Адам Мальдис рассказывает про своего одноклассника, уроженца Островетчины, Чеслава Мекина
Скарочаны і ўдакладнены тэкст беларускай і польскай прадмоў да кнігі ўспамінаў “Wspomnienia i refleksje z pogranicza” (2015) Чэслава Мекіна, выпускніка Астравецкай СШ 1951 года і ранейшага жыхара вёскі Філіпаны, а цяперашняга жыхара горада Гданьска ў Польшчы.У пачатку напісання тэксту прадмовы да кнігі свайго аднакласніка Чэслава Мекіна мне хацелася замест слова “сумежжа” ўжыць больш канкрэтнае і звыклае вызначэнне ― “памежжа”. Але потым, пазнаёміўшыся з будучай кнігай, задумаўся: дык якое ж яно атрымаецца тое памежжа? Беларуска-польскае. Таму што аўтар успамінаў нарадзіўся на беларускай Смаргоншчыне і жыў у Філіпанах і таксама, па складу сённяшняга насельніцтва, літоўскай і польскай Астравеччыне, а сёння жыве ў польскім Гданьску? Тады, выходзіць, толькі: беларуска-польскае памежжа? Але ж мемуарыст працяглы час жыў і працаваў у Вільні, дзе таксама нямала беларусаў і палякаў. Праўда, ужо даўно там пераважаюць літоўцы. Тады – беларуска-польска-літоўскае памежжа або пагранічча? Не, зноў нешта не тое. Міжвольна ўсплылі ў памяці словы з папулярнай песні на музыку Ігара Лучанка: “паміж Польшчай і Расіяй ― полька беларуская”, таксама недакладныя, бо паміж Польшчай і Расіяй я паставіў бы іншы танец ― “Лявоніху”. Дарэчы, падумалася далей, у дадзеным выпадку лагічна будзе згадаць і Расію, таму што працоўны шлях Мекіна-чыгуначніка пачынаўся і працягваўся колькі год на станцыі Вічуга Іванаўскай вобласці ў цяперашняй Расійскай Федэрацыі.
Значыць, тады трэба ўжываць слова не “памежжа”. Памежжа дэмаграфічнае, культурнае, гістарычнае… Але як жа далёка яно сягае ў выпадку з Чэславам Мекіным? На захадзе яго лягчэй акрэсліць: да Гданьска і Шчэціна, Зялёнай Гуры і Вроцлава. А на ўсходзе? Тысячы ўраджэнцаў Беларусі, этнічных палякаў і беларусаў, былі вывезены ў Сібір і далей, пасля падаўленняў паўстанняў 1794, 1831 і 1863 гадоў. Гады катаргі і ссылкі яны ператварылі ў часы плённай навуковай і гаспадарчай працы. Вунь Бенедыкт Дыбоўскі адным з першых даследаваў флору і фаўну Байкала, вывучаў камчадалаў, Эдвард Пякарскі даў алфавіт якутам, Ян Чэрскі ― сваё прозвішча горнаму хрыбту, Восіп (Юзаф) Кавалеўскі заснаваў у Расіі манголазнаўства, Адольф Янушкевіч адкрыў Еўропе вочы на качэўнікаў-казахаў, Юзаф Копаць першым апісаў камчадалаў. А колькі жыхароў беларускіх зямель перасялілася ў Сібір у час рэформаў Сталыпіна – аддзеленыя ад свету таёжнымі лясамі, яны і да сёння захоўваюць чысцюткімі беларускія і польскія песні і абрады. А колькі насельнікаў Беларусі было саслана на ўсход у савецкія часы, завербавалася працаваць на БАМ і іншыя будоўлі.
Такім чынам, сумежжа ператвараецца ў велізарную еўраазіяцкую прастору, дзе адбывалася ўзаемадзеянне Усходу і Захаду, сінтэз усходне-славянскай і заходнеславянскай культур, шырэй – праваслаўна-візантыйскіх і каталіцка-раманскіх ды германскіх традыцый. Тут праходзіла іх шматвяковае і, часам, узброенае супрацьстаянне, плённае супрацоўніцтва, узаемаўзбагачэнне. Доказ таму – паэзія Міцкевіча і музыка Манюшкі, віленскае барока і ўнікальныя драўляныя ўніяцкія цэркаўкі на Палессі. Урэшце тут, на скрыжаванні вякоў і этнасаў, нараджаліся і квітнелі самыя прыгожыя ў Еўропе (засведчана многімі пісьменнікамі) дзяўчаты і жанчыны. А ў Беларусі, як сцвярджаў Уладзімір Караткевіч, які неаднаразова бываў на Астравеччыне, сам “Бог жыве” ды талерантны і працавіты народ.
Вось на такім этнічна-культурным сумежжы нарадзіўся і жыве Чэслаў Мекін, мой аднакласнік па Астравецкай школе, сябар па Вільні і Гданьску. На такой інтэлектуальнай прасторы і былі напісаны яго ўспаміны (потым я растлумачу, чаму назваў іх дыярыўшам). Хто ж ён, чалавек беларуска-літоўска-польска-рускага нацыянальнага і гістарычнага сінтэзу: заканамернасць ці рэдкае з яе выключэнне? Такое пытанне з’явілася ў мяне, калі я прачытаў ва ўспамінах апісанне такой сцэны: службовая асоба Астравецкага раёна выказвае жонцы аўтара сваё здзіўленне: як магло так здарыцца, што адзін з братоў, малодшы Зянон Мекін, што памёр нядаўна, быў актывістам Саюза палякаў на Беларусі, а другі, Чэслаў, уваходзіць у Таварыства беларусаў у Польшчы. Як такое магло здарыцца?!
Ды бывае такое, падумалася мне, найчасцей на сумежжы – і ўспомніліся факты з асабістага жыцця. Мой стрыечны брат Эўгеніюш Мальдзіс (па паходжанні, як і я, з даўняга літоўскага роду, бо “malda” па-літоўску – малітва), які ў 1945-1946 гадах хадзіў разам са мной у адну і тую ж беларускую школу ў Гудагаі, потым нечакана для мяне выехаў з сям’ёй у Польшчу, жыў у Хошчне, вывучыўшыся, стаў вядомым мастаком-графікам… І вось мы неяк сядзім з ім у яго доме ў Познані, а ён падцвельвае нада мной: “Jakim ty jesteś pisarzem białoruskim, gdy ja jestem polskim artystą-malаrzem?!” А я яму ў адказ: “A jak ty możesz być nim, gdy ja chronię twój zeszyt z klasy piątej, w którym piszesz o języku białoruskim jako o swoim ojczystym?!” На тым і памірыліся тады і нават узнялі за прымірэнне чарку.Прайшлі гады. Старэйшага за мяне на два гады Эўгеніюша ужо няма ў жывых. Я ж, уваходзячы ў апякунскую раду будучага Астравецкага гісторыка-
краязнаўчага музея, пішу ў Познань ліст удаве брата пані Яніне. Тая перасылае ў Астравец гравюры свайго мужа, а я перадаю туды ж той беларускамоўны сшытак… І нічога – будуць мірыцца экспанаты.
Ну добра, скажа іншы чытач, гэта прыклады з вашага асабістага жыцця. А як яно ўсё было, калі глянуць на праблему сумежжа шырэй і на стагоддзі глыбей? Асмельваюся запэўніць: тое ж самае! На памяць прыходзяць браты Іваноўскія з фальварка Лябёдка былога Лідскага павета, а цяпер Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Першы з іх, Вацлаў, быў відным, хоць і неадназначным беларускім палітычным дзеячам, другі, Тадас, – вядомым літоўскім вучоным-біёлагам, прафесарам Каўнаскага ўніверсітэта, а трэці, Ежы, – дзяржаўным дзеячам, міністрам і сенатарам міжваеннай Польшчы… І неяк ужываюцца яны на старонках энцыклапедычных даведнікаў трох суседніх краін.
А возьмем больш знакавую асобу – Адама Міцкевіча. Палякі яго слушна лічаць геніем сваёй літаратуры, літоўцы не раз даказвалі выключныя правы на яго спадчыну, бо сам сябе ён называў ліцвінам (як нашчадак Вялікага Княства Літоўскага, вядома). А беларусы больш сціпла, але не менш упарта падкрэслівалі, што нарадзіўся і вырас ён на беларускай зямлі, натхняўся беларускай прыродай, узрос на беларускай народнай творчасці. І пісаў нават беларускія вершы.
Аднак вернемся цяпер да аўтара дыярыўша і гданьскай “Хаткі”, дзе адбыліся дзве нашы сустрэчы. У даволі свежым энцыклапедычным выданні пад маёй рэдакцыяй і пад назвай “Сузор’е беларускага памежжа: Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў суседніх краінах” змешчаны з фотаздымкам і яго жыццяпіс, і біяграфічныя артыкулы пра яго дачку, архітэктара і мастачку Галіну Урбан, і пра гаспадыню “Хаткі”, беларускага і польскага гісторыка, якая ў мінулым годзе атрымала ганаровае найменне “Гаспадыня-беларусачка” і прэмію ад уладаў горада Гданьска, Алену Глагоўскую, якая не раз гасцявала на Астравеччыне, і пра польскую і беларускую пісьменніцу – ураджэнку Беласточчыны Анну Сабэцкую, без чыіх дапамогі і намаганняў не выйшаў бы з друку гэты дыярыуш, і пра шмат каго яшчэ, хто гуртаваўся і гуртуецца вакол гасціннай гданьскай “Хаткі”.
З усіх 1534 асобаў “Сузор’я беларускага памежжа” (цяпер рыхтуецца яго другое, істотна дапоўненае і двухтомнае выданне) спынюся яшчэ раз на артыкуле “Мекін Чэслаў”, прысвечаным аўтару дыярыўша. Там паведамляецца, што нарадзіўся ён у сялянскай сям’і 3 лістапада 1930 года ў вёсачцы Стасіна цяпер суседняга з Астравецкім Смаргонскага раёна. Скончыў Астравецкую дзесяцігодку і Вільнюскі чыгуначны тэхнікум. Працоўную ж дзейнасць пачаў тэхнікам чыгункі ў горадзе Вічуга Іванаўскай вобласці. Потым працаваў у Маладзечне і Вільнюсе, дзе не раз сустракаўся з Уладзімірам Караткевічам, які высока цаніў яго назіральнасць і разважлівасць. У 1967 годзе пераехаў з сям’ёй у Польшчу, тут служыў на чыгунцы ў Калабжэгу і Гданьску. Выйшаўшы на пенсію, стаў намеснікам старшыні Беларускага культурнага таварыства “Хатка” ў Гданьску. Прымаў удзел у арганізацыі сумеснага адпачынку, быў удзельнікам Першага і Другога з’ездаў беларусаў свету. І, аказваецца, адначасова рабіў нататкі для дыярыўша.
Урэшце, я павінен патлумачыць, чаму ўспаміны Чэслава Мекіна назваў дыярыўшам. Тэрмін гэты вядзе сваё паходжанне ад лацінскага слова diarium, дзённік. Так у беларускай і суседніх славянскіх літаратурах называўся твор, які складаўся са штодзённых або штомесячных рэальных падзей, і адрасаваны быў, часцей за ўсе, дзецям і ўнукам, нашчадкам. Але значэнне іх, як і ў выпадку з Чэславам Мекіным, часта перарастае ў першапачатковы намер. Ствараецца слоўны вобраз, дакумент эпохі, праўдзівае адлюстраванне жыцця на сумежжы некалькіх суседніх краін.
Нашы нашчадкі знойдуць у кнізе ўспамінаў адказы не на адно сваё пытанне. Будзем чакаць яе перакладу на беларускую мову.
Адам Мальдзіс.
