчынка. І побач са мной будуць сын Уладзіслаў і любімы мужчына Максім.

в гостях киткевич8

 

в гостях киткевич9

 

в гостях киткевич10

----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і з архіва сям’і Кіткевіч.