100-летний юбилей отметила жительница Островецкого района Гелена Антоновна Бицкевич
Маленькая, рухавая, усмешлівая… Жанчына з выдатнай памяццю і яркай, вобразнай мовай… Такая яна – Гэлена Антонаўна Біцкевіч, жыхарка вёскі Ігнацова Астравецкага раёна, якая ў мінулы аўторак адзначыла 100 год з дня нараджэння.Дзверы яе дома ў гэты марозны дзень не зачыняліся: дзеці, унукі, праўнукі, сваякі і суседзі спяшаліся выказаць юбілярцы словы падзякі і захаплення.
Павіншаваць Гэлену Антонаўну з круглай (круглей не бывае!) датай прыехалі і прадстаўнікі раёна: намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва С.М. Іванова, начальнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва В.І. Ждановіч, старшыня Варнянскага сельсавета А.Ч. Вярбовіч. Яны падарылі шаноўнай юбілярцы кветкі і ў якасці падарунка – мікрахвалёвую печ.
– Ці многа гэта – сто гадоў? – пытаюся ў жыхаркі вёскі Ігнацова Гэлены Антонаўны Біцкевіч, якая 21 студзеня 2014 года адзначыла свой векавы юбілей.
– Як вам сказаць… Гэта, як у старым анекдоце, калі дзяўчына на провадах свайго хлопца ў армію плача, што яго доўга не будзе. “А што там доўгага? – супакойвае яе навабранец. – Зіма-лета, зіма-лета – і вярнуся”. Вось і ў мяне так: зіма-лета, зіма-лета, і раптам гоп – і сто гадоў. Нібы і не жыла… Хоць што гэта я? Жыла, канешне. І нажыла, і перажыла – усё калі прыпомніць, дык у гэтую хату не ўлезе…
Мой тата вырас ў горы: малым яшчэ быў, калі бацькі пазміралі, пакінуўшы сіротамі шасцёра дзяцей. Як маглі, так адзін аднаго і гадавалі – з шасці гадоў ішлі ў найміты.
Калі тата падрос, дзядзька забраў яго ў Нова-Вільню. Дзядзька меў там свой магазінчык і стадолу пры ёй, каб праезджы мог коніка нанач паставіць. І дом на два канцы. І шмат кватэр, якія здаваў жыльцам. Тата ўладкаваўся на фабрыку кос, а па вечарах дапамагаў дзядзьку ў ягоных патрэбах. Потым тату забралі ў армію. У царскую, канешне ж.
А калі ён вярнуўся, зноў стаў працаваць на касавой фабрыцы. І бралася яму ўжо пад трыццатку – самы час жаніцца. Новавілейскі дзядзька падсватаў яму сваячку з Падварышкаў, Апулёнію Карлаўну. Дзяўчыне было 19 гадоў, і яна даглядала хворую маці, якая ўжо не ўставала з ложка.
Шлюб бралі ў Быстрыцы, а жыць вырашылі ў Вілейцы. Не паспелі туды дабрацца, як іх дагнала тэлеграма: памерла маці…
У студзені чатырнаццатага года нарадзілася я. Роды прымала суседская бабулька – параіла маме спіну ля печкі пагрэць, тая пагрэла – і тут жа мяне нарадзіла. У Вілейцы. Так што я – гарадская.
У серпні (от месяцы я ведаю толькі па-польску) паехалі яны ў Падварышкі – дапамагчы мамінаму брату на жніве. Мяне пад копку пасадзілі. А што? Ужо восьмы месяц ішоў – самастойная дзяўчынка. А самі жнуць… І зараз жа бачаць: чалавек на кані едзе. Вязе тату загад: ісці на вайну…
Мама расказвала, пасадзіў тата мяне на плячо, пагушкаў, потым маму прытуліў да сябе, заплакаў і пайшоў…
А мама мяне на рукі – і ў Вілейку. А з чаго жыць? На працу не ўладкавацца – і я малая, і вайной якая праца! Дажыліся – хоць брук грызі. Нарэшце не вытрымаў мамін брат – запрог каня і прыехаў па нас. Сталі мы жыць у Падварышках. А там і сваіх дзяцей прорва – абы да вясны без голаду дажыць. Мама дапамагала брату і сеяць, і малаціць… А ён даваў нам хлеба і бульбы. За малако мама плаціла. Праўда, калі жонка не бачыла, брат, хаваючыся, падліваў у наш збанок шклянку-другую бясплатна…
А яшчэ ў Ігнацове быў у таты кавалачак зямлі… Бацькоўскай хаты не засталося, а поле было – яго абрабляў Данюш, аддаючы маме траціну ўраджаю: два снапы сабе, трэці – нам. Але на траціне тлушчык не нагуляеш…
Жыла ў Ігнацове ўдваіх з сынам, маім аднагодкам, татава сястра. Спачатку яна прапанавала маме пасадзіць агародзік ля яе хаты – частка зямлі ўсё роўна «гуляла». Пасадзіла мама ўсялякія там бурачкі-цыбульку, але чужыя куры здзёрлі грады ўшчэнт. Тады вясковае начальства вырашыла паклапаціцца пра салдатку і прызначыла старую кабету сядзець на лаўцы і адганяць курэй з маміных градак…
Неўзабаве свае пажыткі мы перанеслі ў цётчыну хату. Вось толькі была яна без коміна – цеплілася па-курнаму. Пакуль дровы гараць, дзверы на вуліцу адчынены. Нават зімой, у мароз. Холадна, дык мы са стрыечным братам, залезем на печ, дыхнём два-тры разы дыму і кулём на вуліцу – адкашляцца. Босыя, па снезе… Замерзнем у ногі – шмыг на печ. А там дым! Так і бегаем палову дня, пакуль печ выцепліцца. І не хварэлі чамусьці…
Яшчэ адна татава сястра была замужам за заможным чалавекам, які разам са сваімі братамі арандаваў панскія землі ў Майшаголе. Пашкадавалі яны маму, склаліся і купілі нам кароўку. І трэ было пераправіць карову праз Вяллю. А сама вясной, калі вялікая вада. Пасадзіў гаспадар каровы маму ў лодку, даў вяроўку ў рукі: “Глядзі, каб карова вады ў вушы не набрала”. А сам сеў на вёслы. Рэчка вясновая, бурлівая, ад каровы з вады адны рогі тырчаць. На бераг мама ледзь выйшла – рукі-ногі ад страху дрыжэлі, бо не ўмела плаваць. Затое з кароўкай у нас ужо зусім іншае жыццё пачалося!
Вайна, між тым, закончылася. Сталі салдаты дадому вяртацца. А нашага няма. І на свеце – ніякага спакою: “белы” “чырвонага” шукае, “чырвоны” – “белага”. Са стрэльбамі па вёсцы ходзяць, расстрэлам пагражаюць.
Потым сталі вяртацца тыя, хто быў у палоне. І сярод іх таты не аказалася...
– Загінуў, – папаўзлі па вёсцы чуткі. – Ляжыць недзе бядак у агульнай магіле – неадспяваны, неасвенчаны…
Зразу шапталіся, а потым і гучна загаварылі. Кончылася тым, што да мамы пасватаўся хлопец з вёскі. Маўляў, дагледжу і цябе, Апулёнія, і тваё дзіця. Толькі мама адмовіла. “Антук жывы і хутка вернецца”, – сказала. Яна ж па варажбітох лётала, пра тату выпытвалася. І тыя, усе як адна, сцвярджалі: жывы, пры нейкіх чырвенных, вернецца....
Толькі таты ўсё не было…
Мы ўжо і чакаць перасталі. А ён узяў і вярнуўся. У 1919 годзе.
Пасадзіў мяне (гэта я ўжо добра памятаю) сабе на калена, гладзіць па галаве: “Зусім мая Гэлечка вялікая вырасла…” А мне страх – што за дзядзька такі, што яму ад мяне трэба?..
Аказалася: у першыя дні вайны трапіў тата ў палон. Морам іх вязлі. Без ежы, без вады. А яшчэ і калыша ад вады – ажно душа пераварочваецца. Многія на тым караблі пазміралі, а тата вытрываў. Вядома, з маленства да бяды ды голаду прывучаны быў.
Аддалі яго багатаму пану. Гаспадарка ў таго і дзве дачкі. Надта любілі, расказваў тата, зялёных жабкаў есці. Напякуць і аб’ядаюцца. І тату колькі разоў прапаноўвалі, толькі не мог ён – на ваніты цягнула.
Курэй у пана было, можа, сотні.
Спытаўся ён з самага пачатку ў таты:
– Ці ты, Антак, любіш яйкі курыныя?
Тата быў не дурны, зразумеў панскую цікаўнасць.
– Не, – кажа, – паночку. З мА ленства як аб’еўся яйкамі, дык з таго часу – а ні ў гэмбу…
Пан і рады: гут, гут… А тата крадком набярэ ў кошык яек, колькі яму хочацца, схаваецца і вып’е. А лускі закапае ў зямлю.
Затое і сілы меў працаваць: араў, касіў, малаціў, кароў даіў…
Упадабаў яго гаспадар. Не хацеў адпускаць, як вайна скончылася.
– Бяры, – кажа, – каторую дачку за сябе. І будзеш мне кампаньёнам.
Падзякаваў тата нямецкаму пану за такую прапанову, але адмовіўся.
– Сам, – кажа, – сіратой рос. Не хачу, каб маё дзіця пры жывым бацьку сіроцкую долю спазнала.
І вярнуўся. Павесялелі мы. Здавалася, і дым не так вочы выядаць стаў. А потым тата з мамай нацягалі з лесу бярвення і зладзілі сваю хатку. Маленькую, затое з комінам. Хатка ёсць, а ў хатцы – няшмат. Затое дзеці пайшлі – адзін за адным. А я з маленства – у заробкі. Няма ў ваколіцах такога поля, каб я на ім не жала ці з-пад касы не падбірала. І на сваім завіхалася – тата стаў сам сваю зямлю абрабляць. Бяда толькі, што не меў ні каня, ні плуга – за ўсё трэ было плаціць.
А потым нам моцна пашанцавала. У Майшагольскай заможнай радні захварэла кабылка, ветэрынар паглядзеў і кажа: “Трэба тэрмінова забіваць, каб астатнія коні не заразіліся”. Ну і сабраліся ўжо кабылку даразаць. А тут тата: “Аддай, швагер, мне. Дасць Бог, я яе адратую”.
Прывёў ён кабылку ў наш двор. Страшная, ледзь жывая. Памятаю, як тата кабылку лячыў: сухі курыны гной запаліць і прывяжа ёй на шыю. Так і вылечыў. Вось тут мы ўжо зажылі! Сядзем са стрыечным братам на воз і едзем у лес па дровы – паны панамі!
Тата гэтыя дровы ў вязанкі вязаў і ў Вільню прадаваць вазіў. Цукру потым купіць, хлеба. А яшчэ наша вёска з гары жыла – унутры вунь той горкі была вапна. Ігнацоўскія яе выкопвалі і прадавалі яўрэям у Быстрыцу. І мы са стрыечным братам капалі, а тата потым вазіў прадаваць.
У школе? Вучылася. Два гады па два зімовых месяцы пахадзіла я ў школу, і на тым мая навука скончылася. Працаваць трэ было. І з малымі сядзець – акрамя мяне, у мамы з татам яшчэ шэсць душ нарадзілася. Апошняя, калі мне ўжо за 20 пераваліла.
Франак, брат, што пасля мяне нарадзіўся, зазлаваўся, калі даведаўся, што мама зноў цяжарная. “І так на лаўцы цесна ад галодных ратоў. Куды яшчэ?! Ад людзей сорамна…” Але калі сястрычка нарадзілася, нарадавацца на яе не мог. Прыйдзе з поля – і да калыскі. І гушкае, і смешыць…
Перш чым на вайну з другім немцам пайсці, выкапаў ён на гародзе вялікую яму. Сказаў маме: “Ад снарада, вядома, не абароніць, а куля не праб’е. Схаваешся туды з малой, калі што якое”. Я сама тады залажыла нашу кабылку і адвезла яго ў Астравец у ваенкамат. Назад Франак не вярнуўся – загінуў…
…А замуж я позна пайшла. То за работай свету не бачыла, то вайна зноў распачалася. А потым тата захварэў. Раздзёр прышчу на шыі. І так яна разранілася, што гной ручаём цёк. Нікому тата не давяраў рабіць перавязкі – толькі мне. “Ад тваіх рук, Гэльця, не так баліць”, – казаў. Два гады хварэў.
Прыязджалі да мяне сваты. Прыехаў, памятаю, адзін удавец. Няўдалаваты, але пры грашах.
– Дзеці ў мяне, – кажа, – ужо ёсць. Так што мне не трэба кабета да ложка, мне трэба гаспадыня для дома і для маіх дзяцей.
Не спадабаўся ён мне, дык я яму ў адказ:
– А я дык і супраць ложка нічога не маю…
Хоць справа была не толькі ў тым, што не спадабаўся, – пастанавіла я сабе тату дагледзець да смерці. Ён жа не кінуў мяне ў сіротах – на такое гора ад сытых немцаў вярнуўся…
Толькі пастанавіць – адно, а як выцерпець, калі ў суседнім доме гармонік грае, сэрца рве? Паляціш, бывала, полечку-дзве перакруціш і назад – мяняць тату павязку, бо бруд плыў страшна…
Памёр тата, пахавалі. Сышла жалоба – можна і замуж. Толькі мне ўжо 32 гады. Праўда, на выгляд мне столькі не давалі, але ж…
А ў суседстве быў хлопец, Іосіф Біцкевіч. Лічы, мой равеснік. Раслі разам. З вайны ён вярнуўся параненым у нагу. Зрабілі некалькі аперацый, але некалькі асколкаў у назе ён так і пранасіў да самай смерці. Ды гэта не перашкаджала яму не прапускаць ніводных танцаў у ваколіцы. Ясная рэч, нарадавацца чалавек не мог, што ацалеў.
І глянулася яму дзяўчына з суседняй вёскі. Маладзенькая, 18 гадоў. Вось у суботу на танцах дамовіўся Юзюк з гэтай дзяўчынай, што ў наступную прыйдзе да яе ў сваты.
Усе пра гэта ведалі. І я, канешне. Вось і сон прысніўся, што ўбраная я за маладую і іду з Біцкевічавым хлапцом. А ён мне падае пярсцёнак. “Мусіць, запросіць мяне Юзюк у “асустэнткі” па-суседску”, – кажу раніцай сястры.
Прыйшла тая субота. Стаў збірацца мой сусед у сваты. А маці яго адгаворвае: што ты, сынок, будзеш рабіць з такой маладой? Ёй жа танцы ў галаве, а ты і немалады, і паранены…
За свата меўся быць Фелікс Кручынскі, ягоны дзядзька. Прыйшоў Фэлька, сеў на покуці.
– А чаму ты, Юзаф, Курылянку не бярэш? – пытаецца.
– Яна за мяне не хоча, – адказвае той.
– А ты ў яе пытаўся?
– Не…
– Дык як жа яна за цябе пойдзе, калі ты ёй нічога не казаў? – за мяне цягне кант Фелікс.
– А як я ёй скажу?
– Як усе кажуць…
– Няхай мама сходзіць і спытаецца, – спусціў галаву Юзаф.
Узяла ягоная маці паўлітра і прыйшла да нас. Адным словам, дзяўчына з суседняй вёскі так і не дачакалася Біцкевічавых сватоў. А мы падалі на запаведзі…
Перажылі разам усяго і ўсялякага. Пяцёра дзяцей выгадавалі. Хату дабудавалі. Працавалі ў калгасе, нястачу спазналі, асабліва ў першыя калгасныя гады. І хваробы не абышлі нас. Але адзін аднаго, як маглі, выцягвалі з бяды. Не скажу, што мой муж быў такім ужо непітушчым – выпіваў, не адмаўляўся. Але свой век я пражыла нябітай – ні разу не падняў на мяне рукі…
Даўно ўжо яго няма…
І старэйшых сыноў Бог забраў: Антона і Лявона. Сын Іван жыве ў Астраўцы, дачка Тарэса – тут, праз пару хат. А я пры самым малодшым, пры Чэську. Раней я за ім даглядала, цяпер – ён за мной. І блінка мне спячэ, і бурачка зварыць. Толькі з мяне і клопату, што з абеду ў акно выглядаю: ці не вяртаецца мой сынок з работы? Кабанчыка трымаем. Раніцай і вечарам Чэсь яму вынесе, а ў абед – я. Пакуль снег не лёг, лягчэй было, а цяпер палка правальваецца – і я за ёй услед. Але ж мушу занесці – не будзе ж жывёліна галадаць толькі таму, што яе гаспадыні да ста гадоў уздумалася жыць?!
Доўга… Страх падумаць: сто гадоў!.. І так імгненна – нібы ветрык па полі прабегся…
-------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.
