Андрэй Вінча: маладосць справе не перашкода
У СВК “Гудагай” часта можна пачуць: “А вы звярніцеся да Вінчы”. І не трэба думаць, што ў гэтай гаспадарцы “зацыклены” на мастацтве эпохі Адраджэння — размова ў гэтым выпадку ідзе не пра вядомага мастака Леанарда да Вінчы, а пра намесніка кіраўніка гаспадаркі на раслінаводству. Малады аграном СВК “Гудагай” Андрэй Вайцехавіч Вінча – сённяшні госць “Астравецкай праўды” .
Але, як кажуць: малады ды ранні. Да яго, Андрэя Вінчы, звяртаюцца і больш вопытныя калегі: параіцца, абмяняцца думкамі. Не кажучы ўжо пра тое, што ўсе хлебаробы СВК “Гудагай”, які да таго ж з’яўляецца элітгасам, выконваюць яго распараджэнні без пярэчанняў. Вопыт, вядома, справа важная і патрэбная, але час практыкаў мінуў, і цяпер на першы план выходзяць веды, новыя тэхналогіі, інавацыі – усё гэта прынёс з сабой у гаспадарку малады аграном.
Хоць сам Андрэй не лічыць, што ён “бога за бараду ўхапіў” – зрэшты, аграномія такая галіна, што гэта наўрад ці магчыма ўвогуле. Тут не працуюць законы прамысловай вытворчасці: калі выканаць усе патрабаванні тэхналогіі, то атрымаеш высакаякасную прадукцыю. На зямлі можна зрабіць усё, як належыць: пасеяць у час, падкарміць, апрацаваць, а дождж зарадзіць на месяц ці наадварот — не ўпадзе ні кроплі. І ўсё, пра што марылі і на што спадзяваліся дзясяткі людзей, так і застанецца марамі і спадзяваннямі. Таму аграному трэба быць не толькі прафесіяналам, высакакласным спецыялістам, але і крышачку чараўніком, умець прадугадаць тое, што сіноптыкі прадказаць дакладна не могуць.
Андрэй не чараўнік – ён яшчэ толькі вучыцца… Пакуль што самым значным сваім дасягненнем ён лічыць ураджай у 74 цэнтнеры, які ў 2008 годзе дала пшаніца на адным з гудагайскіх палёў.
—Калі ўсё атрымліваецца, калі праца, твая і іншых хлебаробаў, дае плён — тады нібы крылы вырастаюць: і радасна, і хочацца далей працаваць, эксперыментаваць, нечага дабівацца, — дзеліцца Андрэй вытокамі свайго натхнення.
Ды натхненне не бывае бясконцым – як і поспехі…
— Кіраўніцтва нашай гаспадаркі на зямлю грошай не шкадуе, — не без гонару канстатуе кіраўнік земляробчай галіны. – Усё, што трэба на ўгнаенні, сродкі аховы, мы атрымліваем – у межах магчымага, канешне. Але далёка не ўсё залежыць ад нас. Вельмі крыўдна, калі ўсё зроблена, як належыць, па тэхналогіі, а ў самы гарачы час сеялка зламалася. Нядоўга, здаецца, рамантавалі, дзень ці два – а ўраджай ужо гарантавана страцілі. Канешне, якасць беларускай тэхнікі значна палепшылася ў апошні час, але яна ўсё ж яшчэ далёкая ад дасканаласці. А калі ўраджай недабралі, ніхто ж не скажа, што тэхніка вінавата – аграном недапрацаваў…
…Калі знаёмішся з Андрэем Вінчам, у першую хвіліну цяжка ўявіць, што яму падпарадкоўваецца ўся раслінаводчая галіна такой элітнай гаспадаркі, як СВК “Гудагай”: малады хударлявы сціплы юнак, пакуль што нават без заручальнага пярсцёнка на руцэ, які не прывык да павышанай увагі журналістаў…
Зрэшты, здзіўляе ён не ўпершыню. Яго родныя і знаёмыя былі ў шоку, калі даведаліся, што Андрэй, які нарадзіўся і вырас у Лідзе, звычайны гарадскі хлопец, пасля школы вырашыў паступаць у аграрны ўніверсітэт, ды яшчэ на агранамічны факультэт.
Некаторыя лічылі, што гэта патрэбна яму толькі, каб атрымаць дыплом, маўляў, потым знойдзе сабе больш цёплае месцейка. Калі ж пасля заканчэння ўніверсітэта Андрэй стаў працаваць на Маладзечанскай сортавыпрабавальнай станцыі, скептыкі таксама ўсміхаліся: вось папрацуе, пакуль скончыцца тэрмін размеркавання – і толькі і пабачаць яго ў сельскай гаспадарцы, хуценька апране форму пагранічніка ці мытніка. А ён адслужыў у арміі – і вярнуўся на ранейшае месца працы. А потым зноў здзівіў цікаўных да чужога жыцця: пакінуў Міншчыну і пераехаў у “свету канец” – на Астравеччыну, у Гудагай.
—Аляксандр Шамрэй, аднакашнік і аднакурснік, пераманіў, — усміхаецца Андрэй. Ён у той час працаваў тут намеснікам старшыні па корманарыхтоўцы. Сябар, праўда, неўзабаве пакінуў гаспадарку, цяпер працуе на Магілёўшчыне, у знакамітай Александрыі. А я вось застаўся. Навошта бегаць туды-сюды? Праблемы ў сельскай гаспадарцы ўсюды аднолькавыя. Ад перамены месцаў іх колькасць не змяншаецца…
Увогуле Андрэй не падзяляе ўсеагульнага здзіўлення ад свайго рашэння стаць аграномам.
—Ну што тут дзіўнага? Я не магу сказаць, што земляробства было для мяне зусім незнаёмай галіной, невядомай, чужой справай. Бабуля мая жыла ў вёсцы. Я, як і ўсе дзеці, летам большасць часу праводзіў у яе. І тое, што булкі не на дрэвах растуць, як бульбу садзяць і капаюць, ведаў з маленства. І справа гэта мне падабалася. Таму і вырашыў паступаць у аграрны універсітэт. Гэта канкрэтная спецыяльнасць, а прафесіяналы заўсёды патрэбны. Была, праўда, яшчэ адна мара, так бы мовіць, запасны варыянт на выпадак, калі з аграрным універсітэтам не атрымаецца: камп’ютарныя тэхналогіі. Ды ён не спатрэбіўся. Хоць камп’ютар заўсёды са мной – як жа сёння без яго? Але гэта так, для сябе, як і ў большасці – памочнік, дарадчык, пастаўшчык інфармацыі, які дапамагае ў асноўнай рабоце.
Работа агранома Андрэю падабаецца: жывая, увесь час з людзьмі і заўсёды бачыш канкрэтны вынік сваёй працы: як зярнятка дае ўсходы, як пачынае красаваць, каласіцца нядаўні кволы парастак, як наліваецца зерне, як сыплецца яно цяжкім бурштынавым патокам у кузаў аўтамашыны.
—На першым часе, калі летам сябры тэлефанавалі і расказвалі, што яны загараюць, купаюцца на рэчцы, клікалі да сябе, часам станавілася прыкра: у агранома ж адпачынку летам не бывае, для яго гэта— самы гарачы час. А потым звыкся: у кожнага – свая справа, і ў кожнай – свае плюсы і мінусы. Мне мая падабаецца, нічога іншага я не хачу.
У планах на будучыню ў Андрэя – стварэнне сям’і і абуладкаванне свайго сямейнага гняздзечка: дом кааператыў яму, як маладому спецыялісту, выдзеліў, ды толькі пакуль гэта яшчэ халасцяцкае жытло, у якім не стварыла ўтульнасці жаночая рука, дзе не звіняць пакуль дзіцячыя галасы…
А яшчэ — далейшы прафесійны рост. Малады аграном лічыць, што патэнцыял гудагайскіх земляў выкарыстаны далёка не поўнасцю. Ураджай у 40-45 цэнтнераў – не той вынік, на які могуць разлічваць мясцовыя хлебаробы. Сярэдняя ўраджайнасць у 50-55 цэнтнераў з гектара – да гэтага трэба імкнуцца і рэальна атрымліваць, калі выконваць усе патрабаванні тэхналогіі: у час пасеяць, даць неабходную дозу ўгнаенняў, своечасова правесці ўсе неабходныя апрацоўкі, убраць без страт.
Так што работы ў Андрэя Вайцехавіча Вінчы, што называецца, непачаты край, на ўсіх франтах – і ў асабістым жыцці, і ў прафесійным. І хочацца пажадаць маладому аграному плёну ва ўсіх пачынннях. Ну хоць бы такога, як у яго амаль што цёзкі з эпохі Адраджэння…
Ніна АЛЯКСЕЕВА.