Александр Ковзан: "В моей жизни действует принцип "случайности неслучайные"

Вясёлы і энергічны, усмешлівы і няўрымслівы, абаяльны і харызматычны, са шчырай усмешкай і цікаўнымі вачыма… Праграміст і вядучы, гумарыст і актывіст… У нядаўнім мінулым – выконваючы абавязкі першага сакратара райкама БРСМ у Ашмянах. Многія ўжо бачылі яго на сцэне падчас розных мерапрыемстваў у Астраўцы. Знаёмцеся – Аляксандр Коўзан: звычайны малады чалавек, які на кожны момант жыцця мае свой погляд і меркаванне і якому проста цікава жыць.

Саша з дзяцінства вызначаўся актыў-насцю і разнастайнасцю фантазій. У юным узросце ён хацеў стаць поварам. Прыходзіў са школы і гатаваў. І гэты працэс яму вельмі падабаўся. А яшчэ ён марыў стаць цырульнікам. Кожную раніцу, назіраючы, як бабуля збірае  яго сястрычак у садок ці школу, заплятае ім хвосцікі-коскі, хлопчык марыў, што вырасце і навучыцца ствараць такую ж прыгажосць. І гэтым самым будзе прыносіць людзям радасць.
Але больш за ўсё Саша хацеў стаць акцёрам. Сапраўдным – такім, як Юрый Нікулін.
– Я нават і не памятаю, колькі разоў пераглядваў класіку савецкага кіно – “Бриллиантовая рука”, “Операция Ы”, “Кавказская пленница”, – расказвае Аляксандр. – Гэта ж шэдэўры! Брыльянты кінематографа! Асабліва мне падабаліся персанажы Юрыя Нікуліна. Гэта ж якімі акцёрскімі здольнасцямі трэба валодаць, каб так непараўнальна іграць! Ён мог рассмяшыць нават без слоў, адной толькі мімікай і жэстамі. Вядома ж, я хацеў быць такім, як ён! А пасля падрос – і захацеў стаць падобным на Жан Клода Ван Дама… Ці на Джэкі Чана. Каб абараняць сваіх родных.
Праўда, ні поварам, ні цырульнікам, ні акцёрам Саша не стаў. Пасля заканчэння Барунскай сярэдняй школы паступаў у Ваенную Акадэмію, але не прайшоў па стане здароўя. Развітаўшыся з марай стаць ваенным, хлопец вырашыў паспрабаваць сябе ў сферы сучасных тэхналогій і паступіў у Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж на праграміста.
– Мне заўсёды было цікава, як гэта ўсё працуе. Інавацыі, камп’ютары, навейшыя праграмы. Стараўся быць, наколькі было магчыма, “у тэме”. Да таго ж быў упэнены, што прафесія праграміста – патрэбная, запатрабаваная і досыць папулярная.
У каледжы новаспечанаму студэнту спадабалася. З аднаго боку, ён удасканальваў свае веды ў сферы праграміравання. А з іншага, і гэта Аляксандру падабалася найбольш, яго забрала ў палон вясёлае і няўрымслівае студэнцкае жыццё. Хлопец раскрыўся ў культурна-масавай дзейнасці. Ніводзін канцэрт, “капуснік”, КВЗ, конкурс не абыходзіўся без Сашы. Сцэна цягнула яго магнітам, ён быў завадатарам і актывістам, сцэнарыстам і выканаўцам. Словам, гэта была яго сфера, яго хваля, яго рытм і жыццё.
– Ці з’яўляліся думкі развівацца ў гэтым накірунку далей? Ведаеце, у маім жыцці дзейнічае прынцып “выпадковасці невыпадковыя”. І тое, што я не паступаў, скажам, у Інстытут культуры, а вучыўся на праграміста, таксама невыпадкова. Вучоба дала шмат карыснага. Дарэчы, зараз я атрымліваю вышэйшую адукацыю менавіта па спецыяльнасці “інжынер-праграміст”. А студэнцкае жыццё – гэта наогул незабыўны час. І галоўнае: падчас вучобы ў Ашмянах я сустрэў сваё каханне, сваю палавінку, зараз ужо жонку Юлію. Так што я ўпэўнены: усе выпадковасці – невыпадковыя!
З Аляксандрам цяжка не пагадзіцца. Тым больш што падобных невыпадковых выпадковасцяў у яго жыцці хапала. Пасля месяца працы на торфа-брыкетным заводзе маладога праграміста запрашаюць на пасаду выконваючага абавязкі першага сакратара райкама БРСМ у Ашмянах. Вядома, “слабасць” Аляксандра да грамадска-культурнай масавай дзейнасці ўзяла верх. І ён ні разу аб гэтым не шкадаваў.
– У БРСМ мне было вельмі цікава працаваць. Наогул люблю стасункі з новымі людзьмі, арганізоўваць мерапрыемствы і конкурсы, люблю рух і актыўнасць. Захапляюся спортам, асабліва валейболам. Мы нярэдка арганізоўвалі спартыўныя спаборніцтвы. І гэта заўсёды знаходзіла сваіх прыхільнікаў. Калі робіш нешта і гэта камусьці цікава – ужо здорава!
Аднак праз некаторы час па сямейных абставінах Саша зноў змяніў месца працы. На гэты раз “невыпадковую выпадковасць” у яго жыцці сыграла наша “Астравецкая праўда”: тут ён прачытаў аб’яву пра вакансію ў Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, дзе зараз і працуе намеснікам дырэктара па гаспадарчай рабоце. Здаецца, гэта пасада не мае ніякага дачынення да грамадскай дзейнасці і культурнага жыцця, але малады чалавек нярэдка з’яўляецца на астравецкай сцэне: у ролі вядучага, удзельніка гумарыстычнага шоу, члена журы… Здаецца, яшчэ крыху – і Аляксандр пачне спяваць ці іграць на гітары.
– Гм… Не ведаю, яшчэ не спрабаваў. (Смяецца) А спрабаваць нешта новае мне падабаецца. Напрыклад, вельмі хачу скокнуць з парашута. Люблю новыя адчуванні – мару пападарожнічаць сям’ёй. Асабліва хочацца пабываць у Нью-Ёрку і Дубаі. Словам, мне падабаецца актыўны лад жыцця. Ну не сядзець жа летам дома, калі можна выехаць на Янаўскае вадасховішча і пагуляць у валейбол?!! Наогул, цудоўна, калі чалавек займаецца менавіта тым, што яму падабаецца. Магчыма, у Астраўцы пакуль не хапае секцый, студый, гурткоў, дзе моладзь знайшла б сабе занятак па інтарэсах. А чаму б у Астраўцы не аб’яднацца разам, скажам, скейтбардзістам, не прыдумаць нейкую праграму і прадэманстраваць яе на цэнтральнай пляцоўцы падчас таго ж Дня моладзі? Або аматарам ролікаў. Або музыкантам. Чаму б не прадэманстраваць, што моладзь захапляецца цікавымі і “здаровымі” рэчамі, а не глупствамі, як памылкова думаюць многія? Па-мойму, было б цудоўна!


--------------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.