Чтобы на "огонёк" Завидинентской библиотеки тянулись люди
Усім вядома, што наша Радзіма славіцца прыгожымі мясцінамі, чыстымі гарадамі і ўтульнымі вёсачкамі. Але самая каштоўная прыгажосць – людзі, побач з якімі мы жывём.У невялікай вёсцы Завідзіненты Астравецкага раёна жыве і працуе цудоўны чалавек – Валянціна Аляксандраўна Касцечка. Больш 38 гадоў яна ўзначальвае бібліятэку-клуб. Не злічыць, колькі розных мерапрыемстваў за гэты час прайшло: пачынаючы ад невялікіх і заканчваючы святам вёскі, дзе ў жанчыны знаходзяцца добрыя, сардэчныя словы для сваіх вяскоўцаў. Былі шчырыя ўсмешкі, словы падзякі і слёзы радасці ад увагі да простага чалавека.
Ад малога да вялікага ведаюць у вёсцы: калі ў клубе мерапрыемства – няважна, вечарына, ушанаванне альбо “агеньчык” – будзе цікава і весела, абавязкова трэба схадзіць.
Не абдзелены ўвагай Валянціны Аляксандраўны ні дарослыя, ні дзеці. Кожнаму знойдзецца занятак па душы. Можна выбраць добрую кніжку, пазнаёміцца з вырабамі народных умельцаў, папрацаваць на камп’ютары альбо пагуляць у камп’ютарныя гульні.
Увесь вольны час, усю душу ўкладвае бібліятэкар у работу. Для яе гэта – другі дом, а аднавяскоўцы – другая вялікая і дружная сям’я. Яны з павагай і гонарам за зямлячку гавораць: “Гэта наша Валя. Яна ж не толькі цудоўны і працавіты чалавек – яна на працягу многіх гадоў з’яўляецца старастай вёскі. Да яе можна звярнуцца з любым пытаннем – заўсёды знойдзе час выслухаць і дапамагчы. Ад усёй яе істоты ідзе агеньчык цеплыні. Такіх людзей мала на свеце”.
Я далучаюся да вяскоўцаў, шчыра віншую Валянціну Аляксандраўну са святам – Днём бібліятэк. Жадаю моцнага здароўя, падтрымкі ад сяброў і родных – і каб на агеньчык Завідзіненцкай бібліятэкі-клуба яшчэ доўга цягнуліся людзі.
-------------------------------------------
Рэгіна ЖУК., Мінская вобласць.
