Был проведен блиц-опрос учителей Островецкого района

Сейбіты разумнага, добрага, вечнага… Хто яны і якія? Напярэдадні Дня настаўніка мы вырашылі сустрэцца з прадстаўнікамі гэтай вечнай прафесіі і папрасілі іх адказаць на некалькі аднолькавых пытанняў.


1. Чаму вы вырашылі стаць педагогам?
2. З якім настроем вы ідзеце ў школу?
3. Падзяліцеся сакрэтамі поспеху.
4. Якія плюсы і мінусы ў настаўніцкай
прафесіі?
5. Што змянілася за час, што прайшоў пас-
ля таго, як вы атрымалі прафесію і прыйшлі
ў адукацыю?
6. На ваш погляд, якім павінен быць
педагог, каб яго любілі дзеці і паважалі
бацькі?
7. Калі б да вас звярнуўся выпускнік з
пытаннем, ці паступаць ў педагагічную
ўстанову, што б вы яму параілі?
8. Што пажадаеце сваім калегам
напярэдадні прафесійнага свята?

Ірына Мікалаеўна Жалток, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Гудагайскай сярэдняй школы:


1.З дзяцінства марыла быць настаўніцай пачатковых класаў. І нават пасля дзявятага класа паступала ў Лідскае педагагічнае вучылішча, але не дабрала паўбала – і вярнулася ў школу. А ў адзінаццатым класе Тэрэса Пятроўна Грыневіч прапанавала накіраванне ў Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы на філалагічны факультэт. Так я стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. І цяпер нават не ўяўляю, як бы я працавала настаўніцай пачатковых класаў! Ім, як і выхавальніцам дзіцячых садкоў, мне здаецца, найбольш складана.
2. Як правіла – з добрым настроем.
3. Поспех залежыць ад пазітыўнага мыслення і жадання зрабіць усе справы, з якімі даводзіцца сутыкацца на працягу дня, добра. Калі да справы ляжыць душа, калі да работы прывязаны сэрцам, то жыццёвы выбар зроблены правільна, а значыць – будзе і поспех.
4. Самы вялікі плюс ў тым, што ад дзяцей атрымліваеш вялікую энергію, застаешся маладым і жыццярадасным... А ў каго, скажыце, адпачынак 56 дзён – і заўсёды летам? Толькі ў настаўнікаў! Няўжо гэта не плюс?! Нават нягледзячы на тое, што частку яго, як правіла, даводзіцца праводзіць на рабоце… А мінусы? Дзе іх няма?! Гэта шэраг папер і вялікая колькасць справаздач.
5. Мне здаецца, што змянілася многае. Па-першае, у той час, як я пачынала працаваць настаўніцай, да беларускай мовы ставіліся зусім па-іншаму. Цяпер на памяць часцей прыходзяць першыя дні працы – тады хацелася зрабіць усё і адразу. Цяпер разумееш, што гэта немагчыма.
6. Настаўнік павінен умець знайсці падыход у навучанні і выхаванні як да вучняў, так і да яго бацькоў – і гэта адна з важнейшых якасцей яго як настаўніка.
7. Калі б такі вучань звярнуўся да мяне, то я б адказала: “Калі хочаш быць добрым настаўнікам, тады трэба любіць тое, што выкладаеш, і любіць тых, каму даеш веды. Калі гэта пакладзена ў аснову твайго выбару – паступай”. У адваротным выпадку – не варта звязваць сваё жыццё з педагогікай.
8. Настаўнікам – шчасця і ўсмешак,
Жыццё каб было цэлым вершам,
Паўнютка красак, зёлак,
Найпрыгажэйшых тых вясёлак!
Здароўе каб не хвалявала,
Багацце ў хаце панавала,
Каб быў, настаўнік, ты шчаслівым,
Каханым, любым, самым мілым!
Са святам!


Яўгеній Генадзьевіч Лаўцэль, настаўнік тэхналогіі і чарчэння, педагог-арганізатар Гервяцкай СШ :


1. Настаўнік – гэта мара дзяцінства. Некалі мая маці таксама пачынала з педагогікі. На жаль, пасля жыццё так склалася, што яна перайшла ў іншую сферу. Што датычыцца мяне, то стаць настаўнікам чарчэння і працоўнага навучання вырашыў яшчэ ў дзяцінстве. Таму пасля заканчэння школы паступіў у Мінскі індустрыяльна-педагагічны каледж. І па накіраванні трапіў на Астравеччыну. Такая навіна не вельмі ўзрадавала, таму што хацеў застацца ў Мінску. Цяпер жа разумею, што ў нейкай ступені мне пашанцавала: жыву я ў Смаргоні, і месца працы мне падыходзіць – толькі вось дабірацца да Гервят не вельмі зручна. А што датычыцца школы, у якой я працую, то ўсё проста цудоўна.
2. Для мяне галоўнае – правесці ўрок так, каб навучыць дзяцей нечаму новаму. І ўсё гэта вельмі падабаецца і задавальняе. Кожны новы дзень стараюся сустрэць з добрым настроем.
3. На маю думку, сакрэт поспеху кожнага педагога крыецца ў веданні свайго прадмета і любові да сваёй прафесіі.
4. Я працую ў школе толькі месяц, і ніякіх адмоўных момантаў пакуль што не заўважыў. Мне падабаецца і Гервяцкая школа, і калектыў педагогаў і, канешне, вучні. І гэта – адзін са станоўчых момантаў нашай прафесіі. Калі працуеш з дзецьмі, размаўляеш з імі на перапынках, праводзіш нейкія забаўляльныя мерапрыемствы, то заражаешся ад іх энергіяй. Штосьці даеш ім – а ад іх атрымліваеш пазітыў і добры настрой.
5. У першыя дні адчуваў сябе крыху ніякавата, калі ішоў на ўрокі. Але папрацаваў два тыдні – і стала прасцей, прыйшло разуменне таго, як лепш спланаваць урок, што даць і пра што расказаць дзецям… Да ўсяго прывыкаеш.
6. Настаўнік павінен умець зацікавіць дзяцей сваім прадметам і тэмай урока. Калі табе самому будзе цікава, то гэта будзе цікава і дзецям.
7. Калі малады чалавек да выбару будучай прафесіі падышоў з разуменнем і верыць у тое, што гэта яго прафесія, то чаму б і не? У прафесіі настаўніка няма нічога дрэннага. Наадварот – гэта цікава і карысна. Цэглу цягаць не трэба, думай галавой – і вучы дзяцей нечаму карыснаму.
8. Галоўнае, каб настаўніка цанілі і любілі вучні. А яшчэ кожнаму настаўніку хачу пажадаць самаразвіцця і толькі станоўчага вопыту.


Наталля Марыянаўна Дземяшкеві ч, настаўнік-дэфектолаг СШ №1 Астраўца:


1. Быць педагогам марыла з дзяцінства. І ў старэйшых класах дакладна вырашыла паступаць на дашкольнае аддзяленне. Калі мы здавалі выпускныя экзамены, прыйшла Марыя Якаўлеўна Строк і прапанавала мне накіраванне на лагапеда. На той час у Астраўцы працавалі толькі два такія спецыялісты. І, доўга не вагаючыся, я згадзілася. Паступіла ў педагагічны інстытут імя Максіма Горкага, а закончыла ўжо Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Максіма Танка.
2. Толькі з добрым настроем. Ісці да дзяцей з дрэнным настроем нельга ні ў якім выпадку! Іншае пытанне, з якім настроем вяртаешся дадому, да сваіх дзяцей…
3. А сакрэт майго поспеху крыецца ў адказнасці – заўсёды стараюся рабіць усё на самым высокім ўзроўні. Метадычнай літаратуры па маёй прафесіі не вельмі шмат. Таму ўсё даводзіцца рабіць самастойна. За час працы матэрыялаў набралася многа. У мінулым годзе паспрабавала абагуліць вопыт работы – атрымалася вялікая папка матэрыялаў.
4. Калі стараешся, працуеш і гэта табе падабаецца, то пра мінусы і гаварыць не хочацца. Аднак большасць са мной пагодзяцца, што самы вялікі мінус – гэта не вельмі вялікая заработная плата. А вось плюсы – ва ўсім астатнім. Калі я бачу, што дзіця пачынае вымаўляць гук правільна, атрымліваю такія станоўчыя эмоцыі, якія адразу ж перадаюцца дзецям і іх бацькам, – і адначасова некалькі чалавек становяцца крыху шчаслівейшымі.
5. Ужо 17 гадоў я працую ў школе. Прычым увесь час – у СШ №1. За гэты час змянілася многае. У тым ліку і падыход да адукацыі. Калі раней я сама выбірала дзяцей, з якімі лічыла патрэбным займацца, то цяпер гэта вырашае медыка-педагагічная камісія. І, тым не менш, дзяцей з парушэннямі менш не становіцца. Напрыклад, сёлета ў мяне 30 такіх школьнікаў. І на кожнага з іх трэба скласці індывідуальнае планаванне.
6. Сучасны настаўнік павінен быць творчым, крэатыўным, пастаянна знаходзіцца ў пошуку і развівацца. На шчасце, такіх настаўнікаў шмат.
7. Я люблю сваю прафесію. І вельмі хацела, каб дачка пайшла па маіх слядах. На жаль, сёння не ўсе выпускнікі абдумана адносяцца да выбару прафесіі. Але выбраць прафесію лагапеда я б парэкамендавала многім сённяшнім выпускнікам.
8. Здароўя, сямейнага дабрабыту, прафесійнага росту, поспеху ва ўсім.


Галіна Адрэеўна Восарава , намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 Астраўца:


1. Па праўдзе кажучы, педагогам быць не збіралася. Але мне падабаліся дакладныя навукі: матэматыка, фізіка, хімія. Менавіта з імі я хацела звязаць сваё жыццё. З выбарам будучай прафесіі вызначылася, калі ў Варнянскую школу, дзе я вучылася, прыйшоў новы настаўнік фізікі. Ён і падштурхнуў мяне да прафесіі настаўніка. І я паступіла ў Мазырскі педагагічны інстытут на факультэт фізікі і агульнатэхнічных дысцыплін. Але жыццё так склалася, што па спецыяльнасці працаваць не давялося. У школах нашага раёна такіх спецыялістаў на той час хапала, і мне прапанавалі пайсці выхавальніцай у дашкольны цэнтр, які якраз адкрыўся. З таго часу прайшло 27 гадоў, і я ні разу не пашкадавала аб тым сваім рашэнні.
2. Я жыву па прынцыпу: “Прыйшоў у дзіцячы сад – усміхніся на парозе”. І ўсё будзе добра.
3. Што датычыцца сакрэту поспеху, таксама ўсё проста – гэта гумар плюс адказнасць. А яшчэ я бясконца люблю дзяцей, і не любіць іх не магу – для іх я зрабіла б нават немагчымае.
4. Большасць схіляецца да таго, што заработная плата педагогаў пакуль што нізкая. І гэта, бадай што, адзіны мінус. Затое колькі плюсаў! Нам першым бацькі давяраюць самае дарагое, што ў іх ёсць, – сваіх дзяцей. Мы працуем з малышамі, якія яшчэ нікім і нічым не сапсаваны – яны амаль што анёлкі. І ў гэ тым нам зайздросцяць усе настаўнікі. Побач з дзецьмі маладзееш і радуешся, як яны, усяму, што адбываецца навокал.
5. Змяніліся людзі, якія прыходзяць працаваць у адукацыю. Сучасная моладзь зусім іншая, не такая, як некалі былі мы. Яны больш свабодныя – затое якія ініцыятыўныя, творчыя, кампетэнтныя! Змяніліся і дзеці. Сёння многія прыходзяць у садок не з лялькамі і машынкамі, а з мабільнымі тэлефонамі. І гуляць ім больш падабаецца ў камп’ютарныя гульні, а не ў тыя, у якія гулялі мы.
6. Педагога, які б адпавядаў запытам бацькоў і падабаўся дзецям, можна параўнаць з шасцірукай багіняй Шывай. Толькі так адначасова можна рабіць некалькі спраў і пры гэтым усё паспяваць.
7. Канешне, трэба ісці ў педагогі! Гэта самая маральная, самая духоўная прафесія. Прафесія, якая дае чалавеку права адчуць сябе асобай.
8. Не абавязкова быць чараўніком, каб зрабіць мір больш прыгожым. Проста трэба навучыцца любіць сябе, сваіх блізкіх, навучыцца цаніць кожны пражыты дзень. А самае галоўнае – помніць пра тое, што мы ў адказе за тых, з кім разам ідзем па жыцці. А яшчэ я жадаю ўсім стваральнай працы, новых праектаў, ідэй, планаў. І зразумела, годнай заработнай платы.


Настаўнікаў выпытвала Алена ЯРАШЭВІЧ.