Алла Корженок: "...Никогда и не думала попасть на Островетчину"
Ала Аляксандраўна КАРЖАНОК – настаўніца інфарматыкі. З 27 гадоў педагагічнай работы, 22 прысвечаны СШ №1.
Хаця нарадзілася Ала Аляксандраўна ў Беларусі і тут жа закончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, доўгі час жыла ў Расіі і ніколі не думала, што лёс можа закінуць яе на Астравеччыну, пра якую яна нават і не чула.
Трапіла яна сюды нечакана і незапланавана. Але за гады жыцця, Астравец і ўвогуле Астравецкі раён даўно ўжо стаў для настаўніцы радзімай.
Ала Аляксандраўна ганарыцца сваёй школай (зрэшты так робяць усе педагогі – аўт.), і лічыць, што з кожным годам школа амалоджваецца. Прыходзяць маладыя спецыялісты, а разам з імі маладзеюць і вопытныя педагогі, якія маюць вялікі стаж работы.
– Калі побач знаходзяцца дзеці, пачынаеш адчуваць сябе патрэбнай і больш маладой. Інакш і быць не можа: сучасныя дзеці хочуць бачыць педагога, які не толькі дае ім добрыя веды, але і можа зацікавіць сваім прадметам, і разумее іх. Сёння ў школе ўжо вучацца дзеці тых дзяцей, якіх калісьці я вучыла, – і прыходзіць усведамленне таго, што жыццё пражыла не марна, – лічыць настаўніца і працягвае:
– У нашай школе працуюць два камп’ютарныя класы. Адзін з іх паступіў у мінулым навучальным годзе, другі – крыху раней, але і ён адпавядае сучасным патрабаванням. Гэта адны з тых класаў, якія ніколі не пустуюць. Урокі, факультатывы, падтрымліваючыя і стымулюючыя заняткі, падрыхтоўка прэзентацый, аказанне дадатковых платных паслуг, гурткі… Сёння ў школе падключаны хуткасны інтэрнэт, працуе школьны сайт, вядуцца школьныя базы даных. У камп’ютарным кабінеце створана школьная медыятэка, у якой сабраны распрацоўкі настаўнікаў – іх можа выкарыстаць любы педагог пры падрыхтоўцы і правядзенні ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў. А цяпер вядзецца работа над стварэннем электроннага дзённіка – спецыяльная праграма, якая дазваляе бацькам, выкарыстоўваючы сетку інтэрнэт, паглядзець адзнакі сваіх дзяцей па ўсіх школьных прадметах.
А яшчэ Ала Аляксандраўна – кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў матэматыкі, фізікі і інфарматыкі. І вельмі ганарыцца, што кожны з гэтых настаўнікаў уносіць вялікі ўклад у скарбонку перамог школы.
Дарэчы, сама Ала Аляксандраўна – адна з самых актыўных педагогаў. Вось і нядаўна распрацоўка яе ўрока «Бой кемлівых» была надрукавана ў расійскім навукова-практычным часопісе «Інфарматыка ў школе».
Навукова-практычныя канферэнцыі, абласны турнір “Юных матэматыкаў”, парады навук і займальныя віктарыны, прадметныя конкурсы і завочныя алімпіяды па прадметах – выклікаюць цікавасць не толькі ў настаўнікаў, але і ў іх вучняў.
Алена ЯРАШЭВІЧ.