Буфетчица из хирургического отделения

Здавалася б, прафесія “буфетчыцы” цалкам канула ў Лету – ёй на змену ў наш час арыентацыі на замежнасць прыйшлі бармены, кельнеры, гарсоны… Як аказалася, не паўсюдна. У бальніцы, да прыкладу, буфетчыца (яна ж – раздатчыца) і сёння існуе ў кожным аддзяленні.


У хірургічным – на гэтай пасадзе з 1997 года працуе Тамара Лявонаўна Круглікава. Аб старанных адносінах жанчыны да сваіх абавязкаў сведчыць бляск сцен яе “тэрыторыі” – сталовай і куханькі. Пацыенты хірургічнага “трэцяга паверха” жартуюць: мікробы баяцца Круглікавай, як хлоркі – уцякаюць стрымгалоў. І пыл не рашаецца зазірнуць, таму што ведае: шансу асесці не будзе.


Па адукацыі Тамара Лявонаўна – бібліятэкар. У 1972 годзе пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума прыехала ў Астравец па размеркаванні. Уладкавалася ў раённую бібліятэку – з галавой акуналася ў свет прыдуманнага пісьменнікамі жыцця. Хоць пра асабістае жыццё таксама не забывалася  і, калі прыйшоў яе час, на прапанову рукі і сэрца адказала “так”.


…Дзіця – гэта шчасце. Блізняты – шчасце ў квадраце. Вось толькі гадаваць іх бывае няпроста. Асабліва ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя, калі дэкрэтны адпачынак па доглядзе дзіцяці цягнуўся толькі год. Тамара Лявонаўна не рашылася пакінуць сваё “квадратнае шчасце” ў такім раннім узросце і не выйшла ў належны час на працу. А значыць, пазбавілася месца ў бібліятэцы. “Бог з ёй, са скарбніцай ведаў, – вырашыла яна для сябе. – Галоўнае, каб дзеці былі здаровымі і дагледжанымі”.


Калі малышы падраслі, Круглікава ўладкавалася сакратаром у райспажыўтаварыства. Потым перайшла ў цэх, які ў Малях адкрыў Мінскі завод “Інтэграл”. Там Тамары Лявонаўне падабалася і сама праца, і заработная плата, а найбольш яе задавальняла пазменная форма працы – не даспіш, канешне, але затое ёсць магчымасць удзяліць больш увагі дзецям.


У 1995 годзе жанчына перажыла складаную аперацыю – ёй выдалілі пазваночны дыск. Вынік: ІІ група інваліднасці і немагчымасць знайсці працу – вопытныя “кадравікі”, даведаўшыся пра яе дыягназ, адводзілі вочы ў бок. Маўляў, ненадзейная, такой і ручку трымаць не па сілах.


Аднойчы Тамара Лявонаўна выпадкова даведалася, што ў хірургічнае аддзяленне райбальніцы патрабуецца буфетчыца. Прапанавала свае паслугі – прынялі.


– Работа мне спадабалася з першай хвіліны, – гаворыць жанчына. – Цалкам жаночая – посуд, ежа,  дапамога слабейшым. У хірургічным аддзяленні на трэцім паверсе ляжаць людзі пасля аперацыі – кожнаму з іх трэба прынесці ежу ў палату, не пераблытаўшы пры гэтым прадпісаны яму “стол”. І гэта таксама адказны момант, таму што памылка з выдачай абеду можа перакрэсліць вынік хірургічнага лячэння. Асабліва калі яно тычылася страўніка або кішэчніка.


Тамары Лявонаўне прыйшлася даспадобы работа ў аддзяленні, і яна спадабалася хірургічнаму калектыву.


Яна штодня кружыць па аддзяленні: прыносіць ежу з цэнтральнай кухні, раздае “хадзячым” пацыентам, корміць “ляжачых” – і бясконца наводзіць бляск у куханьцы і сталовай.


– Нашаму аддзяленню не страшная нават самая прыдзірлівая санітарная камісія, – радуецца старшая медыцынская сястра хірургіі Ядвіга Зянонаўна Сянюць. – Прынамсі, што тычыцца харчовага блока. У Тамары Лявонаўны там заўсёды бездакорны парадак. А яшчэ – прыгажосць і ўтульнасць. Кожны наш пацыент, які ўпершыню пераступае парог сталовай, крыху губляецца ад нечаканасці – не бальнічная сталовая, а буфетная панскага дома...


…Вось і не вер, што чалавек упрыгожвае месца, а не наадварот…



Ганна ЧАКУР.