Человек, талантливый во всем

Ёсць людзі, таленавітыя адразу ва ўсім. Як Часлаў Часлававіч ДРЭМА, жыхар вёскі Лазоўка.


– Наш тата ўмее ўсё, – расказвае яго дачка Вікторыя. – Спечаныя ім пірагі – самыя пышныя і смачныя, а “хвораст” літаральна растае ў роце. І шыць тата ўмее – на зайздрасць жанчынам. Ён з лёгкасцю адрамантуе пральную машыну, тэлевізар, тэлефон, аўтамабіль... А калі наша сям’я набыла камп’ютар, тата ўстанавіў яго сам, без старонняй дапамогі. І першым навучыўся карыстацца цуда-тэхнікай – мы з братам вучыліся ўжо ў яго. Інтэрнэт тата таксама асвоіў самастойна. І карыстаецца ім вельмі актыўна. Па словах таты, інтэрнэт – гэта цудоўны памочнік цікаўнага чалавека, заўсёды гатовы падказаць тэхнічнае рашэнне таго ці іншага праекта. Дарэчы, у “Аднакласніках” тата зарэгістраваўся раней, чым мы з братам. І вельмі хутка знайшоў сабе сяброў па ўсім свеце. Нават віртуальна пасябраваў з вядомай індыйскай актрысай. Жартаваў, што трэба хаваць гэтую “сувязь” ад мамы – каб не раўнавала…


І ў прафесійнай дзейнасці Часлаў Часлававіч – майстар на ўсе рукі. Аднолькава паспяхова працаваў сталяром, экскаватаршчыкам, будаўніком, трактарыстам. Хоць да сталярства ў яго асаблівая любоў. “Таму што гэта не проста рамяство, – тлумачыць ён сваю прыхільнасць. – А размова з дрэвам. Паўнацэнны дыялог: ты прапаноўваеш яму сваё бачанне вырабу, а яно карэкціруе твой план у адпаведнасці з фактурай драўніны. І атрымліваецца супрацоўніцтва. У працы сталяра столькі месца для фантазіі, што яе і працай называць нельга – творчасць!”
Вядома, пры такіх адносінах да дрэва ў доме Дрэмаў усе драўляныя рэчы разныя, мастацкія. Не толькі донцы ды скалкі, але і карнізы, этажэркі, столікі пад тэлевізар і інш. А якія прыгожыя камп’ютарныя сталы атрымліваліся ў Часлава Часлававіча! Быў час, ён рабіў іх на заказ.


– А яшчэ ў Часлава выдатнае пачуццё гумару, – дапаўняе пляменніцу пастаянны аўтар нашай газеты Рэгіна Дрэма. – Дарэчы, яго любімая рубрыка ў “раёнцы” – “Што б гэта значыла?”. Такія трапныя подпісы атрымліваюцца ў Часлава часам. Прыдумае і тэлефануе мне – маўляў, гатовы падзяліцца ідэяй! “Дык дашлі гэты подпіс ад свайго імя”, – кажу яму. “І без мяне ў “Астравецкай праўдзе” Дрэмаў хапае, – смяецца ён. – Хопіць, што ты там друкуешся часта і густа”.


Пяць гадоў назад здарылася няшчасце – Часлаў Часлававіч цяжка захварэў. Але страшны дыягназ не зламаў гэтага мужнага чалавека – колькі мог, ён працягваў працаваць. І нават калі хвароба прыкавала яго да крэсла, ён не злажыў рукі.


–У нейкім часопісе тата ўбачыў фатаграфію лебедзя, зробленага з паперы, – расказвае Вікторыя. – Тут жа “залез” у інтэрнэт і знайшоў, як гэта робіцца. І ў нашым доме сталі “гняздзіцца” папяровыя лебедзі. Зрэшты, не толькі ў нашым – вельмі хутка татава чародка разляцелася па дамах сяброў і знаёмых. І свой фірменны “хвораст” тата працягваў выпякаць, не пакідаючы інваліднай каляскі.
– На жаль, хвароба аказалася мацнейшай, – пахмурнее дзяўчына. – Толькі за гэты год тату давялося перажыць тры экстраныя аперацыі, кожная з якіх, зробленая цудадзейнымі рукамі хірурга Астравецкай бальніцы Аляксандра Ільіча Павалоцкага, вяртала яго да жыцця. Але сіл на тое, каб што-небудзь рабіць, ужо не стае.
– І ўсё ж наш тата – незвычайны чалавек, – памаўчаўшы гаворыць Вікторыя. – Ён не растварыўся ў сваёй хваробе, як гэта бывае з іншымі. Боль не засланіў ад яго жыццё. Ён па-ранейшаму цікавіцца справамі – маімі і брата, стараецца дапамагчы нам хаця б парадай. Па вечарах просіць перанесці яго ў самы дальні пакой, каб яго стогны не патрывожылі мой сон. “Вікушы ж заўтра на працу”, – тлумачыць ён маме… Няма такіх слоў, якімі можна было б выказаць сілу майго жадання, каб тата перамог хваробу…


--------------------
Ганна ЧАКУР.