Cправы маладых: пазітыўныя клопаты Эльміры Салтанавай
Яна чымсьці нагадвае камп’ютарны смайлік – гэткая ж усмешлівая, пазітыўная, з гарэзлівай іскрынкай у вачах.
Па характару – аптымістка, па жыцці – выдатніца і актывістка.
Як выдатніца, мела права на першачарговае размеркаванне пасля заканчэння Ваўкавыскага педагагічнага каледжа.
А як актывістка і шчыры патрыёт сваёй навучальнай установы, ведала, што з Астравецкага аддзела адукацыі ў каледж прыйшло пісьмо са скаргай на падрыхтаванага спецыяліста. “Раз так – еду на Астравеччыну!”, – вырашыла Эльміра Бахманаўна Салтанава і папрасіла размеркаваць яе ў наш раён, каб паправіць сапсаванае рэнамэ валкавыскіх навучэнцаў і даказаць адваротнае…
“Ты хоць ведаеш, дзе гэта?” – толькі і спыталі збянтэжаныя педагогі.
Пра Астравецкі раён яна сапраўды ведала мала. Перад развітаннем пайшла з сябрамі ў кніжную краму, дзе кожны купіў карту раёна, куды меўся ехаць на працу. Бегла разгледзеўшы, пакінулі на іх свае подпісы і абмяняліся на добрую памяць. Вось амаль і ўсе веды.
Аднак дзякуючы звычцы без разведкі адразу кідацца ў бой да першага месца працы прыехала адразу з усім сваім небагатым дзявочым скарбам.
Праўда, у Астраўцы чакала першае расчараванне, якое межавала з адчаем. Сам горад, зразумела, спадабаўся: чысты, утульны…
Толькі чамусьці адпаведнага дыплому месца працы настаўніцы замежнай мовы ў раёне не знайшлося.
Збянтэжаная такім нечаканым паваротам, з бліскучымі ад слёз вачыма, яна сядзела на лавачцы ў скверы незнаёмага горада і душылася прыхопленым з дому бутэрбродам – даўно выпрабаваным сродкам ад стрэсу.
Што рабіць? Вярнуцца дадому? Закон дазваляе, раз не знайшлося месца па спецыяльнасці. Але як паглядзець у вочы бацькам? Яны яе астравецкага “выбрыка” не зразумелі. Хацелі, каб вярнулася дадому, на Дзятлаўшчыну, і са скрыпам адпусцілі ў Астравец.
Ды і сябрам па каледжы што сказаць? У іх, напэўна ж, усё добра. Хутка першы званок, урачыстая лінейка, першыя вучні, урокі…
Змрочнае цячэнне сумных думак перарваў прыемны жаночы голас: “Я намеснік дырэктара Міхалішкаўскай школы. Паедзеце да нас?”.
“Паеду!” – ні хвіліны не задумваючыся, з дзіцячым захапленнем адказала Эльміра.
Гэтае аптымістычнае, без дадатковых пытанняў “Паеду!” потым неаднойчы ўспаміналі ёй у Міхалішках. Крыху па добраму нават пад’южвалі маладую дзяўчыну за легкадумнасць: а што, калі б знаходзіліся тыя Міхалішкі ў “чорта на кулічках”? Эльміра толькі хітравата ўсміхалася ў адказ. Яна дзяўчына хоць і адчайная, але не легкадумная. Перад прыездам у пункт прызначэння з геаграфіяй Астравеччыны хоць і бегла, але пазнаёмілася. І сярод жаданых для працы населеных пунктаў адзначыла ў тым ліку і Міхалішкі. Вось і спрацаваў “рэфлекс” на знаёмую назву!
Станоўчае, хоць і завочнае ўражанне ад мястэчка на беразе Віліі ледзь не аказалася азмрочаным.
Добрыя намеры колькіх маладых спецыялістаў ушчэнт разбіваліся аб камяні вясковага быту. Калі на новым месцы цябе сустракае цесны пакойчык без элементарных выгод, з зашмальцаванымі сценамі, пустымі бутэлькамі на падлозе і дзіравымі дзвярамі без замка – цяжка разлічваць на нешта большае, за двухгадовую адпрацоўку.
Дзякуй богу, знайшліся людзі, якія на першым часе дапамаглі, прытулілі.
Затое знаёмства са школай, калектывам і дырэктарам пакінула самыя лепшыя эмоцыі.
Школа дагледжаная, утульная. Калектыў – прыязны і зычлівы. Ды і кіраўнік – Віктар Казіміравіч Казак — прыемна ўразіў сваёй чалавечнасцю і адкрытасцю, якія зусім не адпавядалі яе ранейшаму ўяўленню аб “забранзавелым” вобразе дырэктара школы.
Дарога маладога спецыяліста не абсыпана пялёсткамі руж. Гэта самы пачатак вялікага і доўгага шляху, на якім учарашні студэнт адчувае сябе падчас сляпым кацянём – нясмелым і безабаронным.
“Як знайсці адказы на ўсе пытанні? Спытаць – і тым даць усумніцца ва ўласнай кампетэнтнасці? Спасцігаць усё самой? На гэта патрэбен час. А што сказаць дзецям, гледзячы ў іх шчырыя дапытлівыя вочы прама цяпер, калі і сама яшчэ многага не ведаеш?” – гублялася ў здагадках Эльміра.
Адказ прыйшоў сам па сабе. Ева Яраславаўна Родзь, настаўніца замежнай мовы са шматгадовым вопытам работы за плячыма, спытала нешта ў маладой калегі адзін раз, затым другі – і Эльміра нечакана адкрыла для сябе, што пытацца – не грэх і не сорам. А таксама адзначыла незвычайную педагагічную далікатнасць старэйшага таварыша, якая такім тонкім спосабам дапамагла ёй гэта зразумець.
Ад працы ў школе Эльміра атрымлівае сапраўдную асалоду. На пытанне аб адпачынку так і адказвае: я ў школе адпачываю! Жартуе, канешне. Як і ў любой настаўніцы, клопатаў у яе шмат: планы, урокі, праверка сшыткаў…
А яшчэ – пярвічная арганізацыя БРСМ, сакратаром якой яна з’яўляецца, валанцёрскі атрад Чырвонага Крыжа.
Грамадскае жыццё для яе не нагрузка – спосаб жыцця, неад’емная яго частка. Такі ўжо няўрымслівы, непаседлівы характар.
Але на першым месцы ва ўсіх справах, канешне, дзеці.
Мінулай вясной у педагагічную скарбонку настаўніцы “ўпала” і першая перамога – прызавое месца вучаніцы Таццяны Лобач на раённай алімпіядзе па англійскай мове. Перамога каштоўная яшчэ і тым, што ў дзяўчынкі Эльміра Бахманаўна – першая настаўніца. А ў настаўніцы Таня – першая вучаніца.
Вось яшчэ б розных даведак, справаздач і актаў – хаця б крыху менш! Добра, што і ў гэтай справе яна знайшла разуменне і падтрымку.
“Не хвалюйся, зараз з усім разам разбярэмся…”, — дапамагае разграбсці друз папер Святлана Іванаўна Саўко, той самы намеснік дырэктара, якога яна сустрэла ў першы свой дзень на Астравеччыне.
Эльміра Бахманаўна разумее, што, выпадкова трапіўшы ў Міхалішкаўскую школу, яна ў пэўным сэнсе, выцягнула шчаслівы білет. Таму што тут ёсць у каго і чаму павучыцца. А для маладога спецыяліста гэта надзвычай важна!
– Настаўнік павінен весці дзяцей за сабой. Але сённяшні свет такі імклівы, а дзеці – такія “прасунутыя”, што хоць бы за імі паспець! Спыніўся на імгненне – і адстаў назаўсёды! – пераканана настаўніца.
Вось і спасцігае яна старанна педагагічную навуку, нібы ваду губка.
Канешне, жыццё і праца ў вёсцы маюць свае асаблівасці. Тут усе навідавоку. Тым больш – настаўнік. Тым больш – маладая дзяўчына. Што называецца: і “жэняць”, і “замуж выдадуць”, і “развядуць”. З часам неяк уладкавалася і гэтая праблема.
Засталася толькі адна, банальная, як свет – жыллё. Пакуль маладая настаўніца карыстаецца добразычлівасцю кіраўніцтва мясцовага СВК і здымае пакойчык у інтэрнаце гаспадаркі. Зразумела, часова. Да той пары, пакуль у гаспадарку не прыедзе свой малады спецыяліст. Таму свае далейшыя перспектывы ў Міхалішкаўскай школе настаўніца выразна не ўяўляе. Шкада…
Перад развітаннем папрасіў у Эльміры Бахманаўны дазволу на фотаздымак. Не без ваганняў дзяўчына пагадзілася. Вясёлы смайлік адразу ж некуды знік і ў аб’ектыве з’явілася сур’ёзная настаўніца.
Эдуард СВІРЫД, фота аўтара.