100-летний юбилей отметила островчанка Болеслава Александровна Шадура

100 лет бабушкеСто гадоў адзначыла на мінулым тыдні жыхарка Астраўца – Баляслава Аляксандраўна Шадура. Павіншаваць жанчыну з такой значнай падзеяй накіраваліся старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ірына Фёдараўна Раткевіч і загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Валянцінаўна Сафранкова.

Большую частку свайго жыцця Баляслава Аляксандраўна пражыла ў вёсцы Дзедукі Лідскага раёна. За 100 гадоў перажыць давялося многае – былі радасці і цяжкія хвіліны, нараджэнне дзяцей і гады ліхалецця, калі на нашых землях ішла крывапралітная Вялікая Айчынная вайна. Але Баляслава Аляксандраўна не апускала рукі і працавала – шмат і старанна. Спачатку на ферме, потым – паляводам, ды і пасля выхаду на пенсію не сядзела, склаўшы рукі – работы хапала заўсёды, і жанчына яе не баялася.
З 1980 года Баляслава Аляксандраўна жыве на Астравеччыне. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, яна не дазваляла сабе ленавацца і тут – уладкавалася прыбіральшчыцай у гарадскую школу і працавала яшчэ не адзін год.
За сваё жыццё Баляслава Аляксандраўна нарадзіла і выхавала двух сыноў. Сёння яе акружаюць і дораць любоў і ласку чатыры ўнукі і сем праўнукаў, якія жадаюць сваёй бабулі і прабабулі дачакацца яшчэ і прапраўнукаў.

Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.