Четверть века посвятил службе в милиции Анатолий Иконополо

У яго вачах жывуць гарэзлівыя іскаркі сапраўднага адэсіта. І непаўторны, своеасаблівы акцэнт гэтай нацыі не здольны задушыць ніякі час. Як і іншыя “адэскія” якасці: гасціннасць, пачуццё гумару, уменне расказваць так, што можна слухаць бясконца…

Чвэрць стагоддзя ён прысвяціў службе ў міліцыі – абараняў, затрымліваў, расследаваў… А калі пайшоў на заслужаны адпачынак, пакінуў у праваахоўных органах дастойную змену – свайго сына. І спадзяецца, што на гэтым пераемнасць пакаленняў не спыніцца.
Сёння мы пазнаёмімся з ветэранам астравецкай міліцыі, цікавым і неардынарным чалавекам – Анатолем Анатольевічам Іканопала.


Ёсць на ўкраінскай зямлі, літаральна побач з легендарнай Адэсай, адносна малады горад Ільічоўск. Яго жыхары па праву лічаць сябе адэсітамі. Па-першае, адлегласць паміж гарадамі ўсяго толькі каля 20 кіламетраў, а па-другое, іх аб’ядноўвае адзіны марскі порт, які займае трэцяе месца па грузаабароту. Менавіта ў гэтым горадзе і жыла сям’я Іканопала, у якой нарадзіўся і вырас Анатоль Анатольевіч. Дарэчы, іх радавод патрабуе асобнай размовы. Справа ў тым, што Іканопалы па нацыянальнасці – грэкі. І прозвішча гэта раней гучала не інакш, як Іканопулас. Аднак калі да ўлады прыйшоў Сталін, было вырашана ўкраінскую нацыю “зраўняць”: або перасяленцы прымаюць украінскую нацыянальнасць, або іх назаўсёды высяляюць у невядомым накірунку. Такім чынам Іканопулас пераўтварыліся на ўкраінскі манер у Іканопула, а пасля і ў Іканопала.
З дзяцінства Анатоль прачынаўся і засынаў пад непаўторную музыку мора. Праўда, калі марскаястыхія злавалася і білася аб бераг успененымі ад злосці магутнымі хвалямі шторму, заснуць было цяжка. Затое як было прыемна разам з іншымі равеснікамі ўранку, калі спякота яшчэ не прачнулася, акунуцца ў пяшчотныя абдымкі вады! Тое, што іншыя лічылі экзотыкай і курортам, Анатоль бачыў і адчуваў кожны дзень.
Пад шум хваляў прайшло дзяцінства і юнацтва – і неўзабаве надышоў час ісці служыць. У тыя гады яшчэ ўсе жылі ў адной магутнай дзяржаве пад назвай Савецкі Саюз, таму служыць хлопец адправіўся ў Беларусь, у Лідскі раён, дзе размяшчалася сакрэтная вайсковая часць. Аднойчы падчас службы яго паслалі на пяць месяцаў у камандзіроўку ў пасёлак Жалудок. Менавіта тут гарэза-лёс і пазнаёміў маладога салдата з яго “палавінкай”.


– Там жа медыцынскае вучылішча размяшчалася, – з усмешкай успамінае Анатоль Анатольевіч. – Дзяўчат шмат, а нас, вайскоўцаў, менш. Такім чынам, мы яшчэ і выбіралі найбольш прыгожых. (Смяецца) У самаволку на танцы, вядома ж, бегалі. А яшчэ на святы, напрыклад, 23 лютага, мы ў ваенную часць запрашалі аркестр, арганізоўвалі культурную праграму. Да нас прыходзілі дзяўчаты з медвучылішча. А яны, у сваю чаргу, на 8 сакавіка нас запрашалі. Але з Сафіяй (так завуць жонку) я не там пазнаёміўся. Памятаю, едзем мы з аднаслужыўцамі на машыне, а па дарозе групка дзяўчат ідзе. Ну хлопцы і кажуць: “А вось мая пайшла, вось – мая…” Тут адзін таксама паказвае, маўляў, мая ідзе, а я так паглядзеў на яе ўважліва і кажу яму: “Вось гэта мая будзе!” Словам, з першага погляду спадабалася яна мне. І што вы думаеце? Пазнаёміўся… У той жа вечар у самаволку на танцы пайшоў – і яна-такі выбрала мяне!


Каханне закружыла пару ў сваім непаўторна-вар’яцкім танцы. Аднак у іх гісторыі ўсё было не вельмі проста. Пасля камандзіроўкі ў Жалудок Анатоля паслалі на цаліну – Кубань, Казахстан, зноў Беларусь… Вярнуўшыся дадому, ён тут жа напісаў Сафіі – адно пісьмо, другое, трэцяе… Нарэшце прыйшоў адказ, што адрасат выбыў, але, на шчасце, на пісьмах быў указаны новы адрас. На той час бацькі дзяўчыны пераехалі на Астравеччыну – у Дайноўку. Сама ж Сафія працавала медсястрой у Мінску. І зноў да яе паляцелі лісты… І каханне завіравала, толькі на гэты раз у чулых і пяшчотных словах пісьмаў. Маладыя не бачыліся, але ад гэтага ўзаемнае пачуццё толькі мацнела. Нарэшце, яны сустрэліся на вяселлі сваіх сяброў. І неўзабаве сыгралі вяселле самі. Жылі ў Ільічоўску ў бацькоў Анатоля. На гэты час хлопец ужо звязаў жыццё з міліцыяй – служыў у асобнай дывізіі па ахове рыбнага порту.


– Чаму міліцыя? Пасля арміі мы пайшлі адзначацца ў ваенкамат. Там і прапанавалі. Так вось і ўладкаваўся. Дарэчы, далёка не ўсіх, хто прыйшоў са мной, узялі на працу. Праз пяць гадоў дывізію расфарміравалі, і я пайшоў міліцыянерам на Адэскі чыгуначны вакзал. Ох, і наглядзеўся ж там самага рознага – ад смешнага да жахлівага, на ўсё жыццё хопіць. Затым перавёўся ў гандлёвы порт Ільічоўска.


За гэты час сям’я Іканопала павялічылася на два чалавекі: спачатку нарадзіўся Анатоль, праз некаторы час – Дзяніс. А вось з жыллём былі праблемы: будаўніцтва кааператыва маладой сям’і не “свяціла”. У адну з паездак да бацькоў Сафіі на Астравеччыну Іканопалы пачулі, што тут з “кватэрным пытаннем” прасцей. У гэты ж дзень Анатоль Анатольевіч завітаў у раённы аддзел унутраных спраў. Зампалітам на той час быў Сяргей Віктаравіч Шэін, які пацвердзіў, што з уладкаваннем на працу не будзе праблем. І праз два месяцы, у 1989 годзе, Іканопалы пераехалі ў Астравец.


– Пачынаў памочнікам у дзяжурнай часці. Пасля перавялі ўчастковым інспектарам па Астраўцы. Закончыў Мінскую сярэднюю школу міліцыі, якая, калі я быў на апошнім курсе, стала Акадэміяй. Так што мы яшчэ жартавалі, што паступілі ў школу, а выйшлі з Акадэміі. Затым я працаваў у ахове камандзірскага ўзвода, пасля зноў участковым, але ўжо нядоўга, бо вярнуўся ў “дзяжурку”. На пенсію пайшоў старшым інспектарам дзяжурнай часці. Канешне, за ўвесь гэты час многае прыйшлося пабачыць. І з сякерай на мяне кідаліся, і “добрым” словам нецвярозыя называлі, і злодзеяў-угоншчыкаў на машыне даганялі. Але вось парадокс: зараз са мной вітаюцца нават тыя, каго затрымліваў за правапарушэнні. А ў сваю родную “дзяжурку” магу зайсці ў любы момант – з усімі добрыя адносіны.


Службе ў міліцыі Анатоль Анатольевіч аддаў 25 гадоў жыцця. Але гэта не канец, бо бацькаву справу працягвае малодшы сын Дзяніс. З дзяцінства мужчына прывіваў сынам павагу да сваёй справы. Старэйшы, Анатоль, хоць і не працуе ў міліцыі, але таксама звязаў жыццё з прафесіяй “у форме” – служыць пагранічнікам. А вось Дзяніс, нягледзячы на малады ўзрост, ужо зарэкамендаваў сябе як вопытны і адказны ўчастковы.


– Я сваё адпрацаваў, сыны ў жыцці ўстроіліся – можна зараз і назад у Ільічоўск вяртацца. У мяне там маці яшчэ жыве. Кожны год туды ездзім з жонкай. Водпуск без майго мора – гэта не водпуск. Ведаеце, наш дом там размяшчаецца на вуліцы Прыморскай, але ўсе называюць яе Беларускай. Бо як прыедзеш, куды ні глянь – машыны з беларускімі нумарамі. Там дзверы не зачыняем, бо заўсёды ёсць каму прыйсці ў госці. Ой, там так прыгожа і хораша, што адпачываеш усёй душой!


І, проста гледзячы на Анатоля Анатольевіча, у сказаным не сумняваешся. Аб яго любові да “першай” радзімы сведчаць нават не словы, а люстэрка сутнасці чалавека – вочы, у якіх гарэзлівымі іскаркамі жыве душа сапраўднага адэсіта.


-----------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота ўтара.