Анна Недалтовская: "Всё в моей жизни сложилось хорошо"

НедалтоўскаяЗ дзяцінства дзяўчаты іграюць у дочкі-мацеры з любімай лялькай: спавіваюць яе і кладуць спаць, напяваючы пачутую ад мамы калыханку. Гэтак жа рабіла і маленькая Ганначка.
Дзіцячая забава праз многа гадоў увасобілася ў рэчаіснасць: свінавод СВК “Варняны” Ганна Тадэвушаўна Недалтоўская цалкам рэалізавалася як жонка і мама – дзве дачушкі Ірына і Алеся радуюць яе сваімі поспехамі. А на свінагадоўчым комплексе, дзе жанчына працуе на працягу дваццаці пяці гадоў, яна – адна з лепшых працаўніц. І не дарма партрэт Ганны Тадэвушаўны неаднаразова заносіўся на раённую Дошку гонару, а ў 2012 годзе жанчына атрымала медаль “За працоўныя заслугі” з рук прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.

– Нарадзілася я ў Чыжоўшчызне. Вучылася ў Варнянскай сярэдняй школе. Потым было каханне, замужжа... І – праца на свінагадоў-чым комплексе, – лаканічна і коратка ў некалькіх словах успамінае Ганна Тадэвушаўна пра сваю дарогу ў жывёлагадоўлю.
Толькі падумаць: з таго моманту, калі Ганна, нявопытная і “зялёная”, адразу са школьнай парты прыйшла на “свінчык”, мінула чвэрць стагоддзя…
Спачатку дзяўчына стала падменным аператарам, а потым ёй даверылі цэлую секцыю – а гэта больш як паўтысячы парасят. Цяжка? Не тое слова! Паспрабуй накарміць такую колькасць вісклівых ружовых камочкаў.
– У мяне група дарошчвання: сюды трапляюць парасяты, якіх праз паўтара-два месяцы пераводзім на адкорм, – расказвае Ганна Тадэвушаўна. – Нам пашанцавала з начальнікам. Дзякуючы Сяргею Уладзіміравічу Фурсу у нас ёсць і свой, і прывазны камбікорм. Працуй, не лянуйся – будуць добрыя прывагі, – расказвае Ганна Тадэвушаўна. – Столькі парасят праз мае рукі прайшло! Не злічыць. На першы погляд можа падацца, што гэта бяздушны канвеер – але я заўсёды перажываю за сваіх гадаванцаў.
Ганна Тадэвушаўна жыве ў Больніках, але дабрацца да месца працы для яе – не праблема: штодзень калгасны аўтобус збірае па вёсках працаўнікоў. Паабедаць можна на месцы: і порцыі ў сталоўцы вялікія і смачныя.
Вечарам, калі калгасны аўтобус развозіць людзей, Ганна Тадэвушаўна садзіцца ля акна і, як пацеркі, перабірае ўспаміны: выпускны ў школе, каханне, замужжа, “свінчык”... І ловіць сябе на думцы, што ўсё ў яе жыцці склалася добра.

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.