Чем привлекла лёгкая атлетика островчанина Максима Андралойтя?

Ён хутка бегае і пераадольвае бар’еры, спрытна скача і з лёгкасцю можа кінуць ядро ці дыск на немаленькую адлегласць. Усё гэта – не проста забавы, а сапраўднае майстэрства, у якім ён імкнецца ўсё больш развівацца і ўдасканальвацца. І гэта атрымліваецца. Нядаўна ён стаў чацвёртым у свеце сярод сваіх равеснікаў, якія таксама любяць бегаць, скакаць і кідаць… А калі больш прафесійна – займацца лёгкай атлетыкай.
Сёння мы бліжэй пазнаёмімся з таленавітым астравецкім лёгкаатлетам, выхаванцам трэнера Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Ігара Гануліча, кандыдатам у майстры спорту Максімам Андралойцем, які зараз вучыцца на апошнім курсе Гродзенскага вучылішча алімпійскага рэзерву.

– Існуе шмат цудоўных захапленняў, звязаных з рознымі прафесіямі? Чаму спорт? І чаму менавіта лёгкая атлетыка, а не, напрыклад, той жа бокс ці каратэ?


– А чаму хтосьці выбірае гэтыя самыя іншыя прафесіі, становіцца, скажам, інжынерам, настаўнікам ці вадзіцелем? Усё проста: кожны выбірае тое, што яму цікава. Мне цікава займацца спортам, а дакладней, лёгкай атлетыкай. І гэта ў мяне пакуль атрымліваецца.


– А чым бы вы займаліся, калі б не спорт?


– Ой, нават і не ведаю. Неяк ніколі не задумваўся. Проста ў малодшым узросце пакуль не ставіў перад сабой такое пытанне. А ў 8 класе да нас прыйшоў мой будучы трэнер Ігар Дзмітрыевіч Гануліч і стаў заахвочваць наведаць секцыю па лёгкай атлетыцы. Вось я і вырашыў паспрабаваць. Паспрабаваў, спадабалася, атрымалася. Далей – больш. Пачаў удзельнічаць у розных спаборніцтвах, паказваць нядрэнныя вынікі, займаць прызавыя і пераможныя месцы. Вось так лёгкая атлетыка і зацягнула.


– А як жа падлеткавы перыяд і жаданне ўсё паспрабаваць, у тым ліку і не вельмі добрае і карыснае?


– Гэта, канешне, можна. Аднак, я лічу, калі ў цябе нешта атрымліваецца, трэба ісці да канца. Магчыма, ад нечага прыйдзецца і адмовіцца. Але, паўтаруся, калі зрабіў выбар – ідзі да канца.


– Увесь дзень па графіку: трэніроўкі, вучоба, зноў трэніроўкі… Не цяжка?


– Канешне, у вучылішчы спачатку было цяжкавата. Але трэніроўкі і нагрузкі даюць вынікі, якія радуюць. Словам, я у сваім выбары не расчараваўся. Ды і наогул, усе былі задаволены: і бацькі, і трэнер, і я.


– Лёгкая атлетыка – паняцце шматзначнае, бо ўключае ў сябе розныя віды спорту. Вы выступаеце ў шматбор’і. А што атрымліваецца лепш за ўсё?


– Больш удала атрымліваюцца бег з бар’ерамі і скачкі ў даўжыню. Дарэчы, 14 верасня буду выступаць на спаборніцтвах у Казахстане менавіта па гэтых відах. Спадзяюся на нядрэнны вынік. Астатнія віды лёгкай атлетыкі ідуць больш-менш на аднолькавым узроўні.


– Якія яшчэ віды спорту падабаюцца, акрамя лёгкай атлетыкі?


– Ды я наогул спорт люблю. Глядзець па тэлевізару. Футбол, хакей… Любімая каманда? Канешне ж, гродзенскі “Нёман”!


– А любімы спартсмен, з якога можна браць прыклад і дасягненнямі якога вы захапляецеся?


– Чэх Раман Шэбрле, алімпійскі чэмпіён і трохразовы чэмпіён свету па дзесяцібор’ю. Яго рэкорд – 9029 ачкоў – дзевяць гадоў ніхто не мог пабіць. Такім прафесіяналам нельга не захапляцца.


– Што ў бліжэйшых планах?


– Працягваць і далей займацца лёгкай атлетыкай. Пакуль буду развівацца як спартсмен, а пасля – час пакажа. А яшчэ ў наступным годзе буду ўдзельнічаць у летніх юнацкіх алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у Кітаі. Буду старацца заняць прызавое месца.


– Як адпачываеце, якую музыку слухаеце, любімая страва?


– Адпачываю, як і ўсе: сустракаюся з сябрамі, абменьваемся з імі навінамі, гуляем па горадзе. У музыцы няма любімага накірунку, слухаю проста тое, што падабаецца. А вось ежа… У вучылішчы у нас спецыяльнае харчаванне, збалансаваны комплекс вітамінаў. Таму, калі прыязджаю дадому, канешне ж, не магу адмовіцца ад смажанай бульбы і ад іншых маміных прысмакаў.


– А ёсць любімае месца, куды прыходзіце, калі на душы смутна ці, наадварот, весела?


– А як жа! Вядома, ёсць. Стадыён! (Смяецца) Яшчэ люблю проста пагуляць па парку ці прайсціся па прыгожых мясцінах.


-----------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.