Агроном СПК "Гервяты" Антонина Дерван переживает за каждый колосок
Абсалютна шчаслівай Антаніна Францаўна Дзерван сябе не лічыць. І гэта зразумець не складана: прызнайся, што ты шчаслівая, – і чаго тады чакаць ад жыцця? Усё і так ужо ёсць…Яно і праўда ёсць: дружная сям’я, любімая работа, утульны дом, сябры… А яшчэ – прызнанне. Удзячнае прызнанне яе заслуг, якое вылілася ў дзяржаўную ўзнагароду: мінулым летам Антаніна Францаўна атрымала медаль “За працоўныя поспехі”. Уручэнне адбылося на сцэне сталічнага Палаца Рэспублікі. І сам прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч падзякаваў ёй за шматгадовую плённую працу…
Праца агранома… Канешне, яна больш падыходзіць мужчынам: выйшаў з хаты на досвітку і вярнуўся ў прыцемках. А як жа інакш, калі ідзе пасяўная, і ўжо тым больш – калі гудзе жніво?..
Мужчыну не страшна – на ім жа адзін кут сямейнага быту трымаецца, а вось карыятыда-жанчына ўтрымлівае адразу тры куты – без яе “слабых” плячэй дом наўрад ці ўтрымаецца. Трэба ж і накарміць, і абмыць, і абысціся па гаспадарцы, і прыбрацца ў доме, і пашкадаваць-выслухаць сваіх дамачадцаў: дзе трэба, прыкрыкнуць, а найчасцей – пагладзіць па галоўцы, прытуліць...
Тры дачкі… Тры памочніцы… А яшчэ – тры характары. І безліч маміных клопатаў…
Гэта сёння дзве з іх ужо дарослыя, цалкам самастойныя. Але так было не заўсёды. Таму і прыходзілася Антаніне Францаўне падымацца ў чатыры гадзіны раніцы, каб паспець падаіць карову, прыгатаваць снеданне, а заадно і абед – сярод дня, яна гэта дакладна ведала, вырвацца з работы зноў не ўдасца.
Насенне… Тысячы і тысячы залатых тон прайшлі за трыццаць гадоў працы аграномам-насеннаводам праз рукі… Ды што там рукі?! – праз думкі і сэрца Антаніны Францаўны. Калі ўзяць так, на ўскідку… Ёмістасць насенных складоў на цэнтральнай сядзібе складае каля двух тысяч тон, памножыць на трыццаць – роўна столькі гадоў яна ўзначальвае насенняводчую справу ў СВК “Гервяты”…
Антаніна Францаўна родам са Свіслацкага раёна. Яе маці працавала даяркай, бацька – калгасным будаўніком. Сама яна марыла стаць настаўніцай гісторыі, нават рыхтавалася да паступлення. А потым, зусім нечакана…
Гэтае самае “нечакана” ўрываецца ў нашае жыццё, як нам падаецца, зусім выпадкова, і толькі нашмат пазней, праз некалькі дзесяцігоддзяў, мы пачынаем усведамляць: у нечаканасці – наканаванасць лёсу…
Антаніна паступіла на агранамічны факультэт Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума. На перадапошнім курсе выйшла замуж. А перад самым размеркаваннем у тэхнікум завіталі “купцы” – кіраўнікі гаспадарак, якім патрэбны былі маладыя спецыялісты. Сярод “вярбоўшчыкаў” быў і старшыня калгаса “Радзіма” Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі…
У сакавіку 1984 года Антаніна Францаўна разам з мужам прыехала ў гаспадарку. Праўленне адразу ж выдзеліла маладым спецыялістам дом. Праўда, не на цэнтральнай сядзібе – у Гальчунах, але ж дом! Першае самастойнае жытло!
Антаніна стала аграномам-насенняводам.
– З паслядыпломным размеркаваннем мне неверагодна пашанцавала, – гаворыць Антаніна Францаўна. – Ужо хоць бы таму, што я патрапіла пад “крыло” цудоўнага спецыяліста і чалавека Віктара Іванавіча Сільвановіча. Гэта быў аграном ад Бога. Нават не ведаю, хто больш даў мне ведаў – тэхнікум ці Віктар Іванавіч. Насенне – гэта святая святых раслінаводства, лічыў ён. І стаўленне да яго павінна быць адпаведным. Змесціва кожнага засека насеннявод абавязаны ведаць як “Ойча наш”: вага, вільготнасць, усходжасць, рэпрадукцыя… Вось так, каб сярод ночы яго паднялі, і ён адрапартаваў, не задумваючыся… Пачалася ўборка – адразу закасвай рукавы: дасушыць, прачысціць, давесці да кандыцыі… Ніякіх “да зімы далёка” і “яшчэ паспеем” – па меры паступлення новага ўраджаю.
– Навука Віктара Іванавіча засталася са мной назаўсёды, – крыху памаўчаўшы, працягвае Антаніна Францаўна. – І яго нераўнадушнае стаўленне да справы – таксама. Часам і не хочаш, а не адкараскацца… У час жніва прыйдзеш дадому апоўначы, стомленая да “ўсё, больш не магу”. Здаецца, толькі б да падушкі галаву данесці… А данясеш – і няпрошаныя думкі заснуць не даюць: заўтра пшаніца пойдзе – яе пасля дасушкі засыплем у трэці засек … А ячмень, што ляжыць на вуліцы, трэба тэрмінова пералапаціць, каб не пачаў грэцца…
Хлеб – усяму галава, а насенне – яго аснова. І Антаніна Францаўна не можа зразумець легкаважных да яго адносінаў. Жанчына гатова падзяліцца і ведамі, і вопытам, але маладое папаўненне не заўсёды гатова ўспрымаць. Сучасныя выпускнікі – “сам-з-вусам”. А колькі сярод іх адэптаў навамоднай рэлігіі “Ды за такія грошы – падзякуйце, што наогул на працу выходжу”! Праўда, найчасцей у сельскай гаспадарцы такія надоўга не затрымліваюцца – “стартануць”, адпрацуюць належны тэрмін – і бягом у які-небудзь “купі-прадай”. Ніхто не спрачаецца – і гэта патрэбна, але хіба самы шыкоўны кітайскі лахман у стане замяніць кавалачак чорнага беларускага хлеба?..
Любімая культура Антаніны Францаўны – пшаніца.
– Капрызуля, канешне, – усміхаецца аграном. – Але як жа цікава з ёй працаваць! Якая яна чуллівая да догляду, як умее аддзячыць хлебаробу за клопат! Хоць нелюбімых культур у мяне няма. Кожная культура царыца па-свойму. Выдалі яе з поля – і страціш часцінку сябе. Вось як беларусу без бульбы пражыць? А без жыта? Хоць якраз жыта год за годам здае свае пазіцыі. Дарэчы, дыпломную работу падчас завочнай вучобы ў Ленінградскім сельскагаспадарчым інстытуце я пісала менавіта па гэтай культуры. Шмат стагоддзяў жыта карміла нашых продкаў. Пшаніцы не падабалася на пуставатых пясочках. Гэта цяпер, пасля шматгадовай планамернай работы, накіраванай на павышэнне ўрадлівасці глебы і прыкметнага пацяплення белабулкавая стала радаваць земляробаў высокімі ўраджаямі, але яшчэ гадоў пяцьдзясят таму яна абыходзіла паўночныя раёны Беларусі бокам. А вось жыта як культура менш пластычнае, яго ўраджайнасць абмежаваная. Ды і сфера выкарыстання пастаянна звужаецца – так званы шырокі спажывец пабагацеў і стаў выбіраць белы хлеб…
Вось, здавалася б, насеннявод... Падрыхтаваў насенне, перадаў яго сейбіту, і… круціце вы галовы! Антаніна Францаўна так не ўмее. І не толькі таму, што выконвае абавязкі яшчэ і агранома па ахове раслін: пад яе непасрэдным кіраўніцтвам адбываецца і хімічная праполка палеткаў, і барацьба са шкоднікамі і хваробамі, – а таму, што сэрца ў яе агранамічнае – за трыццаць гадоў прараслі скрозь яго ўсе гэтыя парасткі і каласкі. І не перажываць за кожны яна не ўмее.
– Азімыя сёлета добрымі атрымаліся, – гаворыць, радуючыся дружнай асенняй зеляніне. – Хоць збажына ранніх тэрмінаў сяўбы ўжо перарастае. Калі снег упадзе на незамерзлую глебу – чакай выправання… Калі мароз ударыць па голай зямлі – таксама бяда. Вось настолькі наша земляробства залежыць ад надвор’я – хоць Імшы спецыяльныя заказвай. І заказвалі! Калі навальвалася засуха ці яшчэ які мор, заказвалі ў храмах службы, разам са святаром выходзілі на ніву, каб памаліцца пад чыстым небам наўпрост – адразу да Бога. Канешне, мы сённяшнія нашмат больш тэхналагічныя – у нашым распараджэнні пестыцыды, макра- і мікрадабаўкі, спецыяльна выведзеныя сарты, але супраць засухі або супраць іншых пагодных катаклізмаў мы, як і нашы пра-пра-прадзеды, па-ранейшаму безабаронныя. І часам не лішнім бывае перахрысціць лоб…
СВК “Гервяты” – насенняводчая гаспадарка, якая займаецца вырошчваннем насення траў: закуплівае вышэйшыя рэпрадукцыі насення купоўкі звычайнай, райграсу, цімафееўкі, аўсяніцы, вырошчвае з іх і рэалізоўвае насенне іншым гаспадаркам праз сістэму “Аблнасентравы”. І гэты накірунак – яшчэ адна прэрагатыва Антаніны Францаўны. Таму што кожнаму граму (з 12-15 штогадовых тон) траў яна павінна “прапісаць” дакладны адрас, забяспечыць яго відавую чысціню, сортнасць, усходжасць і вільготнасць.
А калі частка траў пасля спецыяльнай падрыхтоўкі на ачысным абсталяванні “Аблнасентраў” вяртаецца ў СВК “Гервяты”, іх выкарыстоўваюць для стварэння спецыяльных пашавых сумесяў, вырошчванне якіх дазваляе выкарыстоўваць пашу па 5-6 разоў за сезон. І тут таксама не абыходзіцца без вопыту і ўмення Антаніны Францаўны.
Калі ж яна адпачывае? Ніколі. Ні разу за жыццё не была ў санаторыі. Сумарны адпачынак па догляду за траімі дзецьмі, замест гарантаваных дзевяці гадоў, склаў усяго чатыры. Кожны так званы чарговы адпачынак выдзяляецца аграному зімой і зводзіцца найчасцей да некалькіх дзён, таму што ў гэты перыяд працягваецца ачыстка насення. З пачатку ліпеня і амаль да снежня ў Антаніны Францаўны, лічы, наогул не бывае выхадных…
Работа і работа… А ёй – не цяжка! І нават падабаецца. Лёгкая на пад’ём, хуткач у рашэннях, кемлівая ў вырашэнні канкрэтных праблем, яна без стомы і нараканняў кружыць і кружыць паміж акуратнымі загарадкамі насення. Навокал чысціня, кожны засек упрыгожвае таблічка з канкрэтнай інфармацыяй аб яго змесціве. Але гэта для правяраючых – самой Антаніне Францаўне цэтлікі непатрэбны, таму што яна з той выключнай пароды аграномаў, якіх называюць сапраўднымі.
--------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.
