40 лет работы в управлении "Островецрайгаз" пролетели для Марии Игнатович как мгновение
Сёлета ціха і непрыкметна ва ўпраўленні “Астравецрайгаз” прайшоў своеасаблівы юбілей: 40 гадоў назад сюды – вядома, яшчэ не ва ўпраўленне, а на майстарскі ўчастак Ашмянскай эксплуатацыйна-мантажнай канторы – прыехала па размеркаванні выпускніца Гродзенскага хіміка-тэхналагічнага тэхнікума Марыя Нікадзімаўна Ігнатовіч – прабачце, на той час яшчэ Марыйка Хаценевіч, бо імя па бацьку для дваццацігадовай дзяўчынкі “прыклейвалася” слаба, а прозвішча яна змяніла ўжо ў Астраўцы. Ды, уласна кажучы, і ўчастак тут з’явіўся толькі пасля прыезду Марыі Нікадзімаўны: да гэтага ўсю газавую гаспадарку Астравеччыны – трэба сказаць, невялікую, крыху больш сотні газабалонных установак – прадстаўляла сабой адна дзяўчына, якая сядзела на тэлефоне і прымала заказы, а развозіла балоны машына з Ашмян.Справядлівасці дзеля трэба сказаць, што і Марыя Нікадзімаўна не рвалася “падымаць” газавую гаспадарку Астравеччыны – больш таго, усяляк гэтаму працівілася. Што ўяўляў сабой Астравец узору сямідзясятых, памятаюць многія. І Марыя, у адрозненне ад іншых, хто ехаў сюды па размеркаванні пасля атрымання дыплома, гэта добра ведала: падчас вучобы ў тэхнікуме “пашчасціла” пабываць тут “на бульбе”. Тады і далі сабе зарок дзяўчаты-аднагрупніцы: нават калі будуць накіроўваць у Астравец – нізавошта не паедзем! Але ж нездарма кажуць: хочаш рассмяшыць Бога – раскажы яму пра свае планы…
На размеркаванне Марыя Хаценевіч, адна з лепшых студэнтак, ішла ў ліку першых. І, вядома ж, марыла застацца на сваёй роднай Мастоўшчыне. Ды сяброўка, у якой з-за невысокіх выніковых адзнак выбіраць першае месца працы магчымасці не было, але якая да таго ўжо паспела выбраць сабе мужа з Мастоў, папрасіла саступіць ёй заманлівае размеркаванне – ну як адмовіш? Тым больш што Шчучын, які выпаў Марыі, таксама быў неблагім варыянтам: побач з домам, і пры тым – самастойнае жыццё, не трэба бацькам рабіць справаздачу пра кожны свой крок.
Але калі ўсё было ўжо вырашана і падпісана, яе паклікалі ў абласное ўпраўленне “Гроднааблгаз” і зрабілі прапанову, ад якой Марыя Нікадзімаўна і хацела, ды не змагла адмовіцца: на Астравецкім участку – завал, патрэбен сур’ёзны, адказны і галоўнае – непітушчы чалавек, які мог бы паправіць становішча. На цябе – уся надзея! Выручай!
Усе спробы дзяўчыны адмовіцца ад высокага даверу поспехаў не мелі – і ў лютым 1974 года яна прыехала ў Астравец. Думала – на год-другі, а потым абавязкова вернецца куды-небудзь бліжэй да роднага дома. Аказалася – на ўсё жыццё…
Пасля прызначэння майстрам дыпламаванага спецыяліста ў Астраўцы стварылі цэх звадкаванага газу Смаргонскага міжраённага ўпраўлення, тут з’явіўся аварыйны пост з кругласутачным дзяжурствам вадзіцеля і слесара.
– Хоць спажыўцоў газу на той час у раёне было няшмат: людзі, асабліва вяскоўцы, напачатку пабойваліся зручных, але пры неасцярожным абыходжанні небяспечных новаўвядзенняў, – успамінае Марыя Нікадзімаўна. – Гэта ўжо ў васьмідзясятых гадах, калі разабраліся, якія выгоды прыносіць “блакітнае паліва”, пайшла масавая газіфікацыя і ўстаноўка газабалонных установак. Да нас нават была “прыпісана” спецыяльная аўтамашына з Гродна, якая прыязджала з усім абсталяваннем і газавымі плітамі. Тады за месяц устанаўлівалі па 200 газабалонных установак – амаль столькі ж было ў раёне, калі я прыехала сюды працаваць.
Справядлівасці дзеля трэба адзначыць, што да таго часу змяніўся і сам цэх. У яго з’явілася ўласная “кантора” – пад яе быў абсталяваны “фінскі домік” (да таго “газавікі” займалі пакойчык у будынку камунгаса на вуліцы Набярэжнай). Сваімі сіламі, гаспадарчым спосабам, пачалі будаваць склады, гаражы… Потым – рэканструяваць базу, прыводзіць яе ў адпаведнасць сучасным патрабаванням. Так што Марыя Нікадзімаўна ўсё жыццё займаецца не толькі развіццём газавай гаспадаркі раёна, але і будаўніцтвам: то будуе, то дабудоўвае, то рамантуе, то рэканструіруе, то мадэрнізуе….
У 1995 годзе была праведзена першая рэканструкцыя вытворчай базы, адрамантаваны і пераабсталяваны адміністрацыйна-бытавы корпус, гаражы, пабудавана аўтазаправачная станцыя. 2001 год – другая хваля рэканструкцыі, на гэты раз – вытворчай базы: пабудаваны новы склад для балонаў, стары пераабсталяваны для захоўвання матэрыяльных каштоўнасцей. Паралельна ішлі работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Затое сёння гэта – адна з самых прыгожых і ўтульных вытворчых баз Астраўца – нездарма ж у 2008 годзе ў раённым аглядзе-конкурсе яна была прызнана адным з прызёраў спаборніцтва. Ды і газавую гаспадарку раёна сёння не параўнаць з той, якой яна была сорак гадоў назад.
У 1991 годзе ў Астравецкі раён прыйшоў прыродны газ – у многім дзякуючы таму, што побач прайшоў газаправод “Мінск-Вільнюс”. Першым спажыўцом прыроднага газу стаў тагачасны калгас “Шлях Леніна”, калі дакладней, то вёска Лазоўка, затым – Палушы. У 1992 годзе прыродны газ прыйшоў і ў Астравец – была газіфікавана гарадская кацельня і кватэры ў шматпавярховых дамах мікрараёна Валадарскага.
Сёння прыродны газ падведзены да ўсіх аграгарадкоў і многіх іншых вёсак раёна. І гэтак жа масава, як у васьмідзясятых гадах ішла ўстаноўка ў дамах і кватэрах газавых пліт, зараз вядзецца газіфікацыя прыродным газам – сёння ў раёне тры з паловай тысячы яго спажыўцоў, і колькасць іх павялічваецца нават не штогод – кожны месяц. А вось уладальнікаў балонных установак, наадварот, становіцца менш – на сённяшні дзень іх засталося 7,8 тысяч. Па-першае, з-за таго, што многія пераходзяць на прыродны газ. А па-другое, як гэта ні сумна канстатаваць, вёскі нашы ўсё больш старэюць і пусцеюць...
Пэўная рэарганізацыя за гэты час адбылася і ў газавай гаспадарцы раёна. У 1992 годзе ў Астраўцы быў створаны самастойны цэх прыроднага і звадкаванага газу, а ў 2001 годзе – вытворчае ўпраўленне “Астравецрайгаз”.
І ўсе змены, што адбываліся ў газавай гаспадарцы раёна на працягу апошніх сарака гадоў, праходзілі пад кіраўніцтвам Марыі Нікадзімаўны Ігнатовіч – адзінай у Гродзенскай вобласці жанчыны, якая так доўга і плённа кіруе такой зусім не жаночай галіной. Хоць, па вялікаму рахунку, яна ніколі не марыла стаць газавіком (напэўна, было б дзіўна, калі б пятнаццацігадовая дзяўчына марыла пра такую прафесію) і ў хіміка-тэхналагічны тэхнікум, ды яшчэ на такую “не дзявочую” спецыяльнасць, трапіла выключна па збегу абставін, а вышэйшую адукацыю ў Беларускім політэхнічным інстытуце атрымлівала, што называецца, “наўздагон” – коней на пераправе не мяняюць. І ўжо тым больш не марыла і не хацела Марыя Нікадзімаўна жыць і працаваць у Астраўцы. І тым не менш наш горад стаў для яе родным домам, дзе жывуць яе блізкія, сябры, добрыя суседзі, дзе яе праца – справа, якой аддадзена, лічы, усё жыццё.
Ды што там – ужо і для маці Марыі Нікадзімаўны гэты край – амаль што другая радзіма, бо ўжо больш як дзесяць гадоў, пасля таго, як дачка забрала яе да сябе, Вера Паўлаўна жыве ў Малях. І зараз у Марыі Нікадзімаўны для адпачынку – маральнага і фізічнага – ёсць непадалёк ад іх добраўпарадкаванай кватэры ў Астраўцы “домік вокнамі ў сад”, дзе яе штодня чакае мама і дзе марыць разводзіць кветкі і вырошчваць памідоры пасля таго, як пойдзе на заслужаны адпачынак, яна сама…
…Веруючыя людзі ўпэўнены, што Бог заўсёды ведае, якой сцежкай весці нас па жыцці, – трэба толькі даверыцца яму, хоць гэта часам бывае няпроста, не працівіцца яго волі, нават калі ты нечага не разумееш у вышэйшым Божым промысле ці нават не пагаджаешся з ім. Прыйдзе час – і зразумееш усю мудрасць і справядлівасць старой, як свет, ісціны: усё, што ні робіцца – да лепшага…
------------------
Ніна РЫБІК.
