"Ценность нашей организации в том, что мы не существуем обособленно"
Жанчына, маці, жонка, урач… Уладальніца шматлікіх грамат і падзячных пісем, медаля “За працоўныя заслугі”, лаўрэат абласной прэміі “Жанчына года”… Актывістка, лідар пярвічнай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын”… Усё гэта – пра ўчастковага тэрапеўта цэнтральнай раённай бальніцы Дануту Раманаўну Субаткевіч. Але са шматлікіх іпастасей Дануты Раманаўны сёння мы раскажам пра адну. Наша інтэрв’ю з гэтай жанчынай прысвечана дзейнасці пярвічнай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын”.– Данута Раманаўна, вашай актыўнасці можна толькі пазайздросціць. Так было заўсёды? У дзяцінстве вы таксама былі такой актыўнай?
– Вельмі! Сябравала ў асноўным з хлопчыкамі, была лідарам іх кампаніі і завадатарам многіх спраў. Актывісткай засталася і тады, як пайшла ў школу – стала старастай класа, да маіх думак заўсёды прыслухоўваліся не толькі аднакласнікі, але і старэйшыя школьнікі.
– Што тады вас больш за ўсё цікавіла? І як змяніліся прыярытэты пасля паступлення і вучобы?
– Што цікавіла? Як і ўсіх дзяцей – гульні, забавы, адпачынак... Тады мы любілі гуляць у бальніцу – рабілі з дзяўчаткамі “лекавыя прэпараты”, «лячылі» лялек – цікава было. Таму і медыцыну выбрала, што гэта была мара дзяцінства, якая, на шчасце, ажыццявілася. А яшчэ таму, што бабуля бачыла мяне ўрачом… І падчас вучобы ў Гродзенскім медыцынскім інстытуце я заўсёды старалася быць наперадзе ва ўсім – вучылася, ездзіла ў студатрады… Там мяне называлі “мамачкай”, бо гатавала студэнтам ежу. Цікавыя і запамінальныя гады.
– Данута Раманаўна, сёння вы не толькі ўрач, але і старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” цэнтральнай раённай бальніцы. Як у вас атрымліваецца сумяшчаць гэтыя пасады?
– Здаецца, атрымліваецца. Часта пацыенты прыходзяць да мяне не толькі, як да ўрача, а больш як да звычайнай жанчыны, псіхолага – кожнага стараюся выслухаць, зразумець, даць параду. Многія бабулькі так і гавораць: “Выгаварылася вам – і адразу лягчэй стала”. Я заўсёды стаўлю сябе на месца хворага чалавека – тады і дапамагаць хочацца.
А што датычыцца пярвічнай арганізацыі, то першапачаткова ў яе ўвайшлі некалькі чалавек, аднадумцаў, аб’яднаных ідэяй дапамагчы жанчынам, маці, жонкам, якія сутыкнуліся з нейкімі праблемамі. З часам арганізацыя папоўнілася новымі людзьмі – і сёння ў нас адна з найбольш шматлікіх “пярвічак” раённай арганізацыі. Гэта і зразумела – большасць работнікаў цэнтральнай раённай бальніцы – жанчыны.
– Якімі добрымі справамі запомніліся апошнія гады?
– Іх было шмат. Самая важная – дапамога дзецям-інвалідам і іх бацькам, якім мы дапамаглі набыць памперсы. Цудоўна, што тады на заклік раённай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын” адгукнуліся ўсе – прычым не толькі жанчыны, але і мужчыны. І ўсе разам мы зрабілі добрую справу.
Штогод мы арганізоўваем мерапрыемствы да Дня жанчын і Дня маці, не застаюцца па-за ўвагай і ветэраны працы – яны таксама частыя госці ў цэнтральнай раённай бальніцы. Увогуле, усё, што мы арганізоўваем, пакідае добры след і добрую памяць.
– Чым можа дапамагчы людзям ваша пярвічная арганізацыя? Ці часта яны да вас звяртаюцца? З якімі пытаннямі?
– Сёння пра існаванне “пярвічкі” раённай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын” у цэнтральнай раённай бальніцы ведаюць усе. Арганізаваны стэнд жансавета, на якім пазначаны нумары тэлефонаў, размешчана неабходная інфармацыя пра “пярвічку”. Час-та людзі прыходзяць не столькі папрасіць, колькі пагаварыць, падзяліцца сакрэтам – ведаюць: гэта застанецца паміж намі.
Каштоўнасць нашай арганізацыі ў тым, што мы не існуем абасоблена – увогуле, у цэнтральнай раённай бальніцы створаны шэраг грамадскіх арганізацый – і ўсе мы працуем у цеснай сувязі. Так, сёння ў бальніцы ўжо атрымаў “прапіску” кулінарны конкурс – штогод ён праходзіць у новым накірунку, і кожны раз мы адкрываем новыя таленты.
Члены “пярвічкі” – заўзятыя спартсмены. Пагуляць у валейбол, шашкі і тэніс, прайсціся на лыжах, праплысці, прабегчы дыстанцыю – для жанчын не праблема. Тым больш, што мы не проста ўдзельнічаем. У нас вельмі шмат узнагарод. А што гаварыць пра турыстычны злёт? Гэта адно з самых любімых мерапрыемстваў нашых супрацоўнікаў.
Нашы жанчыны – пастаянныя ўдзельніцы шматлікіх конкурсаў мастацкай самадзейнасці розных узроўняў. Ужо некалькі гадоў запар пры цэнтральнай раённай бальніцы існуе фальклорная група “Астраўчанка”, якая не раз станавілася прызёрам і пераможцам занальных, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Наша выкананне цэніцца высока, бо спяваем мы ўжывую, без усялякіх фанаграм. І вельмі ўдзячны нашаму мастацкаму кіраўніку Насці Клімашэўскай, якая заўсёды з намі, хоць і не працуе ў бальніцы.
– А што ў перспектыве?
– У нас вельмі шмат планаў і жаданняў. І самае запаветнае – набыццё сцэнічных касцюмаў для “Астраўчанкі”. Хочацца, каб яны былі непаўторнымі і незвычайнымі. У гэтым накірунку ўжо праведзена вялікая работа. Наша вядомая мастачка Тарэса Варановіч разам з кіраўніцтвам бальніцы аб’ехалі некалькі музеяў і музейных пакояў Астравеччыны, у якіх захоўваюцца народныя касцюмы, і цяпер працуюць над стварэннем эксклюзіўных эскізаў. Яны амаль падрыхтаваны, засталося толькі заказаць і пашыць. А там, магчыма, і званне народнага ансамбля нам не зашкодзіла б – тады мы маглі б увесці пасаду мастацкага кіраўніка нашай “Астраўчанкі”. Нашы дзяўчаты – непрафесійныя спявачкі, затое прыгожыя, актыўныя і завадныя.
– Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам!
-----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.