Чем живут энергетики Островетчины?
1
Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць энергетыкі. І значыць, самы час запрасіць у гасцёўню “Астравецкай праўды” начальніка электрасеткі Альфрэда Станіслававіча КАЛЕСНІКА.
– Альфрэд Станіслававіч, давайце нашу размову пачнём са злабадзённых праблем. Нядаўнія моцныя снегапады нарабілі нямала бяды. Вашы калегі з Гомельскай і Магілёўскай абласцей наогул працавалі ў аўральным рэжыме. А ці былі праблемы ў вашай разгалінаванай гаспадарцы?
– Аварыйных сітуацый на высокавольтнай сетцы не было, а дробныя пашкоджанні, якія тычыліся, галоўным чынам, энергазабеспячэння прыватных дамоў, мы хутка ліквідавалі. Дарэчы, што тычыцца аварый на Гомельшчыне і Магілёўшчыне… Кадры, якія з месца падзей перадало тэлебачанне, паказалі: у тым, што здарылася, ёсць віна і саміх энергетыкаў – аварыйную сітуацыю справакавала недагледжанасць ліній. У лясным масіве лінія электраперадачы павінна праходзіць па свабоднай ад дрэў прасецы, шырыня якой мусіць у ідэале адпавядаць вышыні дрэў, што растуць побач. У такім выпадку, калі нават дрэва ўпадзе, яно не закране правады.
– А ў якім стане нашы лініі?
– Стараемся вытрымліваць неабходныя параметры. Канешне, гэта няпростая справа – працягласць высокавольтных ліній па тэрыторыі Астравецкага раёна складае 158 кіламетраў.
У нас ёсць спецыяльная брыгада, якая займаецца выдаленнем непажаданай расліннасці, а яшчэ нам на дапамогу прыходзяць супрацоўнікі лясніцтва, з якімі мы даўно і плённа супрацоўнічаем. Агульнымі намаганнямі лясныя прасекі ўдаецца ўтрымліваць у парадку.
– Альфрэд Станіслававіч, якія планавыя паказчыкі даводзяцца энергетыкам?
– Самыя розныя. Да прыкладу, аб’ём платных паслуг, у пералік якіх уваходзіць электрыфікацыя дамоў, будаўнічых пляцовак, праектаванне і мантаж абсталявання. Асобна даводзіцца аб’ём паслуг насельніцтву, капітальны рамонт абсталявання. Хоць, безумоўна, самы галоўны накірунак нашай работы – бесперабойнае забеспячэнне электраэнергіяй усіх яе спажыўцоў – як юрыдычных асоб, так і фізічных. Усе даведзеныя планы мы выконваем.
– Мы жывём у час, калі эканоміцы вытворчасці надаецца першаступеннае значэнне. І вытворцы ва ўсіх без выключэння галінах стараюцца пераходзіць на
як мага менш энергаёмкія тэхналогіі. Ці азначае гэта, што попыт на вашу, калі можна так сказаць, прадукцыю зніжаецца?
– Наадварот. Патрэбнасць у электраэнергіі кожны год павялічваецца на 2-3 мільёны кілаватгадзін. 30-32 працэнты агульнага аб’ёму ідзе на бытавыя патрэбы людзей, яшчэ па 30 працэнтаў “спальваюць” сельская гаспадарка і прамысловасць. Астатнюю колькасць забірае сацыяльная сфера: бальніцы, школы, дзіцячыя садкі…
Дарэчы, праграма энергазберажэння тычыцца і нас.
– А якім чынам вы можаце яе зберагчы?
– Напрыклад, павелічэннем сячэння правадоў, якое коштам меншага супраціўлення дазваляе значна знізіць страты электраэнергіі пры яе перадачы на адлегласць. Заменай тэхнічнага абсталявання – на сучасным страты менш у 5-6 разоў. Вулічнае асвятленне – яшчэ адзін аспект эканоміі. Сёння на змену прывычным лямпачкам прыходзяць светладыёдныя блокі. Дарэчы, першы (і пакуль адзіны) у нашым раёне мы ўжо ўстанавілі на тэрыторыі нашага прадпрыемства. Пры аднолькавым светлавым патоку звычайная лямпачка расходуе 150 ват, а светладыёдны блок – толькі 9. Сапраўдная рэвалюцыя!
– Можа, увод гэтых блокаў дазволіць не адключаць вулічнае асвятленне ноччу, як гэта практыкуецца ў апошнія гады? Думаю, з нагоды цемры на вуліцах вам прыходзіцца выслухоўваць нямала непрыемных слоў?
– Гаспадар гарадскога вулічнага асвятлення – РУП ЖКГ. Ліхтары пасля 24.00 адключаюць камунальнікі. Мы асвятляем толькі сельскія населеныя пункты, і там святло на ноч не адключаецца.
– Што за дыскрымінацыя такая? Гаражанам таксама хочацца хадзіць па асветленых вуліцах.
– Прабачце, але пытанне не да мяне.
– Так, адзін міф наконт таго, што Калеснік асабіста тушыць ліхтары ў 12 гадзін ночы, мы толькі што развеялі. Але існуе і іншы: дасведчаныя людзі сцвярджаюць, што ў раённых энергетыкаў самая высокая зарплата ў раёне. Што вы на гэта скажаце?
– Развею і гэты міф – сярэдняя зарплата за кастрычнік па нашым прадпрыемстве склала 4154 тысячы рублёў. Хіба гэта шмат? Тым больш з улікам спецыфікі нашай працы, калі электраманцёрам даводзіцца працаваць у палявых умовах і ў спёку, і ў мароз, і пад праліўным дажджом. Дарэчы, за гэты год мы страцілі 18 талковых спецыялістаў – людзі пайшлі працаваць на будаўніцтва АЭС. І матывацыя адна – нізкі заробак.
– Давайце закранём супрацьлеглы бок энергазабеспячэння – пагаворым пра спажыўцоў. Электрыкі, як вы расказалі, удасканальваюць сваё абсталяванне, але і нячыстыя на руку спажыўцы таксама “не спяць у шапку” – прыдумваюць усё новыя спосабы крадзяжу электраэнергіі. Як змагаецеся з гэтай з’явай?
– Нядобрасумленнымі спажыўцамі займаецца група збыту. Праводзім сістэматычныя рэйды, спецыялізаваныя праверкі. Арганізоўваем выносныя ўлікі за межы домаўладанняў. Думаю, эфект ад гэтай работы ёсць – пры агульнарэспубліканскім нарматыве падобных страт у 12 працэнтаў у нас яны складаюць не больш 9-10 працэнтаў.
– Альфрэд Станіслававіч, як даўно вы працуеце ў РЭСе?
– Са жніўня 1969 года. Гэта пры тым, што электрыфікацыя Астравецкага раёна пачалася толькі ў 1964 годзе – менавіта тады была працягнута першая лінія Солы-Астравец. Масавая электрыфікацыя пачалася ў 1967 годзе, а да 50-годдзя СССР святло прыйшло ва ўсе вёскі, у якіх налічвалася больш за 10 дамоў. У 1969 годзе былі электрыфікаваны і маленькія населеныя пункты. А ў 1971 годзе з’явіліся першыя вытворчыя свінакомплексы, праца якіх у многім была “завязана” на электрычнасці: “Германішкі”, “Падольцы”, “Варняны” і іншыя.
– У Еўропе для выпрацоўкі электраэнергіі ўсё больш актыўна выкарыстоўваюцца ветракі. Якія перспектывы ў нас у гэтым накірунку?
– Ветраэнергетычная ўстаноўка – нятаннае задавальненне, хоць, безумоўна, экалагічна чыстае. У нашай краіне яны таксама ёсць, праўда, пакуль няшмат. Дзейнічаюць і гідраэлектрастанцыі. Але 80 працэнтаў электраэнергіі мы атрымліваем ад цеплавых станцый – у суткі для гэтай мэты ў рэспубліцы спальваецца каля 50 мільёнаў кубаметраў газу. Калі пачне працаваць АЭС, 25 працэнтаў неабходнай электраэнергіі будзе выпрацоўваць яна.
– Ну і пад занавес нашай размовы напярэдадні вашага прафесійнага свята
назавіце, калі ласка, імёны лепшых працаўнікоў прадпрыемства.
– З задавальненнем. Хоць правільна было б назваць увесь калектыў – усе ставяцца да працы адказна і добрасумленна. А лепшыя з лепшых –гэта А.Л Драздовіч, А.М. Каржоў, В.А. Захарыч, Ю.К. Скрыпнік, Р.С. Дарашкевіч, Я.В. Радзюш. А.Г. Свіла, У.І. Урбановіч, Ф.Ф. Кацуба, І.С.. Сарачынскі, П.Л. Яновіч. А.С. Лаздоўскі, І.І. Мікліс, В.І. Налівайка, В.Р. Ігнацюк, В.М. Мілэйша, С.С. Мізей, А.А. Анішчук, В.І. Лянкевіч, Р.А. Грыневіч, І.І. Кімса і многія іншыя. І карыстаючыся выпадкам, хачу падзякавацьза працу ўсяму калектыву, а таксама нашым ветэранам, якія прысвяцілі РЭСу ўсё сваё працоўнае жыццё, і пажадаць здароўя, шчасця, утульнасці, аптымізму. А яшчэ – надзейнай, безаварыйнай і бяспечнай працы.
– Дзякую за размову.
----------------------------------------
Гутарку вяла Ганна ЧАКУР.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.



