Чем островчанки радуют своих защитников за праздничным столом
Распачаўшы ў навагоднім нумары размову аб тым, як адзначаюць святы і якія фірменныя стравы ў гэты дзень ставяць на стол у сем’ях вядомых у раёне людзей, мы вырашылі прадоўжыць яе і напярэдадні 23 лютага. Гэты дзень у нашай краіне традыцыйна адзначаецца не толькі як Дзень абаронцаў Айчыны, якім ён з’яўляецца першапачаткова, але і як свята ўсіх мужчын – не толькі сапраўдных, але і патэнцыяльных абаронцаў Айчыны і сваіх блізкіх.Якія ў вашай сям’і існуюць традыцыі святкавання гэтага дня, як і каго вы віншуеце ў гэты дзень, якія стравы рыхтуеце да святочнага стала – з гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да некаторых жанчын нашага раёна.
Яніна Вікенцьеўна КІРЭЕВА, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама
– Ой, мужчын у нашай сям’і зараз шмат! І ўсе – абаронцы, хто ў мінулым, хто – у будучым, таму ўсіх буду віншаваць.
Некалі муж быў адзін, а нас, жанчын, чацвёра: я і тры дачкі. А зараз – лічыце: муж, яго бацька – свёкар зараз жыве з намі, – тры зяці, чацвёра ўнукаў, да 23 лютага чакаем падарунак – пятага. Ну, унучак пакуль лічыць не будзем – іх павіншуем з 8 Сакавіка. Колькі атрымалася? Ну, значыць, не памылілася: сёлета дзевяць падарункаў трэба купіць, а на наступны год, напэўна, будзе больш.
Унукам я падарункі ўжо падрыхтавала: калі была ў Мінску на курсах, купіла ім настольныя гульні: лато, даміно, шашкі. Вырашыла: хай гуляюць у тое, у што мы ў дзяцінстве гулялі, а не ва ўсе гэтыя камп’ютарныя “вайнушкі”. Ну, а дарослым яшчэ нешта прыдумаю…
Усе святы, у тым ліку і 23 лютага, мы сустракаем у нас дома. Сёлета, магчыма, крыху зменім гэтую традыцыю. Справа ў тым, што ў сярэдняй дачкі, Олі, 23 лютага – дзень нараджэння. А тут дадалася яшчэ адна знамянальная падзея: яны нарэшце перабраліся ў сваю кватэру. Так што, напэўна, пойдзем усе да яе ў госці. З падарункамі і пачастункамі, вядома. Вось толькі сваю фірменную страву –
Фаршыраваную гарбузу
– сёлета прыгатаваць не ўдасца: не “дацягнула” гарбуза да свята, сапсавалася… (не трэба блытаць гарбузу з кавуном: размова ідзе пра плод, які ў рускай мове называецца тыквай – Н.Р.)
Але рэцэптам падзялюся: магчыма, некаму спадабаецца і захочацца ў наступным годзе гэту страву прыгатаваць.
У гарбузы сярэдніх памераў (а можна ўзяць і вялікую – абы ў духоўку ўлезла) зразаю верх. Не выкідваць – ён потым будзе служыць накрыўкай для нашага гарбузовага “казана”!
Затым выбіраю з сярэдзіны мякаць і семачкі. І ў сярэдзіну гэтай “каструлі” складваю слаямі фарш: кавалачкі курынага філе, рыс – папярэдне яго крышачку адварваю, – затым здробненую на тарцы моркву і дробна парэзаную цыбулю, зноў курыцу, гародніну, рыс – і так некалькі разоў. Апошнім слоем павінен быць рыс. Вядома, усё трэба пасаліць і прыправіць спецыямі. Зверху пакласці кавалак, грамаў сто, сметанковага масла, пасыпаць прыправамі і здробненым часнаком. Закрыць зрэзанай накрыўкай і паставіць у духоўку.
На стол падаваць цэлую гарбузу, не разразаючы: накрыўка здымаецца, падаецца вялікая драўляная лыжка, якой кожны накладвае сабе гэтакі своеасаблівы плоў. Атрымліваецца прыгожа, арыгінальна і смачна.
А сёлета, раз гарбуза не дачакалася мужчынскага свята, прыгатую ім да святочнага стала
Заліўную рыбу
Рыбу для гэтай стравы я купляю марскую, свежамарожаную – хек ці мінтай, але абавязкова буйную.
Адварваю яе – у булён, акрамя традыцыйных прыпраў, кладу два кубікі “Галіны бланкі”.
Затым рыбу дастаю, абіраю ад касцей, стараючыся як мага менш пашкодзіць тушку. Булён, у якім яна варылася, дзялю на дзве часткі. Адну ахалоджваю і дабаўляю жэлацін – прыкладна 30 грамаў.
Тым часам рыбу прыгожа выкладваю на вялікае блюда.
Калі жэлацін разбухне, дзялю яго на дзве часткі. У першую дабаўляю 100 грамаў маянэзу, хуценька размешваю і заліваю рыбу.
Калі маянэзнае жэле застыне, змешваю другую частку жэлаціну і астатні рыбны булён і заліваю зверху.
Упрыгожыць кожны можа ў адпаведнасці са сваім густам і фантазіяй.
Такая трохслойная заліўная рыба атрымліваецца пасвяточнаму прыгожай і вельмі смачнай.
Святлана Мікалаеўна ІВАНОВА, начальнік фонду сацыяльнай абароны насельніцтва
– З Днём абаронцаў Айчыны буду віншаваць адразу тры пакаленні мужчын: тату – ён у свой час чатыры гады служыў на Сахаліне, мужа – ён афіцэр запасу – і сыноў. Старэйшы, Жэня, зараз жыве ў Англіі, так што яго павіншуем толькі па скайпу – дзякуй богу, што ёсць зараз гэтыя выгоды цывілізацыі, якія дазваляюць заўсёды быць на сувязі. Ну, а астатнія мае мужчыны – тут, пры мне.
Вядома ж, падрыхтую ім падарункі, павіншую са святам, спяку торт. Не, нейкага традыцыйнага рэцэпта ў мяне няма – люблю эксперыментаваць. Я ўвогуле раней часта пеставала сваіх мужыкоў хатняй выпечкай, зараз неяк радзей гэтым займаюся. Але торт на свята – гэта абавязкова.
Што яшчэ будзе на святочным стале? Напэўна, наша традыцыйная і ўсімі любімая страва – манты. Мае мужчыны іх вельмі любяць.
Гатаваць манты мяне некалі навучыла суседка-казашка – да прыезду ў Астравец мы 11 гадоў жылі ў Казахстане.
Манты
Манты – гэта страва з мукі і фаршу, кшталту пельменяў, але гатуюцца яны інакш. Галоўнае адрозненне – манты трэба варыць на пары, таму для іх прыгатавання спатрэбіцца спецыяльная мантаварка ці хоць бы параварка.
Для цеста ў муку дабаўляю малако, яйка, алей. Старанна вымешваю, тонка раскатваю – як на пельмені. Выразаю з цеста вялікія кружкі – ні шклянка, ні кубак для выразання не падыдуць – малаватыя будуць. Вось невялікая салатніца – сама тое.
Для фаршу трэба ўзяць свежую, якасную, тлуставатую свініну. У ідэале яе трэба не здрабняць на мясарубцы, а рэзаць маленькімі кавалачкамі – але, мне здаецца, гэта ўжо занадта… Я ўсё ж выкарыстоўваю мясарубку, толькі бяру буйную рашотку. Дадаю шмат здробненай цыбулі, соль, спецыі. Фарш старанна вымешваю.
На сярэдзіну кожнага кружка з цеста выкладваю фарш і зашчыпваю асаблівым чынам, ружачкай – верх павінен быць адкрыты.
У ваду для варкі дабаўляю прыправы: перац, лаўровы ліст, часнок. Манты гатуюцца на пары хвілін 40. Затым выкладваюцца на блюда і перамазваюцца маслам.
Да іх я падаю соус – смятану, таматны соус ці кетчуп змешваю ў роўных прапорцыях, да іх дадаю чырвоны перац, часнок, крышку солі.
Шаноўныя жанчыны, калі ў вас хопіць часу і цярпення для прыгатавання мантоў, абяцаю: вашы мужчыны застануцца ў захапленні! І свята атрымаецца…
Тарэса Мар’янаўна ДРАГАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
– Мужчын у нашай сям’і трое: муж Уладзімір і два сыны – Алег і Дзяніс. А жанчына – пакуль што я адна, нявестак сыны пакуль што не прывялі. Так што генерал у доме, вядома ж, я! Жартую – хоць у кожным жарце, як вядома, ёсць доля жарту, астатняе – праўда…
Хоць увогуле я шчыра, без жартаў, удзячна мужу, што ён выхаваў сыноў у павазе да мяне як да маці і жанчыны. Я штодзённа і штохвілінна адчуваю падтрымку і клопат сваіх мужчын. Калі выходжу з кватэры ці вяртаюся дамоў і нехта з іх побач, мне заўсёды дапамогуць апрануцца ці зняць паліто. Я ніколі не нашу цяжкія сумкі. Для іх не з’яўляецца праблемай зрабіць нейкую “жаночую” справу – скажам, бялізну развесіць ці дыван прапыласосіць. І, скажу па сакрэту, посуд я таксама не мыю: у нас гэта кожны сам робіць за сабой.
Ну вось, нейкая не 23-лютаўская, а 8-сакавіцкая размова ў нас атрымліваецца… Хоць, зрэшты, хто сказаў, што паважаць і берагчы сваіх жанчын – не вартасць сапраўднага мужчыны?
Люты ў нас багаты на святы і адметныя даты. 8 лютага адзначалі Дзень нараджэння мужа, затым я віншавала яго з 25-й гадавінай вываду савецкіх войскаўз Афганістана – яму давялося прайсці праз тое пекла. Так што 23 лютага нечым асаблівым адрозніваецца не будзе. Я, канешне, ужо падрыхтавала для кожнага са сваіх дарагіх мужчын падарункі – зараней выпытала, чаго б яны хацелі.
Але нейкі асабліва святочны стол накрывацца не будзе. Хоць, зрэшты, будзённы ў нас мала адрозніваецца ад святочнага. Мае мужчыны, дзякуй богу, не пераборлівыя, але паесці любяць, прычым лепш за ўсё – простую натуральную ежу, пажадана мяса – як, напэўна, і ўсе абаронцы. Таму я часта рыхтую ім цэпеліны – любяць яны гэтую страву.
А яшчэ –
Мяса па-французску
Ну, можа сапраўдныя французы могуць сказаць, што той рэцэпт, па якім я традыцыйна яго рыхтую, не адпавядае назве – але гэта ўжо праблемы французаў, а маім мужчынам яно падабаецца.
Я рыхтую мяса па-французску наступным чынам. Кавалак нятлустай свініны – лепш за ўсё, вядома, ж браць паляндвіцу – рэжу на буйныя, таўставатыя кавалкі, як для адбіўной. Злёгку адбіваю, марыную з соллю і спецыямі. Раскладваю на бляху. Зверху кладу альбо гародніну – памідоры, балгарскі перац, сырую моркву, альбо падсмажаныя грыбы. Паліваю маянэзам, пасыпаю зверху цёртым сырам – і стаўлю ў духоўку.
Незалежна ад таго, будзе гэта пададзена на святочную вячэру ці на самую звычайную, з’ядуць усё за мілую душу!
А вось салаты мае мужчыны любяць розныя, таму рыхтую іх, як правіла, некалькі – кожнаму па густу. Яны таксама звычайна простыя – але смачныя.
Ну вось, напрыклад, адзін з іх.
Салата з крабавымі палачкамі
Крабавыя палачкі рэжу буйнымі колцамі, дабаўляю замарынаваную папярэдне ў воцаце з дабаўленнем кіпячонай вады і цукру цыбулю, і ананасы – у нас іх ролю часцей за ўсё выконваюць замарынаваныя летам “пад ананасы” кабачкі. Запраўляю маянэзам.
А яшчэ рыхтую
Салату з фасоляй
У гэтую салату, акрамя бляшанкі марынаванай фасолі, дадаю смажаныя грыбы з часнаком, абсмажаныя цыбулю з морквай (але сухаватыя, без залішняга тлушчу) і сухарыкі – кірыешкі ці падсушаныя ў духоўцы кавалачкі чорнага хлеба. Толькі купленыя сухарыкі трэба дадаваць раней – яны размякчаюцца даўжэй. Зноў жа запраўляю маянэзам – і ўсё, смачна есці.
Святочныя традыцыі і рэцэпты фірменных страў выведвала Ніна РЫБІК.
