Мастак з душой казачніка Яўген Трусевіч з Астраўца
Што ёсць талент? Пуцяводная зорка, услед за якой ты крочыш сам і вядзеш іншых, менш таленавітых? Магічны крышталь, скрозь які ў нязменнай палітры вясёлкі можна разгледзець восьмы і нават дзявяты колер? Сродак заробку матэрыяльных даброт? Бясконцы пошук? Сумненні? Усплеск эйфарыі ад створанага? Унутранае незадавальненне сабой, вынікамі сваёй працы, ад якога да дэпрэсіі – паўкроку? Што ёсць талент? Падарунак нябёсаў ці іх пакаранне?..
Талент, напэўна, – усё пералічанае і шмат што яшчэ. І ў кожнага ён свой, асаблівы. А аднолькава-абавязковае ў ім толькі адно: не заўважаць яго ў сабе забараняецца. А дазваляецца: распазнаць і культываваць. Каб потым усё жыццё радавацца – і пакутаваць, пакутаваць – і радавацца…
Яўген Трусевіч любіў маляваць заўсёды – колькі памятае сябе, столькі ж – і аловак у сваёй руцэ. І асэнсаванне таго, што ў дарослым жыцці ён пойдзе па дарозе мастацтва, прыйшло да хлопца рана – яшчэ ў пятым класе.
–Мой тата, Эдуард Юсцінавіч, па натуры – мастак, – расказвае Жэня. – Ад яго я, падобна, і атрымаў у спадчыну гэтае неўтаймаванае жаданне пераносіць на паперу або палатно ўбачанае, перажытае, прыдуманае. У дзяцінстве вельмі любіў маляваць старажытныя замкі, вакол якіх прыдумваў потым цэлыя гісторыі. Падабалася пісаць пейзажы.
У сярэдняй школе № 1, у якой вучыўся Яўген, яго здольнасці хутка заўважылі – яму пачалі давяраць афармленне розных стэндаў, выпуск школьнай насценнай газеты. А з часам нават арганізавалі выстаўку яго работ – спачатку ў школе, а потым у кінатэатры.
Прайшлі гады, і нядаўна ўжо ў Доме культуры адкрылася выстаўка работ мастака-афарміцеля раённага аддзела культуры Яўгена Трусевіча. Малады мастак прадставіў на суд землякоў чатырнаццаць работ: пейзажы, нацюрморты, партрэтныя малюнкі…
За час паміж дзвюма выстаўкамі Жэня паспеў закончыць факультэт дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Магілёўскага дзяржаўнага вучылішча культуры імя Н.К. Крупскай і атрымаць спецыяльнасць “мастак-майстар-выкладчык”.
У адпаведнасці з праграмай навучання ён паспрабаваў сябе ў скульптуры, разьбе па дрэве, кераміцы і, вядома ж, у жывапісе. І ўсе разгалінаванні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва скарыліся хлопцу амаль з першага разу. Яму падабаецца працаваць і з дрэвам, і з глінай, і з гіпсам. Вось толькі займацца “в миру” гэтымі жанрамі няпроста – для керамікі патрэбна печ для апальвання, для разьбы – адпаведна падрыхтаванае дрэва адмысловых парод, станкі для заточкі разцоў і г.д.
Вядома, і фарбы для жывапісу – не самая танная рэч, але іх набыць усё ж можна, ды і раённы аддзел культуры дапамагае.
– Жывапіс, – гаворыць Яўген, – гэта для мяне магчымасць стварыць свой уласны свет. У маіх пейзажных работах няма, так бы мовіць, канкрэтных “правобразаў” – яны збіральныя. У адным месцы падгледзеў, як цені ад соснаў раздзяляюць лясную дарогу на лесвічныя пралёты, у другім – як сонечныя промні скачуць па лістоце бярозы… Вось так па фрагментах і складваецца чарговая карціна.
Жэня сцвярджае, што яго амплуа – рэалізм. Што ў сваіх работах ён імкнецца да фатаграфічнай перадачы рэчаіснасці…
Прызнаюся, падобная заява мастака спачатку крыху расчаравала. Не тое, каб я зусім не ўспрымала рэалізм у сучасным мастацтве, але простая калька наваколля… Навошта яна ў сённяшнім свеце, запоўненым звышадчувальнымі “кэнанамі”, “кодакамі” і іншымі “лічбавікамі”? Жывапіс – прынамсі, для мяне – цікавы эмацыйнай афарбоўкай, не дакладнай перадачай аб’екта, а адносінамі да яго аўтара работы. І справа не ў тым, прымаю я ці не аўтарскі ракурс – галоўнае, што ён ёсць, што прымушае думаць, што “дастае” мае пачуцці сваёй энергетыкай…
…Дастаткова было беглага погляду на работы Яўгена Трусевіча, каб уздыхнуць з палёгкай – няма на выстаўцы ніякага капіравання! Кожная прадстаўленая там карціна пададзена праз прызму светаадчування аўтара. Нават рэалістычныя партрэты. Нават “мёртвая натура” – нацюрморты. А пейзажы…
У пейзажных работах Жэні жыве таямнічасць – “там чудеса, там леший бродит…”. Не, самаго лешака на карцінах няма, але толькі што быў – не верыце, спытайцеся ў самаго мастака. І русалка сядзела на тоўстай галіне. І кот вучоны…
Пейзажныя работы Яўгена Трусевіча – гэта казкі, напоўненыя святлом і дабрынёй. Такая, відаць, у маладога мастака нават не манера пісьма – душа. Душа казачніка.
Ганна ЧАКУР.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.