Александр Хомутовский умеет работать и делает это с душой
Чалавека паважаюць не за тое, што ён ёсць, а за тое, які ён. Асабліва гэта датычыцца месца працы, дзе кожны можа паказаць свае здольнасці, раскрыць свае таленты. І тады работнік можа стаць сапраўдным асам сваёй справы, чалавекам, страціць якога для прадпрыемства – недазваляльная раскоша.Такім незаменным работнікам для ДРБУ-159 з'яўляецца прараб Аляксандр Дзмітрыевіч Хамутоўскі.
Дзе нарадзіўся...
Жыццёвая дарога Аляксандра Дзмітрыевіча пачыналася на Гомельшчыне: нарадзіўся ён у вёсцы Карма Ельскага раёна ў звычайнай сям'і. Бацька і маці хлопчыка працавалі на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм.
Школьныя гады пранесліся хутка, і пасля заканчэння дзесяці класаў хлопец на некалькі месяцаў уладкаваўся на працу ў “меліярацыю” – дапамагаў бацьку. Потым на два гады “абуў боты” – армія ў тыя часы нікога не палохала, таму і тут час праляцеў хутка і без прыгод.
У 1976 годзе Аляксандр паступае ў Пінскі меліярацыйны тэхнікум, дзе набывае спецыяльнасць “майстар гідрамеліярацыйных сістэм”, – відаць, менавіта гэты шлях быў наканаваны яму Усявышнім, бо вучоба тут таксама давалася хлопцу лёгка.
Тры гады ў тэхнікуме праляцелі як адно імгненне – і прыйшла пара самому станавіцца на ногі, выбіраць сваю дарогу. Аляксандр вырашае перабрацца ў Ельск – і забірае туды маладую жонку, якая, дарэчы, была родам з яго роднай вёскі. У горадзе мужчына ўладкоўваецца працаваць па спецыяльнасці. Жыццё пачынае наладжвацца…
Аляксандру Дзмітрыевічу здавалася, што няма нікога шчаслівейшага за яго: больш-менш усталяваны сямейны быт, любімая жонка, адна за адной “знайшліся” і дзве прыгажуні-дачушкі…
Але “радыяцыйныя” дні 1986 года ўнеслі ў размеранае жыццё Хамутоўскіх свае карэктывы. Спачатку нікуды ехаць яны не збіраліся. Але людзі вакол у адзін голас гаварылі: “Трэба”.
Аляксандр Дзмітрыевіч сабраў сям'ю, неабходныя на першы час рэчы – і выправіўся ў невядомасць.
Дзе прыгадзіўся...
Так Хамутоўскія апынуліся на Астравеччыне. У чаканні кватэры Аляксандр Дзмітрыевіч уладкаваўся на працу ў МПМК-158. А хутка “купілі” яшчэ і Ірынку. Цяпер Аляксандр Дзмітрыевіч быў шчаслівым бацькам трох прыгожых дзяўчат.
Ды меліярацыя зноў паклікала: на цэлых дванаццаць гадоў Аляксандр Дзмітрыевіч Хамутоўскі сышоў на працу ў Астравецкае ПМС. Але потым усё ж давялося змяніць месца працы – і вось прайшло-праляцела ўжо больш адзінаццаці гадоў жыцця, якія мужчына прысвяціў ДРБУ-159.
– Веды, атрыманыя падчас вучобы ў тэхнікуме, а таксама вопыт работы ў меліярацыі, безумоўна, дапамагаюць. Мы ж не толькі асфальт кладзём – часцей за ўсё да гэтага трэба шмат работы перарабіць. Бывае, і праз балота дарогі будуем, таму спачатку пні карчуем і вывозім, пясок насыпаем, – дзеліцца Аляксандр Дзмітрыевіч.
Фронт “работы” ў прараба вялікі. Акрамя людзей, якія чакаюць зразумелых і дакладных каманд, пад кантролем Аляксандра Дзмітрыевіча знаходзіцца і ўся тэхніка на яго ўчастку: хто капае роў, колькі машын возіць пясок, ці будзе сёння на “лініі” трамбоўшчык. І ўсё ён павінен убачыць, за усім прасачыць, усюды паспець: каб работа спорылася, а значыць, людзі без зарплаты не засталіся.
– Здараецца, што плануеш адно, а на справе прыходзіцца ўносіць карэктывы, – распавядае Аляксандр Дзмітрыевіч. – Але менавіта гэта і падабаецца. А яшчэ я люблю краявіды, якія кожны дзень адкрываюцца воку. І няхай сёння гэта “дрымучы”, непраходны ўчастак, заўтра-паслязаўтра ён ужо падпарадкуецца нашай тэхніцы. А праз нейкі час тут праляжа прыгожая, уладкаваная дарога – і ты любуешся неабсяжным прасторам Астравеччыны – краю, які больш за дваццаць пяць гадоў назад стаў для мяне другой радзімай. А калі ўсё атрымаецца, нягледзячы ні на што, я задаволены ўдвая.
А хто лепш за ўсіх можа ахарактарызаваць чалавека? Канешне, людзі, з якімі ён працуе.
– Спакойны, ураўнаважаны. Вельмі адказны, – у адзін голас адказваюць на маё пытанне падначаленыя Аляксандра Дзмітрыевіча.
І дабаўляюць:
– У нас дружная каманда, якая зладжана працуе. Таму ні ў Дзмітрыевіча з намі, ні ў нас з ім праблем не ўзнікае. Так, Дзмітрыч?
Але “Дзмітрыч” ужо не чуе адрасаванага яму пытання: там, за вялікім бугром насыпанага пяску, спатрэбілася яго дапамога…
Так атрымалася, што ўсё жыццё Аляксандра Дзмітрыевіча Хамутоўскага звязана з прыродай і зямлёй. Можа, таму ён такі адкрыты, шчыры, працавіты чалавек, які не баіцца цяжкай працы ў трыццаціградусную спёку ці ў скрыпучыя маразы, які ў сваю працу ўкладвае сілы, а самае галоўнае – умее працаваць і робіць гэта з душой. Думаецца, менавіта таму імя Аляксандра Дзмітрыевіча Хамутоўскага занесена на раённую Дошку гонару.
------------------------------------------
Вольга ХАЦЯНОВІЧ, фота аўтара.
