Блиц-опрос. Что принес 2013 год родившимся в Год Змеи?
Згодна з прагнозам на 2013 год па Усходнім календары, “Змяя ў свой год будзе з’яўляцца нязменным фаварытам года. У год Змяі ўдача будзе спадарожнічаць гаспадыні года ў любых пачынаннях. Але гэта не азначае, што Змяя можа расслабіцца. Яна павінна як мага лепш умацаваць свой фінансавы стан для таго, каб у будучыні не пашкадаваць аб упушчаных магчымасцях. Нягледзячы на тое, што ўдача будзе спадарожнічаць Змяі цэлы год, ёй лепш за ўсё адмовіцца ад рызыкоўных спраў і розных авантур. У матэрыяльным плане вялікіх прыбыткаў чакаць не трэба, але год абяцае быць стабільным і будзе абараняць сваю ўладальніцу ад розных знешніх удараў. Але, калі Змяя дазволіць сабе бэссэнсоўныя траты, авантуры і капрызы, то да канца года можа застацца з даўгамі і пачуццём глыбокай незадаволенасці. У рабоце Змяя пакажа сябе з найлепшага боку і зможа выйсці на лідзіруючыя пазіцыі. Магчымы кар’ерны рост, але толькі пры ўмове добрай работы, самаразвіцця і адказных адносінаў да самой работы. У асабістых адносінах Змяя зможа наладзіць у лепшы бок сваё жыццё. Адзінокім Змеям год абяцае сустрэчу з доўгачаканым партнёрам. У свой год Змяя для дасягнення чаго-небудзь павінна карыстацца сваёй прыроднай мудрасцю, уменнем “увільваць” ад непрыемных сітуацый, гібкасцю і спрытнасцю ў прыняцці рашэнняў.”
У цэлым расклад спраў для Змей нядрэнны. Цікава, што ж прынёс 2013 год людзям, якія нарадзіліся ў Год Змяі?
Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, 1977 год:– У гараскопы я не веру. Шчыра кажучы, для сябе я іх складаю сама: з вечара бачу, чым мне трэба заняцца заўтра, і накідваю план на наступны дзень. А раніцай раблю міні-зарадку і яшчэ раз у галаве пракручваю, што мне трэба зрабіць. І калі я гэта не зраблю – то гэта буду не я. І ў такім выпадку ніякі гараскоп мяне не суцешыць.
Хаця, калі гараскоп трапляецца мне на вочы, то я яго чытаю, іншым часам нават аналізую: што спраўдзілася, а што – не. Але сур’ёзна астралагічныя прагнозы я ніколі не ўспрымаю. І гараскоп на бягучы год Змяі таксама чытала – немагчыма не прачытаць, бо ўся прэса запоўнена імі, – але не помню з яго ні аднаго слова. І праверыць, што з яго збылося, а што не – не магу. Хіба “падняць” газеты і перачытаць? Але ў цэлым год быў удалым. Усё, пра што я марыла, – збылося. З таго часу, як мне дазволілі ў навагоднюю ноч падымаць бакал з шампанскім, я па добрай традыцыі кідаю ў яго кавалачак шакаладу і загадваю жаданне. Калі ён усплыве – загаданае абавязкова збудзецца. Некалькі гадоў таму назад у навагоднюю ноч задумала купіць кватэру – і мы, пры падтрымцы бацькоў, канешне, – змаглі гэта зрабіць. А сёлета, гледзячы ў вочы мужу, пра сябе прамовіла: “Ну што, міленькі, зробім рамонт у кватэры?!” – і зноў усё атрымалася. А муж пра гэта нават не здагадваўся. Яму, канешне, такія мае жаданні не заўсёды даспадобы, але нічога не зробіш. Ён ужо некалькі гадоў хоча памяняць старую машыну на новую. Напэўна, у гэтую навагоднюю ноч сваім правераным спосабам паспрабую яму дапамагчы.
А ў цэлым год быў звычайным. Я вельмі люблю, калі ўся наша вялікая і дружная сям’я збіраецца разам на розныя святы. Сёлета такіх падзей было вельмі шмат, і гэта цудоўна, бо ад сямейных сустрэч, напоўненых добрымі ўспамінамі, радасцю і весялосцю, атрымліваеш шмат станоўчай энергіі, якой потым яшчэ доўгі час хапае і на сям’ю, і на работу.
Дарэчы, калі гаварыць пра работу, то тут таксама адбыліся змены. Акрамя таго што змянілася кіраўніцтва аддзела адукацыі, мы пераехалі ў новы будынак. І пасля маленькага кабінета, у якім і павярнуцца было амаль немагчыма, атрымаць такое прасторнае памяшканне – гэта яшчэ адзін шыкоўны падарунак бягучага года Змяі.
А ў цэлым, мая Змяя вельмі добрая, мудрая, справядлівая і станоўчая. Прынамсі, мне так здаецца. Нават у нейкіх адмоўных падзеях і момантах я заўсёды стараюся знайсці станоўчае – і гэта дае яшчэ адзін стымул для працы і жыцця ў цэлым.
У мяне вельмі шмат сяброў-Змей. Па-першае, гэта ўсе мае аднакласнікі. Наш клас вельмі дружны: мы перазваньваемся, віртуальна “сустракаемся” ў сацыяльных сетках і на штогодніх вечарах сустрэчы аднакласнікаў. А ў будучым годзе якраз адзначаем дваццацігоддзе з дня заканчэння школы – і абавязкова збяромся ўсе разам. Усе мае чатыры лепшыя сяброўкі, з якімі я сябрую з шасці гадоў, – таксама Змеі. З яшчэ адной Змяёй мяне звяла вучоба ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Змяя – і мой шурын. І з усімі імі ў мяне вельмі цёплыя сяброўскія адносіны.
Ігар Дзмітрыевіч Гану ліч, старшы трэнер Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, 1965 год:– Гараскопы я чытаю. Праўда, рэдка. І не магу сказаць, што яны збываюцца. З гэтым, мяркую, пагодзяцца многія. Да таго ж, на маю думку, 80 працэнтаў прагнозаў могуць споўніцца толькі пры жаданні і старанні самога чалавека.
Гэты год для мяне быў вельмі насычаным у плане работы. Вельмі парадавалі мае вучні. Ганаруся тым, што мой выхаванец Максім Андралойць не толькі паўдзельнічаў у чэмпіянаце свету ў Данецку, але і заняў на ім дастойнае 4 месца па шматбор’і. Але гэта яшчэ адно пацверджанне таго, што, дзякуючы напружанай працы і старанню, можна дасягнуць пастаўленай мэты. І гэта ні ў якім разе не залежыць ад гараскопаў.
Парадавалі і поспехі маёй дачкі Яны. Важнай падзеяй бягучага года стала яе ўдалае выступленне ў складзе юніёрскай Нацыянальнай зборнай Беларусі. Спадзяюся, што і надалей ёй будзе спадарожнічаць удача. Да таго ж, Яна сёлета стала студэнткай Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта і цяпер сумяшчае вучобу і трэніроўкі.
Менавіта таму гэты год найперш запомніцца, як ўдалы і шчаслівы. Але я не расслабляюся і спадзяюся, што наступны год, няхай і не мой па Усходнім гараскопе, будзе не менш удалым для мяне і маіх дзяцей. А таксама маіх вучняў: хацелася б, каб яны змаглі прабіцца на другія Алімпійскія юнацкія гульні, якія пройдуць у Кітаі.
Ад наступаючага года чакаю таксама дабрабыту і здароўя для ўсіх маіх блізкіх і родных.
Насця Вайцяхоўская, сямікласніца гімназіі №1, 2001 год нараджэння:– Па праўдзе кажучы, у гараскопы я не веру і ніколі іх не чытаю. Але, калі даведалася, што 2013 год – мой па Усходнім гараскопе, адразу адчула, што ён павінен быць удалым і шчаслівым. Здаецца, так і атрымалася. Гэты год прынёс мне шмат новых знаёмстваў. Наша сям’я ў лютым пераехала ў новую кватэру. Спачатку вельмі не хацелася гэта рабіць, бо трэба было пакідаць бабулю, але давялося. Менавіта тут я і пазнаёмілася з новымі сябрамі. З верасня гэтага года я пачала наведваць гурток па спартыўна-бальных танцах – я раней танцавала ў харэаграфічным ансамблі “Астравок”, – і гэтыя заняткі мне вельмі падабаюцца.
Яшчэ гэты год запомніцца падарожжам на шакаладную фабрыку ў Літву. Было вельмі цікава і весела.
Кожны год у навагоднюю ноч я загадваю жаданне – і яно абавязкова збываецца. Так было і сёлета. Якое? Не, не скажу. Галоўнае, што яно ажыццявілася.
Дарэчы, у нашай сям’і два чалавекі нарадзіліся ў год Змяі – я і мой тата Дзмітрый Уладзіміравіч. Але, нягледзячы на гэта, жывём мы добра і мірна, разумеем адзін аднаго.
Хацелася б, каб наступны год быў такім жа шчаслівым і запомніўся добрымі падзеямі і каб жаданні і маары ўсіх добрых людзей абавязкова збыліся!
Сям’я Ярашэвічаў: Іван Тамашавіч (1965 год), Аня (1989) і Яна (2013), п. Гудагай:Аня: У нашай сям’і мірна і спакойна ўжываюцца тры Змяі, але мы не зусім падобныя адзін да аднаго. Я, напрыклад, спакойная. Але ў экстрэмальнай сітуацыі магу павесці сябе так, як ад мяне ніхто і чакаць не можа.
Іван Тамашавіч: Характар Яначкі яшчэ не сфарміраваўся. Яе настрой пакуль залежыць ад мамы і таты. А вось я па характары спакойны, як удаў.
Аня: І гэта сапраўды так. Тата ў нас – самы спакойны, вопытны.
Іван Тамашавіч: Гэты год быў насычаным на падзеі. Прычым вызначыць з іх адну, самую галоўную, ніяк не атрымаецца. Калі называць іх па меры таго, як яны прыходзілі ў маё жыццё, то першае – гэта, безумоўна, нараджэнне нашай дачушкі Яначкі.
Аня: Наша Яначка нарадзілася 8 сакавіка. І гэтым зрабіла ўсім нам вялікі падарунак. Цяпер у нашай сям’і гэта не толькі жаночае свята, але і дзень нараджэння самага дарагога чалавечка. І гэта вельмі прыемна. Яна, дарэчы, як сапраўдная Змяя, вельмі разумная для свайго ўзросту.
Іван Тамашавіч: Але і на гэтым радасныя сюрпрызы не закончыліся. Малады чалавек нашай дачкі зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца: Аня і Ігар вырашылі пажаніцца.
Аня: Канешне, мы з Ігарам пазнаёміліся не ў гэтым годзе. Але якраз год Змяі стаў вызначальным у нашых лёсах. Прапанову выйсці за яго замуж Ігар зрабіў вельмі нечакана. Я тады толькі параіла яму добра падумаць. А ў лістападзе мы пажаніліся. Усё прайшло вельмі прыгожа – і гэта яшчэ адна падзея, якая застанецца ў памяці на ўсё жыццё.
Іван Тамашавіч: І цяпер у мяне акрамя сына, які сёлета вярнуўся з арміі, дзе выконваў грамадзянскі абавязак у пагранічных войсках, з’явіўся яшчэ і зяць.
Было ў гэтым годзе і шэраг іншых значных падзей, якія не прадкажа ні адзін гараскоп, бо яны адбываюцца таму, што так уладкавана наша жыццё: мы пахрысцілі Яну, святкавалі дні нараджэння – словам, жылі на радасць сабе і родным людзям.
Аня: А ў маім жыцці немалаважнай падзеяй стала змена месца працы: пасля пяці гадоў службы ў пагранічных войсках я ўладкавалася ў аддзяленне па грамадзянству і міграцыі. Некалі тут працаваў мой тата. Спадзяюся, што стану прадаўжальніцай спраў, якімі шмат гадоў займаўся ён.
Іван Тамашавіч: Хаця гэты год прынёс не толькі радасныя падзеі: у верасні я зламаў руку. Самае дзіўнае тое, што ў мінулым годзе ў той жа дзень зламаў нагу. Што гэта? Нават і не ведаю. Адназначна, што ў наступным верасні буду больш асцярожным. Можа, нават прыслухаюся да гараскопаў. Іх часам праглядваю, калі чытаю газету, але ніколі не запамінаю, што ён мне абяцае. І па праўдзе, лічу гэта непатрэбным. Хаця і
ведаю людзей, якія не прапускаюць ні дня, каб не даведацца, што павінна адбыцца.
Аня: Я таксама згодна з татам, што гараскоп – гэта не самая патрэбная рэч для шчаслівага жыцця. Калісьці ў дзяцінстве я іх чытала, але ніколі сур’ёзна да іх прагнозаў не адносілася. І цяпер у іх не веру. А яны збываюцца, на маю думку, толькі таму, што чалавек, раніцай праслухаўшы ці прачытаўшы гараскоп, пачынае сабе ўнушаць тыя падзеі, якія яму спрагназавалі астролагі.
А вось кожны новы год я абавязкова загадваю жаданне. Калі б’юць куранты, пра сябе прамаўляю самае запаветнае жаданне, якое, калі ў гэта шчыра паверыш, абавязкова збудзецца. Так было і ў гэтым годзе, так, спадзяюся, будзе і ў наступным.
А Яначка пакуль што не можа выказаць свае думкі. Але самае галоўнае, што яна ў гэтым годзе з’явілася на свет. І ўжо паспела “адгуляць” вяселле ў сваёй старэйшай сястрычкі. Таму падчас нашай гутаркі яна, уладкаваўшыся на руках у таты, спакойна гуляла з лялькай, якая расказвала ёй чароўныя казкі. Верыцца, што год Змяі для дзяўчынкі таксама быў удалым і шчаслівым – і такімі ж будуць усе наступныя.
Год Чорнай Змяі наступіў 10 лютага бягучага года і працягнецца да 31 студзеня 2014 года. Таму, калі нешта з гараскопа не спраўдзілася, час выправіць сітуацыю яшчэ застаўся. Галоўнае – захацець чагосьці дасягнуць ці нешта змяніць у сваім жыцці – і тады ўсё атрымаецца.
Са Змеямі размаўляла
Алена ЯРАШЭВІЧ.
