Алексей Заступневич. Человек на своем месте

У майстра дрэваапрацоўчага цэха Аляксея Васільевіча Заступневіча абавязкаў нямала – арганізаваць работу ў цэху, прасачыць, каб абсталяванне працавала без збояў, каб хапала сыравіны, пракантраляваць якасць прадукцыі і арганізаваць яе адгрузку на экспарт. Тое, што дрэваапрацоўчы цэх дынамічна развіваецца, у пэўнай ступені і яго заслуга. Нездарма напярэдадні прафесійнага свята Аляксей Васільевіч быў узнагароджаны Ганаровай граматай Гродзенскага ДВЛГА.


Аляксей Васільевіч родам з Брэстчыны, скончыў Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум і па размеркаванні трапіў у Астравецкі раён. Некалькі гадоў працаваў у меліярацыі і ніколі падумаць не мог, што звяжа жыццё з лясной гаспадаркай. Тым не менш у 1997 годзе лёс прывёў яго ў дрэваапрацоўчы цэх Астравецкага лясгаса. Асвойваць новую прафесію дапамагаў былы начальнік цэха, а зараз інжынер па паляўнічай гаспадарцы – Віктар Мечыслававіч Урбановіч. І сёння Аляксей Васільевіч не ўяўляе сябе на іншым месцы. Майстар цэха стаў сапраўдным майстрам сваёй справы. А калектыў цэха – родным для яго.
Яго багацце – сям’я: каханая жонка, дзве дачкі і агульная любіміца ўнучка Сашанька. Захапляецца мужчына рыбалкай і, калі ёсць вольны час, стараецца яго правесці на прыродзе.


Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.