Анна Мажуть – молодой специалист Островецкого лесхоза, которая любит свою работу, семью и ...песню
Маё знаёмства з Ганнай Мажуць, інжынерам па лесавыкарыстанні Астравецкага лясгаса, пачалося на конкурсе маладых спецыялістаў «Творчасць без межаў» – Ганна прадстаўляла Астравецкі лясгас з песняй «Жылі-былі».– Так атрымалася, што сёлета ў лясгасе толькі адзін малады спецыяліст – і гэта я, – усміхаецца Ганна. – Калі прыйшло палажэнне аб конкурсе, Пётр Зянонавіч Крупенчык прапанаваў мне паўдзельнічаць у адной з намінацый. «Можа, зробіш што-небудзь сваімі рукамі?» – спытаў ён. А я адказала: «А можа, лепш праспяваю?». Ён крыху недаверліва паглядзеў на мяне, але згадзіўся.
Што ж датычыцца песні, то прафесійна Аня ёй ніколі не займалася – і ў яе няма музычнай адукацыі.
– Ва ўсіх школах былі музычныя гурткі. І я таксама спявала: у школе – пад баян настаўніцы музыкі, а дома – пад музычны цэнтр, – расказвае Ганна пра сваё захапленне. – Калі стала студэнткай, таксама з задавальненнем удзельнічала ва ўсіх канцэртах, якія праходзілі ў інтэрнаце.
Аня – адзінае дзіця ў сям'і Леаніда Юльянавіча і Алены Уладзіміраўны Калбасіч, таму часта прасіла, каб тата і мама «купілі» ёй сястрычку. Ды толькі бацькі не спяшаліся ажыццяўляць мару дачкі.
– Не скажу, што мне было сумна, – у мяне было шмат сяброў, і час мы праводзілі весела: гулялі з лялькамі «ў школу» – мая мама была настаўніцай, хадзілі на рэчку і ў лес – гэта перадалося ад таты, які працаваў лясніком. Словам, было цікава. Толькі хацелася, каб у мяне, гэтак жа, як і ў маіх сябровак, былі брацік ці сястрычка. Ноччу я глядзела ў акно і, калі падалі зоркі, загадвала жаданне.
Толькі па волі Усявышняга ў сям'і Ганны з'явіўся не брат і не сястра – яна сама рана стала мамай.
І гэтак жа, як у дзяцінстве, першай, хто прыйшоў на дапамогу, стала мама. Яна не толькі падтрымала дачку, але і стала яе надзейнай правай рукой, якая дапамагала выхоўваць маленькую Палінку.
– На сямейным савеце было вырашана, што мне трэба атрымаць адукацыю. Доўга я не вагалася – з дзяцінства любіла прыроду, таму і выбар паў на Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, – расказвае Ганна. – З паступленнем цяжкасцей не было. Нягледзячы на тое што вучылася я ў звычайнай сельскай школе, веды ў мяне былі добрыя. Іначай і быць не магло – у нашым класе было ўсяго тры вучні, таму, можна сказаць, з кожным настаўнікі займаліся індывідуальна.
На чатыры з паловай гады Ганне давялося пакінуць сваю дачку з бацькамі – вучыцца дзяўчына вырашыла на стацыянарным аддзяленні: і бацькі, і сама Аня былі ўпэўнены ў тым, што толькі так можна стаць добрым спецыялістам. Вядома, яна бывала дома наездамі і ўвесь свой вольны час прысвячала Палінцы. А потым зноў ехала ў Мінск і вучылася.
– Гады вучобы праляцелі хутка – нас чакала размеркаванне. Менавіта падчас гэтай працэдуры я і даведалася, што ёсць такі горад Астравец. Сюды мяне і накіравалі спачатку на практыку, а потым і на працу. Давялося звяртацца да «дзядзькі Гугла» – менавіта ён мне і расказаў, чым вядомы Астравец. І я адправілася знаёміцца з горадам і будучымі калегамі. А дабіралася я сюды, як у казцы. За некалькі хвілін да адпраўлення цягніка даведалася, што трэба аплаціць квітанцыю за ўезд у пагранічную зону – паспела гэта зрабіць. У Гудагаі трапіўся добры вадзіцель аўтобуса, які расказаў, як дабрацца да лясгаса. А ў лясгасе мяне сустрэлі прыветлівыя і добрыя людзі. Словам, усё склалася найлепшым чынам, – дзеліцца ўражаннямі Аня.
Калі Аня прыехала ў Астравецкі лясгас на практыку – дзяўчына з першых дзён акунулася ў работу, і ёй было цікава. А з 1 красавіка мінулага года Ганна прыбыла ў Астравецкі лясгас на пастаянную работу.
– Сёння я разумею, што з усяго, што нам прапанавалі падчас размеркаванння, Астравец быў самым найлепшым варыянтам. І мне пашанцавала: я трапіла ў цудоўны калектыў, які пры неабходнасці і падтрымае, і падкажа, – упэўнена малады спецыяліст лясгаса. – Мне вельмі падабаецца і горад, і раён: ужо паспела пабачыць знакамітыя мясціны Астравеччыны. А колькі пазітыўных эмоцый прынесла раённае мерапрыемства па ўшанаванні маладых спецыялістаў! Гэта была добрая магчымасць не толькі мне больш даведацца пра наш раён, прадпрыемствы і людзей, якія на іх працуюць, але і маладым людзям пазнаёміцца паміж сабой.
Далёка ў будучыню Ганна не заглядвае, але ўпэўнена, што хоча застацца ў Астравецкім раёне назаўсёды. Яе мары падтрымлівае і дачка Палінка, якая восенню пайшла ў першы клас сярэдняй школы №1. Любімая работа, разуменне і падтрымка ў сям'і – што яшчэ трэба чалавеку для шчасця? Хіба што песня, якая і так пастаянна крочыць па жыцці з Аняй.
--------------------------
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.
