Большая и дружная семья Жвиридовских из Островца

Наступнай гераіняй нашага праекта, прысвечанага жанчынам, узнагароджаным ордэнам Маці, стала шматдзетная маці, якая жыве ў Астраўцы, – Ірына Станіславаўна ЖВІРЫДОЎСКАЯ. Гэтую дзяржаўную ўзнагароду за выхаванне пяці дзяцей яна атрымала ў 2007 годзе.


Прыгожая, маладая, стыльна апранутая жанчына сустрэла нас прыветлівай усмешкай каля дзвярэй сваёй кватэры.
– Добры дзень! Праходзьце, калі ласка! – сказала яна мяккім прыемным голасам – і адразу ж падалося, што трапіў у краіну дзяцінства, дзе жыве дабро і шчасце.
Дзеці пра яе сказалі так: “Наша мама – разумная, прыгожая і працавітая”. А пры размове з ёй стала зразумела, што Ірына Станіславаўна яшчэ і моцная жанчына. Такая, напэўна, якой толькі і можа быць маці пяці дзяцей.
– Я нарадзілася ў невялікай сям’і – мама, тата, сястра. Былі, праўда, яшчэ два браты, але яны памерлі… Звычайнае дзяцінства, піянерскія лагеры, школа, заняткі спортам. Я заўсёды была актыўнай… Пасля школы паступіла ў вучылішча і стала лабарантам хіміка-бактэрыялагічнага аналізу.
З будучым мужам Ірына Станіславаўна пазнаёмілася ў Ашмянах – і ў 18 гадоў стала жонкай. Праз год нарадзіўся старэйшы сын Артур.
Цяпер самы вялікі гонар шматдзетнай маці – яе дзеці. Артур, Антаніна, Эрнэст, Дэвід, Габрыела – пяць сонейкаў з незвычайнымі, даволі рэдкімі на Астравеччыне імёнамі.
– Артур, – Ірына Станіславаўна гучна выдзяляе першую літару націскам, – старэйшы. Ён пасля заканчэння Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа пайшоў у армію – служыў у дэсантных войсках. Актыўна займаецца ўсходнімі адзінаборствамі і паркурам. Цяпер працуе ў Санкт-Пецярбургу – дапамагае нам аплачваць вучобу Антаніны, якая вучыцца на платным.
Антаніна сёння студэнтка-пяцікурсніца Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта – будучая журналістка. Хаця ў журналістыку яна трапіла, можна сказаць, выпадкова: у 11 класе паехала ў летнік, там быў арганізаваны гурток па журналістыцы. Антаніна захапілася і пасля заканчэння школы перад выбарам прафесіі не стаяла.
Эрнэст таксама студэнт, толькі Ільянскага сельскагаспадарчага каледжа. Юнак – будучы ветэрынар. Дарэчы, хатнія жывёлы ў доме былі заўсёды. Сям’ю Жвірыдоўскіх часам жартам называюць “службай выратавання 911”. Тут часта знаходзяць прытулак пакалечаныя людзьмі ці тэхнікай хатнія жывёлы – каты і сабакі. Жвірыдоўскія іх вылечваюць і перадаюць “на выхаванне” ў іншыя сем’і. Гэта і стала вызначальным пры выбары сярэднім сынам будучай прафесіі.
Дэвід вучыцца ў 8 класе гімназіі №1. Ужо тры гады хлопец займаецца боксам. Як вынік – адна са сцен у кватэры завешана медалямі. Акрамя ўзнагарод Дэвіда, тут сабраны ўзнагароды і старэйшых дзяцей.
Але не спортам адзіным… Усе дзеці ў сям’і Жвірыдоўскіх займаліся і займаюцца музыкай – і Дэвід таксама іграе на піяніна.
– Габрыела – самая малодшая ў сям’і. Так звалі маю бабулю, – тлумачыць Ірына Станіславаўна. Сёлета яна пойдзе ў першы клас СШ №1. Там клас набірае Аліна Тадэвушаўна Жук – цудоўная таленавітая настаўніца. Некалі яна вучыла Антаніну, а цяпер будзе вучыць і Габрыелу.
Габрыела ў школу ўжо сабралася – праўда, пакуль што ёй больш падабаецца маляваць і глядзець мультфільмы. Але і ад чытання цікавых казак разам з мамай дзяўчынка не адмаўляецца.
Так сталася, што сёння пяцярых сваіх дзяцей Ірына Станіславаўна выхоўвае адна. Чатыры гады назад яна сабрала дзяцей, такія-сякія пажыткі і перайшла да маці, а праз некалькі месяцаў перасялілася ў новую чатырохпакаёвую кватэру, 70 працэнтаў кошту якой пагасіла дзяржава.
– Кватэра добрая, вялікая, месца хапае ўсім. Адна я, канешне ж, пабудаваць такую не змагла б. Толькі рамонт вось зацягнуўся... Але жыццё наперадзе доўгае, як-небудзь давядзём усё да ладу. Старэйшыя дзеці дамоў прыязджаюць толькі на святы. Канешне, шкада, што так рэдка. Затое такія дні для мяне – самае вялікае свята і шчасце. Тады ўся сям’я збіраецца разам дома, або ідзём у госці да бабулі, – расказвае Ірына Станіславаўна і вочы іскрацца радасцю і шчасцем. – Я ніколі не думала, колькі ў мяне будзе дзяцей. Ёсць столькі, колькі Бог даў. Усе мае! Артуру было 18, калі нарадзілася Габрыела. Многія тады мяне не разумелі. Але ў мяне і думкі не ўзнікала, каб адмовіцца ад дзіцяці. А як яны любяць адзін аднаго, як аберагаюць і абараняюць!
У сям’і Жвірыдоўскіх усе разумеюць і дапамагаюць адзін аднаму. Усе яны актыўна займаюцца спортам, іграюць на музычных інструментах і з вялікай павагай і любоўю ставяцца да сваёй любімай матулі, якая не толькі дала ім жыццё, але і прысвяціла – ды і цяпер прысвячае! – усю сябе дзецям.


--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.